ВЕРНАЕ БЕЛАРУСАМ СЭРЦА



26 лютага ў раённым Доме культуры горада Дзятлава Аляксандр Саладуха прадставіў новую канцэртную праграму “Вернае сэрца”. Яна прымеркавана да выхаду ў свет аднайменнага, дзясятага па ліку, альбома выканаўцы. Выступленне ў нашым раёне стане 571-ым у насычанай гастрольнай кар’еры спевака. Які атрымаўся юбілейны дыск і чым будзе радаваць мясцовых гледачоў , Аляксандр распавёў газеце “Перамога'' напярэдадні прыезду на Дзятлаўшчыну.

- Дыск “Вернае сэрца" пісаўся два гады - 2012-2013-ы, як і папярэдняя пласцінка, ён быў аранжыраваны і запісаны на маскоўскай студыі. У першым аддзяленні канцэртнай праграмы я прадстаўлю песні з новага альбома, у другім - залатыя хіты за 28 гадоў работы на прафесійнай сцэне. У перапынку мае сыны-двайняты Аляксандр і Антон прадставяць свой новы альбом пад назвай "Мы". Усе жадаючыя змогуць пасля канцэрта ўзяць аўтограф, сфатаграфавацца са мной.

- Як даўно прэзентуеце "Вернае сэрца"ў Беларусі?
- Праграму ў падтрымку новага альбома мы пачалі "катаць". Плануем гастраляваць з гэтай праграмай тры гады. Загалоўны канцэрт прэзентацыі адбыўся 8 сакавіка мінулага года на Мінск-Арэне. Вельмі прыемна, што гэты канцэрт запісваў канал "АНТ", тэлеверсію гэтай праграмы транслюе на ўвесь свет расійскі канал "Шансон-ТБ". 3 пачатку актыўнай гастрольнай дзейнасці гэта ўжо трэці вялікі мой тур па Беларусі, які пачаўся 20 кастрычніка 2006 года і дагэтуль не перапыняецца. Мінулы год мы завяршылі 555-ым канцэртам тура. За гэты час змяніліся 6 пласцінак - "Сотні кіламетраў да кахання", "Любіць цябе, родная", "Аляксандр Саладуха. Усяго толькі 50", "Ты для мяне збылася", "Берагі" і, нарэшце, “Вернае сэрца".

- Чаго чакаць вашым прыхільнікам пасля "Вернага сэрца"?
- У 2017 годзе я буду адзначаць два творчыя юбілеі - 30 гадоў на сцэне і чвэрць стагоддзя мегахіту "Здравствуй, чужая милая". Мяркую правесці вялікі сольны канцэрт на мінскім стадыёне "Дынама".

- Аляксандр, вы спявак рамантычнага вобраза. Ці прысутнічае ў вашай творчасці гумар?
- Безумоўна, куды ж без гумару? Калі мне прапаноўваюць паўдзельнічаць у нейкіх гумарыстычных праектах, з задавальненнем пагаджаюся. Гэта і ролік да Еўрабачання "Крылы матылька", і відэа конкурсу "Рабі як Робі", прымеркаванае да канцэрта Робі Уільямса, і пародыя на песню "Там, дзе спее вінаград". Я не баюся быць смешным і ўмею пасмяяцца з сябе.

- Каго вычакаеце на сваім канцэрце ў Дзятлаве?
— Я чакаю ўсіх сваіх прыхільнікаў. Чакаю нават тых, хто сумняваецца. Прыходзьце да мяне на канцэрт і вы на свае вочы пабачыце, які сапраўдны Аляксандр Саладуха.

Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/