Весткі з Жукоўшчынскага сельсавета



ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ АГРАГАРАДКА

Сёлета раённыя "Дажынкі" праходзілі ў аграгарадку Жукоўшчына, і тут да іх грунтоўна падрыхтаваліся. Адрамантавалі фасад сельскага Дома культуры, у актавай зале памянялі крэслы, на сцэне -- шторы. У школе капітальна адрамантавалі дах, харчблок, фасад будынка, частку будынка аддалі пад дзіцячы сад -- тут таксама капітальна адрамантаваны ўсе памяшканні. Былі адноўлены фасады мясцовай сталовай і магазінаў. Капітальнага рамонту дачакаліся сельскія ФАП і бібліятэка. У адміністрацыйным будынку, дзе змешчаны праўленне гаспадаркі і сельскі выканкам, драўляныя вокны былі заменены на пластыкавыя, зроблены тут і касметычны рамонт памяшканняў. Ля самога будынка на новую заменена тратуарная плітка.

За знешнім выглядам мясцовых населеных пунктаў пільна сочаць работнікі зялёнага будаўніцтва сельскага выканаўчага камітэта. Яны абкошваюць тэрыторыю вакол пустуючых хат, ля крыніцы і на могілках па меры неабходнасці.

АГАРОДЖА НА МОГІЛКАХ

У 2012 годзе на могілках вёскі Гезгалы была ўстаноўлена новая агароджа, сёлета яе пафарбавалі, заказалі вароты і брамкі. Рэгулярна на могілках вяскоўцамі праводзяцца суботнікі па ўборцы тэрыторыі, адведзена спецыяльнае месца для складвання смецця. Вываз смецця таксама адбываецца своечасова.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі работ па добраўпарадкаванні могілак сельскаму выканкаму аказаў стараста вёскі Гезгалы Барыс Мікалаевіч Масык. Ён сабраў у вяскоўцаў грошы, набыў фарбу, наняў рабочых для пафарбоўкі агароджы. Барыс Мікалаевіч пастаянна клапоціцца пра сваіх аднавяскоўцаў, дапамагае ім у вырашэнні праблем. Так, перад пачаткам ацяпляльнага сезона ён паведаміў старшыні сельвыканкама, каму з вяскоўцаў патрэбна дапамога ў нарыхтоўцы паліва.

СПЕЦЫЯЛІСТАЎ І КВАТЭРАЎ ПАБОЛЬШАЛА

У 2012 годзе ў Жукоўшчынскім сельсавеце былі пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю тры дамы для спецыялістаў, у 2013 -- распачалося будаўніцтва яшчэ двух дамоў.

Сёлета тут з'явіліся і новыя прэтэндэнты на жыллё: у сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў "Жукоўшчына" прыбылі працаваць два маладыя спецыялісты -- юрыст і бухгалтар.

НОВЫЯ ЖЫХАРЫ

З пачатку 2013 года работнікі Жукоўшчынскага сельвыканкама зарэгістравалі чатырох нованароджаных. Гэта дзяўчынка і тры хлопчыкі. Летась за такі ж перыяд на тэрыторыі сельсавета нарадзіліся дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Па выніках 2012 года нованароджаных было шасцёра: чатыры дзяўчынкі і два хлопчыкі.

Бацькі называлі сваіх дзетак па-рознаму, імёны не паўтараліся. Больш арыгінальна называлі дзяўчынак. Так, у сельсавеце за два апошнія гады з'явіліся Злата і Віталіна.

ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ

Насельніцтва Жукоўшчынскага сельскага савета складае 1180 чалавек. Гэта 592 гаспадаркі, 607 грамадзян працаздольнага ўзросту 445 пенсіянераў і 128 дзяцей. У 2012 годзе на тэрыторыі сельсавета жылі 1235 чалавек, а гэта значыць, што за кошт міграцыі і смяротнасці колькасць жыхароў зменшылася на 55 чалавек.

За бягучы перыяд 2013 года памерлі 17 вяскоўцаў (летась за аналагічны перыяд -- 24, а усяго за 2012 год -- 33 чалавекі).

За два апошнія гады работнікі Жукоўшчынскага сельвыканкама зарэгістравалі два шлюбы. Для абедзвюх новаўтвораных сем'яў гэта быў другі шлюб, адпаведна, зарэгістраваць адносіны вырашылі людзі больш сталага ўзросту.

ЗДАЧА МАЛАКА

У прыватных сялянскіх гаспадарках на тэрыторыі Жукоўшчынскага сельскага савета ўтрымліваюцца 29 кароў (летась --31 жывёліна). За бягучы перыяд сяляне здалі 45 тысяч 252 літры малака. Малаказдача на адну карову склала 330 літраў, а гэта плюс 51 літр у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. За ўвесь леташні год прыватныя гаспадаркі, у якіх гаспадары трымалі кароў, здалі 45 тысяч 706 літраў малака.

КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ

8 верасня ў аграгарадку Жукоўшчына прайшло раённае свята "Дажынкі". У час яго з музычнымі нумарамі перад аграрыямі і гасцямі ўрачыстасці выступілі ўдзельнікі абласнога фестывалю "Фарбы творчасці Прынёманскага краю", якія прыехалі з розных куткоў Гродзеншчыны.

Святы вёсак сёлета прайшлі ў Вусці і Нагародавічах Жукоўшчынскага сельсавета. Арганізатары віталі і віншавалі працаўнікоў СВК "Жукоўшчына", ветэранаў працы, самых сталых і юных жыхароў гэтых населеных пунктаў.

З цікавай канцэртнай праграмай жыхароў сельсавета наведалі работнікі Гезгалаўскага ДК. Яны выступілі ў вёсках Вусце і Бандары.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/