Весткі з дзіцячага сада №1



КАЗАЧНЫЯ ГЕРОІ ВУЧАЦЬ, ЯК БЫЦЬ ЗДАРОВЫМІ

"Здаровы я -- здаровая сям'я -- здаровае грамадства", -- пад такім дэвізам у яслі-садзе №1 г. Дзятлава прайшоў шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне здароўя дзяцей.

На восеньскі Дзень здароўя да выхаванцаў садка завіталі добры Доктар Айбаліт, героі вядомых казак і чараўніца Восень, якія разам з дзецьмі актыўна ўдзельнічалі ў спартыўных гульнях і забавах на працягу ўсяго дня. За гэты час выхаванцы паспелі замацаваць веды аб здаровым харчаванні, аб шкодзе мікробаў, аб неабходнасці весці здаровы лад жыцця.

ФІЗКУЛЬТУРА ДЛЯ ДАШКОЛЬНІКАЎ

На групавых сходах бацькі выхаванцаў яслі-сада №1 г. Дзятлава пазнаёміліся з сістэмай фізкультурна-аздараўленчай работы для розных узроставых катэгорый. Так, выхавальнікі санаторнай групы С. У. Дубека, Г. І. Ненартовіч абмеркавалі з бацькамі пытанні загартоўкі дзіцячага арганізма ва ўмовах санаторнай групы №1. Медыцынская сястра Г. І. Пясецкая расказала дарослым аб загартоўцы дзяцей ва ўмовах сям'і і раздала памяткі аб тым, як правільна праводзіць загартоўку і не нашкодзіць дзіцячаму арганізму, які расце і развіваецца.
Бацькі малодшай групы пабылі ў сваіх дзяцей на адкрытых занятках па фізкультуры, якія праводзіў кіраўнік фізічнага выхавання Л. В. Клімец. Выхавальнікі Н. С. Вайцяхоўская і С. Ф. Бурдун паказалі бацькам невялікія відэастужкі аб удзеле дзяцей у розных відах дзейнасці.

СЕМ'І ПАДЗЯЛІЛІСЯ ВОПЫТАМ

Лепшым вопытам па фарміраванні здаровага ладу жыцця падзяліліся бацькі Савелія Ванчука, Міланы Шэўкі, Дашы Ворахавай. Яны прынеслі ў садок фотаздымкі з сямейнага архіва аб спартыўных гульнях, паходах, карысным адпачынку. Усе прадастаўленыя матэрыялы былі змешчаны на інфармацыйным стэндзе, і з імі мелі магчымасць азнаёміцца выхаванцы ўстановы, іх бацькі, работнікі дзіцячага сада.

ЗА КУБАЧКАМ ЧАЮ

У прыемнай атмасферы за кубачкам чаю ў садку прайшоў бацькоўскі сход выхаванцаў групы №2, прымеркаваны да Дня маці. У час сустрэчы матулі змаглі пабачыць, якія веды і навыкі ўжо засвоілі іх дзеці, пачуць вершаваныя і музычныя віншаванні на свой адрас ад сыноў і дачок. Каб дарослыя не сумавалі, Д. Ф. Заяц, выхавальніца групы, запрасіла іх паўдзельнічаць у сумесных конкурсах і гульнях. На незвычайным сходзе матулі пабачылі, што расказваць аб сур'ёзным можна адпачываючы. А рыхтуючыся да розных мерапрыемстваў і святаў, выхаванцы садка развіваюцца, удасканальваюць свае навыкі, раскрываюць таленты і атрымліваюць ад гэтага працэсу вялікае задавальненне.

А. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца яслі-сада №1 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/