ВІКТАР ЦЯРЭШКА: “ТРЭБА ІСЦІ НА ПАЎКРОКА НАПЕРАДЗЕ”



Казлоўшчынскі ўчастак жыллёва-камунальнай гаспадаркі на добрым рахунку як у кіраўніцтва, так і ў жыхароў пасёлка ды прылеглых населеных пунктаў. Ужо 22 гады яго нязменна ўзначальвае Віктар Цярэшка, які пэўна ведае, як наладзіць актыўную і выніковую працу.

-- Віктар Віктаравіч, ці вялікая ў вас камунальная гаспадарка?
-- Амаль чвэрць раёна абслугоўваем. Акрамя пасёлка Казлоўшчына, гэта 8 кацельняў, самыя далёкія з якіх у Рудзе Яварскай і Раготне. Яны працуюць на газе, змешаных відах паліва або дровах. Акрамя таго, лазня ў Казлоўшчыне, жылы фонд шматпавярховых дамоў, вуліцы пасёлка, добраўпарадкаванне якіх мы ажыццяўляем.

-- Любяць мясцовыя жыхары наведваць грамадскую лазню?
-- І не толькі яны! Да нас папарыцца прыязджаюць з іншых населеных пунктаў раёна. Вельмі ўпадабалі нашу лазню слонімцы, якія кожныя выхадныя наведваюць нас. Пяць гадоў таму ў лазні быў зроблены капітальны рамонт, і сёння тут створаны камфортныя ўмовы, нават пункт рознічнага гандлю на месцы.

-- Складана сёння працаваць у камунальнай гаспадарцы?
-- Першыя 15 гадоў было крыху складана. А цяпер прызвычаіўся, быццам так і трэба. Прывык, што працоўны дзень пачынаецца ў 7 раніцы і невядома, калі скончыцца, нормай сталі пастаянныя камандзіроўкі: інакш стан справаў на ўчастку не пракантралюеш. Тая сістэма, якая закладвалася гадамі, сёння дае свой плён.

-- Вы – дэпутат пасялковага Савета. Да вас часцей звяртаюцца па выбарчых справах або камунальных?
-- Ніколі не раблю такога падзелу. Звяртаюцца і водаправод адрамантаваць, каналізацыю прачысціць, і лямпачку ўкруціць, а часам і па бытавых нейкіх справах, што адзінокія людзі не могуць самі выканаць. Стараемся ўсім дапамагчы, вядома ж, усе тут свае людзі.

-- Як атрымліваецца ашчаджаць у Год беражлівасці?
-- Зберагаем цяпло. Перад ацяпляльным сезонам замянілі каля 800 метраў цеплатрасы – і адразу ж відавочны вынік: па зводных дакументах відаць, што нясём меншыя затраты цеплавой энергіі. Вось так нават па кропельцы зберагаць – і будзем добрымі гаспадарамі.

-- Ці шматлікі штат Казлоўшчынскага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі? Як працуецца ў такім калектыве?
-- На ўчастку сёння працуе 61 чалавек: аператары кацельняў, ачысных збудаванняў, помпавых станцый, дворнікі, рабочы па добраўпарадкаванні, электрыкі, пільшчыкі дроваў, слесары-рамонтнікі, работнікі лазні. Працую з імі даўно, добра ведаю кожнага, таму і праблемы, калі яны ўзнікаюць, вырашаць прасцей – маем паразуменне.

-- Віктар Віктаравіч, Казлоўшчынскі ўчастак называюць адным з лепшых у Дзятлаўскай камунальнай гаспадарцы. У чым ваш сакрэт?
-- Мы стараемся ў працы ісці на паўкрока наперадзе, спрабуем прадбачыць некаторыя сітуацыі. Бо, калі рухаешся ў нагу з часам, можна спазніцца зрабіць нешта важнае.

-- Якія пажаданні маеце да калегаў па працы ў перадсвяточны дзень?
-- Жадаю вялікага цярпення. Каб хапала сіл, вытрымкі спакойна і прафесійна працаваць у любых, часам нават няпростых сітуацыях. Дабрабыту і міру ў сем’ях, моцнага здароўя і плёну ва ўсіх пачынаннях.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/