ВЯЛІКІ ПАКУТНІК ПАНЦЕЛЯЙМОН



Імя святога Панцеляймона ведае, бадай, кожны. Здаецца, няма на свеце чалавека, які аднойчы не звярнуўся б да яго па дапамогу ў хвіліны цяжкай хваробы. А між тым, аб жыцці гэтага святога, вялікапакутніка, лекара ведае далёка не кожны. 9 жніўня хрысціянская царква ўрачыста ўшанавала яго памяць.

Святы Панцеляймон нарадзіўся ў сям’і знатнага і багатага чалавека Яўсторгія, язычніка па душэўным складзе, і хрысціянкі Явулы ў горадзе Нікамідзіі, які знаходзіўся ў Віфініі – паўночна-заходняй вобласці Малой Азіі.

Час жыцця святога вялікапакутніка супаў з перыядам праўлення бязбожнага імператара Максіміяна, апошняга жорсткага правіцеля Рымскай імперыі, актыўнага ўдзельніка працэсу вялікага ганення на хрысціян. У гісторыю царквы ён таксама ўвайшоў як кіраўнік, які ажыццявіў найжорсткае ў гісторыі злачынства – у царкве былі спалены 20000 хрысціян.

Ад нараджэння імя вялікага лекара было Панталеон (з грэчаскай мовы – “ва ўсім леў”). Характэрна, што ў тыя даўнія часы верылі, што імя вырашае будучыню чалавека. Называючы так сваё дзіця, бацькі вялікага хрысціянскага пакутніка думалі, што іх немаўля будзе мужным чалавекам, сілай духу будзе нагадваць ільва.

Звыклае нам імя святы атрымаў ад самога Госпада Ісуса Хрыста незадоўга да сваёй пакутніцкай смерці. Называючы “Панцеляймон” (з грэчаскай – “усяміласцівы”), Збаўца паведаміў народу аб тым, якую благадаць атрымлівае святы: мілаваць, вылечваць тых, хто звяртаецца да яго ў жыццёвых няўдачах, горы і хваробе.

Аднак яшчэ пры жыцці святы Панцеляймон неаднаразова паказваў цуды вылечвання хворых, хто прыходзіў да яго. Пры гэтым, трэба адзначыць, вялікапакутнік ніколі не ўтойваў – галоўным лекарам з’яўляецца ніхто іншы як Бог. Толькі звярнуўшыся да Госпада, памаліўшыся яму, хворы атрымае поўнае выздараўленне. Вылечыўшы сляпога ад нараджэння і ляжачага ад смяротнай хваробы, ён, звярнуўшыся да Госпада Ісуса Хрыста, уваскрэсіў і дзіця, укушанае яхіднай. Цудам вылечвання таксама можна назваць далучэнне некалі дбайнага язычніка, бацькі Панцеляймона, Яўсторгія да ісцін хрысціянскага вучэння і знішчэнне ім некалі любімых ідалаў.

Для большасці тагачаснага грамадства Панцеляймон доўгі час быў усяго толькі здольным вучнем лекара Еўфрасіна, юнаком, які дасканала засвоіў граматыку і медыцыну, а за знешне прывабны выгляд стаў набліжаным самім імператарам да дварца. Але разам са знешняй, цялеснай прывабнасцю святы валодаў унутранай, духоўнай прыгажосцю. Пасля смерці бацькі Панцеляймон раздаў велізарную маёмасць тым, хто жыў у нястачы, рабоў адпусціў на волю. Ён наведаў тых, хто, як апавядае жыццеапісанне святога, знаходзіўся ў кайданах. Акрамя таго, многія атрымлівалі ад яго вылечванне цяжкіх, невылечных хваробаў. Ён дапамагаў кожнаму, не чакаючы ўзамен узнагароды.

Калі імя Панцеляймона стала шырока вядомае і пачало прыцягваць да яго мноства людзей, гэта выклікала зайздрасць і варожасць з боку іншых лекараў. Не ведаючы, як дапякчы праведніку, яны данеслі на Панцеляймона імператару. А пасля таго, як прыдворныя жрацы “правалілі” выпрабаванне ў выяўленні сапраўднага богаўшанавання, ворагаў святога стала яшчэ больш. “Калі ён застанецца ўжывых, то прынізяцца ахвярапрынашэнні багам, і мы будзем абсмяяныя хрысціянамі; загубі яго, о, цар, як мага хутчэй,” – шапталі яны наперабой імператару.

Жаданне ворагаў святога вялікапакутніка было задаволена. Спачатку Максіміян загадаў павесіць аголенага пакутніка на дрэве пакутаў і жалезнымі кіпцюрамі раздзіраць яго цела, абпальваючы рэбры гарачымі свечкамі. Потым загадаў растапіць волава ў вялікім катле (тэмпература плаўлення волава 231,9 градуса па Цэльсію) і кінуць туды Панцеляймона.

Гасподзь, з’явіўшыся ў вобразе прэсвітара Ермалая, духоўнага настаўніка святога, падтрымліваў пакутніка. Ніякія здзекі не змаглі нанесці шкоды ўгодніку Божаму.

Наступныя выпрабаванні – намер імператара ўтапіць святога, прывязаўшы велізарны камень на шыю і кінуць у мора, аддаць на разарванне галодным звярам – толькі ўмацоўвалі ў Панцеляймоне веру.

Жыццё святога скончылася 27 ліпеня (9 жніўня) 305 года. Недалёка ад таго месца, дзе адсеклі галаву лекара, расла масліна. У момант смерці святога Панцеляймона яна пакрылася маслінамі, зверху данізу, чым вельмі здзівіла народ, які там прысутнічаў.

Імператар, пачуўшы аб цудзе, які адбыўся, загадаў ссекчы масліну і спаліць разам з целам пакутніка. Аднак ні чалавечая злосць, ні сіла агню, якая здольна спапяліць усё навокал, не змаглі нанесці шкоду Божаму ўгодніку. Пасля таго, як агонь згас, хрысціяне, дачакаўшыся ночы, з ушанаваннем пахавалі цела святога.

Сёння мошчы вялікапакутніка знаходзяцца ў розных кутках свету. Яго галава з’яўляецца адной з найгалоўнейшых святыняў Свята-Панцеляймонава манастыра, аднаго з найбуйнейшых манастыроў святой гары Афон (Грэцыя). Па паданні, заснаваў манастыр яшчэ сам святы роўнаапостальны князь Уладзімір, хрысціцель Русі.

Святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона аднолькава ўшаноўваюць хрысціяне як праваслаўнага веравызнання, так і каталіцкага. Акрамя таго, звяртаюцца па яго дапамогу і мусульмане. Будзем звяртацца да яго і мы, усклікаючы: “Святы ойча, Панцеляймоне, малі Бога аб нас”.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/