"ВАЛАНЦЁР ГОДА -- "ДОБРАЕ СЭРЦА"



Нядаўна пад такой назвай у Беларусі стартаваў рэспубліканскі моладзевы конкурс, асноўная мэта якога -- фарміраваць у вучняў, студэнтаў і працоўнай моладзі маральна-этычныя якасці, развіваць творчыя ўменні і навыкі, даць маладым людзям магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць свой творчы патэнцыял.

Валанцёрства -- гэта добраахвотніцкі рух, накіраваны на паляпшэнне жыцця, важная складаемая частка для будаўніцтва гуманнага грамадства. Да валанцёрства з кожным годам далучаецца ўсё больш і больш людзей ва ўсім свеце. Іх аб'ядноўвае імкненне ўнесці свой уклад на карысць дзяржавы і сусветнай грамадскасці. Валанцёры -- людзі аб'яднаныя агульнымі інтарэсамі, якія працуюць у якой-небудзь сферы па ўласнай волі, а не па прымусе. У той жа час, моладзь, выконваючы сацыяльна карысныя справы, развівае працоўныя навыкі, удзельнічае ў рэальных праектах, атрымлівае веды, прафесійны вопыт, мае магчымасць выбраць будучую прафесію і накірунак далейшага развіцця.

Арганізатары мерапрыемства "Валанцёр года --"Добрае Сэрца" -- грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" -- далі магчымасць беларускім юнакам і дзяўчатам паспрабаваць свае сілы ў дабрачынных справах і атрымаць аб'ектыўную ацэнку сваёй дзейнасці.

Першы этап конкурсу -- тэрытарыяльны. На Дзятлаўшчыне ён прайшоў напрыканцы кастрычніка -- пачатку лістапада. Да ўдзелу былі запрошаны раённыя моладзевыя валанцёрскія аб'яднанні і юныя валанцёры, якія вядуць дабрачынную дзейнасць па розных накірунках праекта БРСМ "Добрае Сэрца". Ім на выбар былі прапанаваны некалькі намінацый: "Лепшае масавае мерапрыемства" -- удзельнікі павінны былі падрыхтаваць падрабязную справаздачу аб праведзеным мерапрыемстве з відэа- або фотаздымкамі; "Лепшая сацыяльная рэклама" -- падаць інфармацыю ў выглядзе сацыяльнага тэматычнага відэароліка або электроннай прэзентацыі з выкарыстаннем сімволікі валанцёрскага руху БРСМ "Добрае Сэрца"; "Валанцёрскія справы ў фотааб'ектыве" -- прадаставіць тры фотаработы, якія адлюстроўваюць моманты тэматычных мерапрыемстваў, або фотапартрэты ўдзельнікаў дабрачынных акцый.

Свае творчыя справаздачы аб сацыяльна значных справах і дабрачынных мерапрыемствах прадставіла большасць установаў адукацыі раёна. Журы падвяло вынікі і вызначыла пераможцаў раённага этапу конкурсу.

У намінацыі "Лепшае масавае мерапрыемства" перамогу атрымаў валанцёрскі атрад вучняў 9 -- 11 класаў Яварскай СШ з праектам "Моладзь супраць алкаголю" -- з тэматычнай прапагандысцкай лекцыяй школьнікі выступалі перад работнікамі СВК "Вензавец". Першае месца за "Лепшую сацыяльную рэкламу" атрымалі валанцёры СШ №1 г. Дзятлава. Яны стварылі відэаролік сацыяльнай накіраванасці "Спяшайцеся рабіць дабро". Валанцёрскі атрад Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы з серыяй тэматычных фотаздымкаў заняў лідыруючую пазіцыю ў намінацыі "Валанцёрскія справы ў фотааб'ектыве".

Пераможцы атрымалі граматы і каштоўныя падарункі. Іх работы даслалі ў Гродна для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага моладзевага конкурсу "Валанцёр года -- "Добрае Сэрца".

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/