В. МАЛАХАВА: “Я САМАЯ ШЧАСЛІВАЯ МАЦІ”



Кожны чалавек – гэта эпоха. Безліч падзей, якія прабягаюць за, здавалася б, невялікі век людскі. Гісторыя месцаў, гарадоў і нават краін адмяраецца не сухімі датамі, а лёсамі, якія яе складаюць. Адна жыццёвая гісторыя яднае педагога музыкі Валянціну Мікалаеўну Малахаву і Наваельнянскую музычную школу.

Пачынаецца яна з дзяцінства, калі ў тады яшчэ школьніцы з’явілася магчымасць займацца музыкай. Музычная школа толькі адкрылася, было шмат жадаючых вучыцца. Таму з кожнай сям’і бралі на заняткі толькі па адным дзіцяці. Малодшай Валянціне давялося пачакаць год-другі. Яна ніколі не забудзе, калі бацькі набылі баян, і яна ўпершыню ўзяла інструмент у рукі, гэта чароўнае пачуццё, што ты ўжо можаш ствараць музыку. Тое непаўторнае ўражанне і дапамагло зразумець: музыка – галоўнае, чым хочацца займацца.

На Дзятлаўшчыну Валянціна Малахава патрапіла аж з Магілёўскай вобласці, і то не адразу:
-- Па заканчэнні школы хацела пабачыць свет і разважыла так: у Магілёў паступаць не паеду, бо там цёця жыве. А хацелася ўжо быць самастойнай, – згадвае Валянціна Мікалаеўна.

Так яна паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, па заканчэнні якога паехала ў 1970 годзе... куды размеркавалі: у музычную школу ў Ашмянах. Але там ёй затрымацца не давялося: абставіны змусілі шукаць новае месца працы, зноў пераязджаць. І тады прыйшла згадка, што сёлета горад Дзятлава не далічыўся адной выпускніцы з іх курса (яна паступіла працаваць у хор Шырмы), і там, верагодна, не хапае педагогаў. І Валянціна Мікалаеўна з усёй Гродзеншчыны выбрала загадкавы і невядомы для сябе горад.

-- Помню першае ўражанне ад Дзятлава, – згадвае жанчына, – стаю ў цэнтры горада, дзе, па маіх назіраннях, павінен быў знаходзіцца аўтобусны прыпынак, чакаю аўтобус да музычнай школы. Холад страшэнны, а я з паўгадзіны спадзявалася, што вось-вось аўтобус прыйдзе. Пакуль адна жанчына не падказала: “Не стой, бо ў нас гарадскія аўтобусы ўвогуле не ходзяць”.

Не менш яскравымі і прыемнымі былі ўражанні ад калектыву музычнай школы: дырэктар Мікалай Антонавіч Белавус і калегі падтрымалі, дапамаглі па першым часе. У Дзятлаўскай музычнай школе быў першы, хоць невялікі, вопыт кіраўніка: педагог выкладала спецыяльнасць “баян”, а таму узначаліла аддзяленне народных інструментаў у школе. Самымі запамінальнымі сталі першыя на дзятлаўскай зямлі вучні, якія дагэтуль нагадваюць пра сябе тэлефонным званком, святочнай паштоўкай ці візітам.

Валянціне Малахавай было толькі 27, калі яна стала дырэктарам новай музычнай школы ў Наваельні:
-- Шмат часу на роздум не было, Мікалай Антонавіч толькі сказаў “Валечка, дзетачка, трэба ехаць, ты справішся”. І давялося ехаць.
Скіраваліся працаваць у Наваельню разам з дзятлаўскім педагогам Валянцінай Аляксандраўнай Мацюкевіч і наваельнянцам Іванам Ермалаевічам Мазнікавым. Будучая музычная школа – будынак колішняга клуба чыгуначнікаў – сустрэў іх запусценнем. Вялікая зала, па абодва бакі якой – дзве печкі.
Рамонт тут рабіць не перарабіць. А яшчэ акурат надышоў верасень: трэба было праводзіць першы набор вучняў. Прычым, адкрыць трэба было ўсе спецыяльнасці адразу: баян, акардэон, скрыпку, цымбалы і абавязкова – духавыя інструменты, якімі заўжды славілася Наваельня.

