ВУЧЫМСЯ ПРАЦАВАЦЬ ПА-НОВАМУ, АБО ЯК ЗАХАВАЦЬ ТРАНСПАРТНЫ ПАРК БЕЗ СТРАТАЎ



Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці С. Рахман паведаміла, што нядаўна Генеральнай пракуратурай быў праведзены аналіз практыкі прыцягнення грамадзян да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення.

Як вядома, пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 18.16 КаАП правапарушальнікі ў абавязковым парадку пазбаўляюцца права кіравання ўсімі відамі транспарту на тры гады. На працягу тэрміну пазбаўлення права кіравання грамадзяне не могуць выконваць работы, звязаныя з кіраваннем якім-небудзь механічным транспартным сродкам: аўтамабілем, трактарам, камбайнам і г. д. У сваю чаргу адміністрацыя прадпрыемстваў, дзе працуюць парушальнікі, не мае права дапускаць іх да выканання такіх работаў.

На жаль, як высветліла пракуратура, кіраўнікі прадпрыемстваў, ведаючы аб тым, што іх работнікі пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 18.16 КаАП, дазваляюць ім далей працаваць па прафесіі, звязанай з кіраваннем транспартам. Ва ўсіх абласцях рэспублікі выяўлены неадзінкавыя выпадкі, калі злачынствы, прадугледжаныя артыкулам 317-1 КК, учынялі работнікі дзяржпрадпрыемстваў (кіравалі замацаванымі за імі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні).

З 24 кастрычніка 2013 года ў сілу ўступілі змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Цяпер за ўчыненне злачынства па артыкуле 317-1 КК прадугледжана спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродка, якім кіраваў вадзіцель "пад градусам", незалежна ад права ўласнасці на гэты транспартны сродак. Гэта значыць, што транспарт канфіскуюць, нягледзячы на тое, належыць ён фізічнай асобе або юрыдычнай, у якой працуе парушальнік.

Такім чынам, учыненне работнікамі дзяржпрадпрыемстваў злачынстваў па артыкуле 317-1 КК пасля ўзмацнення мераў крымінальнай адказнасці за гэтыя злачынствы вядзе да нанясення значнай матэрыяльнай шкоды гэтым прадпрыемствам у выглядзе канфіскацыі транспартных сродкаў, якія ім належаць.
Нягледзячы на гэта, сустракаліся факты, калі кіраўнікі прадпрыемстваў прымалі на працу грамадзян, якія прад'яўлялі пасведчанне трактарыста. Адказныя асобы нават не здагадваліся, што трактарыст ужо пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі за язду на аўтамабілі ў стане алкагольнага ап'янення. На жаль, падобны выпадак меў месца і на Дзятлаўшчыне.

Так, 16 красавіка 2013 года грамадзяніна С. затрымалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі за тое, што ён кіраваў уласным аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення. Парушальнік быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі і пакараны штрафам (арт. 18.16 КаАП). Гора-вадзіцель аддаў міліцыі вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі "В", але змаўчаў аб тым, што мае яшчэ пасведчанне на кіраванне трактарам.

З утоеным дакументам мужчына без асаблівых праблем змог уладкавацца трактарыстам ў ДРБУ-119 г. Дзятлава. А 25 лістапада 2013 года зноў сеў за руль п'яны, толькі кіраваў не ўласнай машынай, а трактарам "МТЗ-82.1", які належаў ДРБУ-119. Тым самым мужчына ўчыніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 317-1 КК РБ. У выніку трактар у прадпрыемства быў канфіскаваны ў даход дзяржавы, парушальнік асуджаны.

Суд Дзятлаўскага раёна назначыў С. пакаранне ў выглядзе папраўчых работ па месцы працы тэрмінам на 2 гады са штомесячным ўтрыманнем 25% заробка і пазбаўленнем права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на 5 гадоў.

Таксама суд вынес пастанову: звярнуць увагу кіраўніцтва камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства "Гроднааблдарбуд" на неабходнасць узмацнення работы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод работнікаў дарожных арганізацый Гродзеншчыны.
У далейшым пракуратура Гродзенскай вобласці даручыла дзяржаўтаінспекцыі вобласці неадкладна даводзіць да ведама кіраўнікоў дзяржаўных і прыроўненых да іх прадпрыемстваў і арганізацый (СВК, ААТ з доляй дзяржавы, прадпрыемстваў спажыўкааперацыі) аб прыцягненні іх вадзіцеляў да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 18.16 КаАП Рэспублікі Беларусь. Таксама адказным асобам варта ведаць, што на сайце ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама ёсць поўныя спісы грамадзян, якія былі пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі за язду "пад градусам". Таму перш чым наняць вадзіцеля і даверыць яму машыну, пацікаўцеся, ці сапраўды ў гэтага чалавека бездакорная рэпутацыя.

С. СЁМУХА, старшыня суда Дзятлаўскага раёна
А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/