ВАЛЕЙБОЛ-2014. ЖАНОЧЫ ТУРНІР



Пасля каляднага мужчынскага ў СВК “Граніт-Агра” праз тыдзень зладзілі і жаночы валейбольны турнір.

Спаборнічалі ў ім пяць поўнакамплектных каманд: зааветэрынарнай службы, адміністрацыі, Круцілавіцкай школы, свінагадоўчага комплексу, зборная каманда Данілавіцкага сельсавета і Таркачоўскай школы.

Арганізатары турніру былі і ўзрадаваны і, прызнацца, крыху нават здзіўлены ўзроўнем саперніцтва жаночых каманд. Нават тыя каманды, якія пачыналі турнір слабавата, разыграліся і на фінішы выглядалі па-спартыўнаму прыстойна.

А перамога дасталася камандзе адміністрацыі ў напружанай барацьбе. Алеся Манцэвіч, Людміла Адамчык, Алена Мазюк, Таццяна Бортнік, Кацярына Нагорная начале з капітанам каманды Наталляй Сявец адолелі, урэшце, сваіх саперніц.

Акрамя пераможцаў, варта адзначыць і каманду зааветэрынарнай службы. “Заатэхнікі”, хоць і не трапілі ў прызёры, але хораша здзівілі сваёй арганізаванасцю і спартыўнасцю. Сабрала і натхніла каманду галоўны ветэрынарны доктар гаспадаркі Тамара Феліксаўна Анушкевіч.

Бездакорна адсудзіў спаборніцтвы самы актыўны спартсмен сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Аблажэй.

Усе актыўныя ўдзельнікі спаборніцтваў адзначаны каштоўнымі прызамі.

Пасля двух спартыўных падзей наступныя выхадныя работнікаў СВК былі аддадзены культурнаму турызму: гранітаўцы наведалі Мір і Нясвіж. Далей у культурна-спартыўнай праграме СВК - лыжныя гонкі, спартландыя, а там ужо і развітанне з зімой.

Л. МЯДЗВЕДЗЬ, намеснік старшыні СВК “Граніт-Агра”

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/