Верны кнізе чалавек



У кожнай школе ёсць свая бібліятэка, і няма такога школьніка, які за гады вучобы не пераступіў бы яе парога. Зразумела, што найчасцей навучэнцы наведваюцца сюды, каб узяць падручнік, дапаможнік ці кнігу, якую задалі “па праграме”.

Але сустракаюцца і такія аматары, якія адкрываюць для сябе тутзаймальны, багаты на прыгоды і цікавых герояў свет мастацкай літаратуры.
Яны на усё жыццё запомняць не толькі знаёмыя бібліятэчныя паліцы, але і імя школьнага бібліятэкара, заўжды гатовага параіць, падказаць,
прыйсці на дапамогуў выбары цікавага твора.

Менавіта такім чалавекам у нас была Таісія Андрэеўна Чарнецкая, якая шмат гадоў адпрацавала загадчыцай бібліятэкі сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Дзякуючы захопленасці любімай справай, ёй удалося ператварыць школьную бібліятэку ў сапраўднае "царства кнігі". I па сёння тут пануе строгі парадак. Ёсць асобныя стэлажы з разнастайнымі слоўнікамі і тамамі энцыклапедый, з творамі беларускіх і замежных пісьменнікаў, можна знайсці кнігі на розных мовах, нават ёсць шэраг выданняў падораных бібліятэцы гасцямі школы.

Некаторыя з такіх кніг сустракаюцца толькі ў нашай школьнай бібліятэцы, якую так старанна збірала і прыводзіла ў парадак пасля кожнага навучальнага года Таісія Андрэеўна. Гэта дзякуючы яе стараннай працы наша бібліятэка захавала багаты фонд. Таісія Андрэеўна і дзяцей прывучала любіць кнігі і ўважліва іх чытаць. Яна тлумачыла школьнікам, што толькі праца і любімая справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак, бо лепшыя творы айчыннай літаратуры сцвярджаюць: "Жыццё без працы, без любімай справы не можа быць сумленным і рана ці позна становіцца злачынным".

Таісія Андрэеўна Чарнецкая шчыра верыла, што пра галоўнае ў нашым жыцці людзям расказваюць менавіта кнігі. Дзякуй ёй за вернасць кнізе. I хаця Таісія Андрэеўна даўно на заслужаным адпачынку, мы ўзгадваем яе добрым словам.

Н. ЯКАБЧУК, ад імя калектыву СШ №1 горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/