ВАЛЕЙБОЛ. ПЕРШАЯ ПЕРАМОГА “БЕЛТЭРМІЗА”



Дзятлаўская жаночая валейбольная каманда “Белтэрміз” згуляла два наступныя матчы ў вышэйшай лізе чэмпіянату Гродзенскай вобласці. Абодва – у Гродне.

9 сакавіка “Белтэрміз” прайграў камандзе “Хімвалакно” – 0:3 (17:25, 21:25, 10:25). Трэнер каманды Васіль Русін, каментуючы гэту сустрэчу, адзначыў, што ў складзе “Белтэрміза” адсутнічалі Ганна Салкевіч і Кацярына Казак. З гэтай прычыны пара рослых нападаючых “Хімвалакна” атрымалі свабоду дзеянняў на сетцы. Нізкі блок “Белтэрміза” закрыць атаку саперніц не змог. Да таго ж у дзятлаўскай каманды не зладзілася гульня і на прыёме. Прайгралі без варыянтаў.

Назаўтра, 10 сакавіка, навічка вышэйшай лігі з Дзятлава выпрабоўвала каманда ОСДЮШОР. Тэст “Белтэрміз” вытрымаў. Гульня ва ўсіх партыях была роўная. Напачатку саперніцы вырываліся наперад, затым дзятлаўская каманда іх даставала і завяршала партыі на сваю карысць. 25:22, 25:21. Выключэннем стала трэцяя партыя. Памылка на падачы ў канцы сэта мела вырашальнае значэнне. 24:26. Перамогу “Белтэрміз” здабыў у наступным, чацвёртым сэце. 25:22. 3:1.

Чым розняцца першая і вышэйшая лігі чэмпіянату? На думку Васіля Русіна, тым, што слабых саперніц у вышэйшай лізе няма. Тут усё вышэйшае: і арганізацыя гульні, і самааддача, і індывідуальнае майстэрства. Лепшымі ў складзе “Белтэрмізе” Васіль Русін назваў Таццяну Крываблоцкую, Алену Пяцэвіч, Ірыну Карпаву.

Наколькі “вышэйшая” ліга вышэйшая за першую, мы зможам на ўласныя мочы пабачыць ужо праз некалькі дзён. Паводле раскладу, два наступныя матчы “Белтэрміз” правядзе дома. 16 сакавіка прыме “Ліду”, 17 сакавіка – “Алімпію-ГрГУ”. Месца дзеяння – Дзятлава, гімназія. Пачатак абодвух матчаў у 13 гадзін.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/