Вялікі пост



У праваслаўных вернікаў — Велікодны пост. Ён працягваецца сорак дзён ва ўспамін саракадзённага посту Госпада Ісуса Хрыста ў пустыні перад выхадам на сваё хвалебнае служэнне. Разам з тым, з надыходам поснага перыяду рэдка якія СМІ абыходзяць сваёй увагай гэты момант нашага жыцця.

Здавалася б, пра пост сказана вельмі многае. Што яшчэ можна сказаць? Тым не менш, не кожны ведае, як праходзіць пост у саміх манастырах, як праходзяць яго людзі, якія назаўсёды вырашылі звязаць сваё жыццё са служэннем Богу. Напружанасць нашага жыцця, штодзённая мітусня і пагоня за кавалкам хлеба не даюць магчымасці звычайнаму чалавеку апынуцца хаця б на тыдзень у той атмасферы, у якой праводзіць яе манах. Між тым, цікавасць да гэтага пытання, як паказвае практыка, вялікая. 3 правядзеннем самага складанага тыдня Велікоднага посту я хачу пазнаёміць чытачоў.

Пачаць хачу з Даравальнай нядзёлі, якая прадпачынае Святую Чатырохдзясятніцу (па колькасці дзён, якія складаюць Велікодны пост, не ўключаючы Страсную сядміцу). Гэты дзень набыў назву па дзеянні, якое здзяйсняецца ў канцы вялікай вячэрні — чын даравання, калі кожны, колькі ні было б народу ў храме, падыходзіць адзін да другога і кажа словы: "Даруй мне, грэшнаму!". У адказ другі адказвае: "Бог даруе, і ты прабач і памаліся пра мяне, грэшнага!". Такое ўрачыстае і хвалюючае дзеянне адбываецца толькі ў манастыры. У іншых храмах, калі і існуе такі чын, то ён кароткі і не гэтакі выразны.

Упершыню чын даравання з'явіўся ў манастырскім жыцці егіпецкіх манахаў. Перад надыходам Велікоднага посту, каб узмацніць подзвіг малітвы і годна падрыхтавацца да светлага свята Уваскрэсення Госпада Ісуса Хрыста, манахі сыходзілі ў пустэльню на ўсе сорак дзён. Ніякіх харчовых прыпасаў пры гэтым яны з сабой не бралі. Кожны з іх разумеў, што шлях праходжання Велікоднага посту нялёгкі, і толькі з Божай дапамогай у дзень светлага Хрыстова Уваскрэсення можна вярнуцца назад у манастыр. Таму, каб быць прыміраным з усімі, дараваным, каб прыступіць да посту з чыстай душой, засяродзіцца на духоўным жыцці і годна сустрэць Вялікдзень, перад сваім адыходам манахі прасілі адзін у другога прабачэння за ўсе нанесеныя міжвольныя крыўды.

3 цягам часу гэтая традыцыя перайшла ў богаслужэнне ўсёй Царквы. Богаслужэнне, здзяйсняемае ў Свята-Успенскім Жыровіцкім стаўрапігіяльным мужчынскім манастыры, звычайна ўзначальвае архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый.

У час богаслужэння, вечарам, адбываецца своеасаблівая перамена храма. Усе апранаецца ў вялікапосны чорны або фіялетавы колер, а ў сярэдзіне службы і святары змяняюць сваё адзенне на цёмнае. Вячэрняя служба доўжыцца каля гадзіны, яшчэ гэтулькі ж часу займае прашэнне адзін у другога прабачэння. Перад тым, як людзі пачнуць падыходзіць да прадстаяцеля за благаславеннем на будучы пост, чытаюцца малітвы пры стаянні на каленях, а пасля спяваюцца песнапенні, узятыя з Пасхальнага канону. Слухаючы іх, веруючы чалавек пачынае разумець, да якой мэты ён пачынае ісці, ступаючы на шлях Велікоднага посту.

Раніцай на працягу ўсёй сядміцы (з панядзелка па пятніцу) богаслужэнне звычайна пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Манах, выканаўца ролі чытальніка, пасярэдзіне храма чытае ранішнія малітвы, паўночніцу, шэстапсалміе. Потым пачынаецца Утраня, Гадзіны, Выяўленчыя, малое павячэр'е.

У сераду і пятніцу (дні, калі адбыліся здрада і распяцце на Крыжы) для падтрымання бадзёрасці духу веруючых, суцяшэння і ўмацавання іх, яшчэ здзяйсняецца Літургія Ранейасвячоных Дароў. Цікава, што велікапосныя богаслужэнні напоўнены чытаннямі з Псалтыра (на працягу Вялікага посту гэтая кніга становіцца адной з самых галоўных пры здзяйсненні богаслужэнняў), менш чуецца царкоўных спеваў.

У дні першай і Страсной сядміцы прысутнасць хрысціяніна за богаслужэннем абавязковая. Працоўны дзень у манастыры нашмат скарочаны па прычыне працягласці велікапосных службаў, адпуст (завяршальную частку богаслужэння) святар прамаўляе ў пачатку другой гадзіны дня. Абеду па Статуце ў манахаў няма, але існуюць некаторыя паслабленні для нямоглых.

У манастырскай трапезнай (сталовай) на працягу першых пяці дзён (за выключэннем серады і пятніцы, калі даецца гарачае) можна паспытаць адзін раз у дзень бульбачкі "ў мундзірах", квашаную капустачку і вараны бурак. Вось і ўвесь рацыён. Калі нехта даведваецца пра гэта, моцна дзівіцца: як можна так харчавацца? Складана, але можна. Праўда, у не гатовых да гэтага подзвігу з першых дзён выяўляецца нараканне, маладушша. Але ў канцы тыдня нават яны адчуваюць лёгкасць, ачышчэнне душы, жаданне працягу такіх "нязручнасцяў".

А шостай гадзіне вечара царква зноў кліча вернікаў да сабе на богаслужэнне. 3 панядзелка па чацвер першай сядміцы Велікоднага посту ў храмах праваслаўнай царквы чытаецца Велікодны Канон святога прападобнага Андрэя Крыцкага.

На апошняй частцы канону звычайна прысутнічае Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, настаяцель Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра Мітрапаліт Філарэт.

У пятніцу на Літургіі пасля заамвоннай малітвы па традыцыі, якая ўсталявалася за стагоддзі, адбываецца асвячэнне варанай пшаніцы з мёдам (па царкоўным — "коліва").

У дзве гадзіны дня брація манастыра, навучэнцы Мінскай духоўнай семінарыі і проста набожныя паломнікі, прыбыўшыя з розных месцаў рэспублікі памаліцца ў святой мясціне, збіраюцца ў галоўным храме Жыровіцкага манастыра, Свята-Успенскім саборы, для агульнай споведзі. У час споведзі пасярод храма чытаецца правіла, пакладзенае здзяйсняцца пры падрыхтоўцы да Таінства Еўхарыстыі.

У суботу адбываецца агульнае прычашчэнне.

Трэба сказаць, што ў велікапосныя будні Літургіі, акрамя серады і пятніцы, не здзяйсняюцца па Статуце. Але ў суботу і нядзелю абмежаванні на гэта знімаюцца. Літургія Свяціцеля Іаана Залатавуста здзяйсняецца ў субботу, а ў нядзелю, замест яе — Літургія Свяціцеля Васіля Вялікага. Гэта звязана з тым, што апошнія Літургіі больш урачыстыя, чым Літургія Ранейасвечаных Дароў.

Чаму ж Літургія Свяціцеля Васіля Вялікага служыцца ў нядзелю? Адна з прычын тая, што на Літургіі Свяціцеля Іаана Залатавуста ёсць Памінальная екцення, у час якой здзяйсняецца маленне аб памерлых (субота — дзень, у які ўслаўляюцца ўсе Святыя і памерлыя), на Літургіі Свяціцеля Васілія Вялікага памінальнай екценні няма.

Велікодны пост складаецца з шасці тыдняў. Кожны з іх прысвечаны ўспаміну адмысловай падзеі або асобы, якія заклікалі чалавечую душу з цемры граху і бруду да пакаяння і давалі безнадзейнаму на выратаванне сэрцу надзею на літасць Божую.

Першы тыдзень завецца Урачыстасць Праваслаўя, другі — свяціцеля Грыгорыя Паламы, трэці — Крыжапаклонны, чацвёрты — прападобнага Іаана Лесвічніка, пяты — прападобнай Марыі Егіпецкай і, нарэшце, апошні, шосты, — Тыдзень ваій, кветаносная, Вербная нядзеля.

Апошні тыдзень перад Вялікаднем — Страсны — з'яўляецца найстаражытнейшым усталяваннем. Пост Чатырохдзясятніцы быў усталяваны з мэтай падрыхтоўкі аглашонага, таго, хто жадаў прыступіць да Таінства Хрышчэння.

Апошняя, Страсная сядміца ў сваіх богаслужэннях успамінае апошнія дні зямнога жыцця Госпада Ісуса Хрыста. Але таму, што абодва пасты вядуць да адной падзеі і мэты — сустрэчы ўрачыстага моманту Уваскрэсення Хрыста, прынята было праходзіць абодва гэтыя пасты без перапынку паміж імі.

Вось такі быў першы тыдзень святой Чатырохдзясятніцы. Наперадзе яшчэ тыдні посту і Страсная сядміца. Правядзём іх годна хрысціяніна, пазбягаючы пранікнення ў нашы душы ўсялякага бруду, бо пост — гэта не дыета, гэта тое, што змяняе нас і нашы душы, робячы дабрэйшымі, чысцейшымі, святлейшымі.

I. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/