-- І што вы думаеце? Справіліся. Званіла ў Ліду, Навагрудак – шукала выкладчыкаў. Аднак школа стала працаваць па ўсіх меркаваных спецыяльнасцях.
Па першым часе маладая дырэктар Наваельнянскай музычнай школы ездзіла ў Наваельню штодня з райцэнтра. І ў адну такую раніцу, прыехаўшы на працу, застала ў школе... узвод вайскоўцаў. Моцнае здзіўленне жанчыны змяніла здагадка: тэлефанаваць начальству, там усё патлумачаць.

-- Зразумейце сітуацыю, – прасілі на тым канцы провада. – Вайскоўцы прыехалі папрацаваць на сельгасработах, ім трэба дзесьці спыніцца. У сваю чаргу, яны вам дапамогуць зрабіць, што трэба, па рамонце.

Так парашылі. Большую частку залы вайскоўцы адгарадзілі плашч-палаткамі, зрабіўшы імправізаваныя спальныя месцы. Сцэна засталася для заняткаў. Не адкладваючы на потым, Валянціна Мікалаеўна сабрала “пастаяльцаў” у зале і пералічыла са сцэны ўнушальны спіс справаў, па якіх патрэбна дапамога. Рэакцыя была рознай, ад гатоўнасці да абурэння “камандзірскім” тонам дзяўчыны, аднак фронт работ паціху зрушыўся з месца. Праз колькі часу, калі вайскоўцы ўжо збіраліся з’язджаць, у настаўніцкую заглянуў афіцэр са словамі:
-- Дзе тут дзяўчына, што маім салдатам загадвае? – а потым усміхнуўся і дадаў. – Усё зроблена, прымайце работу.

Наваельнянская музычная школа перажыла пасля не адзін рамонт. Аднак гэты выпадак найбольш урэзаўся ў памяць Валянціне Малахавай. Усё выкладчыцкае жыццё згадваецца ёй як чарада светлых момантаў: дасягненняў вучняў на музычнай ніве, канцэртаў, на якія ахвотна выдзяляўся транспарт, малых і вялікіх перамог, прыемных сустрэч і добрых традыцый.

Адна з іх – прысвячэнне першакласнікаў у музыканты. Калі збіраліся старэйшыя вучні і ладзілі для першаклашак канцэрт, віншавалі іх з далучэннем да таямніц музыкі.

-- Паступаючы да нас у музычную школу, дзеці часам нават пыталіся, ці будзе сёлета прысвячэнне, – згадвае Валянціна Мікалаеўна.
На базе Наваельнянскай музычнай школы быў створаны аркестр, у якім бралі ўдзел настаўнікі і вучні. Музыканты прымалі ўдзел у разнастайных канцэртах па ўсім раёне і нават запісваліся на радыё, згадвае Валянціна Малахава:

-- Мы працавалі як акампаніруючая група з Алай Аўдзейчык, якая цяпер у Гродзенскай філармоніі. Давялося пару разоў нават запісвацца на радыё ў Карэлічах. Без сціпласці заўважу, што гучалі мы тады выдатна.

Першы дырэктар Наваельнянскай музычнай школы з асаблівай цеплынёй згадвае працу ў Наваельні, час якой хутка праляцеў, як і маладыя гады. Але відаць, што побач з вытанчаным музычным матывам у жыццё жанчыны ўплецены яшчэ адзін, больш цяжкі, балючы, які пакінуў адбітак суму на твары гэтай інтэлігентнай жанчыны. Ды пра асабістае яна стараецца не згадваць:
-- Што было, тое мінула ўжо, няма чаго пра кепскае згадваць, – кажа жанчына. І не плача аб сваім лёсе. А калі распавядае пра любімую музыку Шапэна ды “Поры года” Чайкоўскага, у вачах з’яўляецца сентыментальная слязінка.

Ужо амаль дзясятак гадоў, як Валянціна Мікалаеўна перадала справы ў музычнай школе ў надзейныя творчыя рукі наступных пакаленняў педагогаў. Аднак прычын сумаваць няма: дочкі Надзея і Вера – яе любоў, яе радасць і гонар. Штодня радуецца яна новым поспехам дзяцей, іх дасягненням. Дзяўчаты жывуць у сталіцы, ды гэта не перашкаджае ім званіць матулі па некалькі разоў на дзень, прыязджаць да яе пры першай жа магчымасці – вяртаць “з працэнтамі” той клопат і пяшчоту, якія ўвесь гэты час дарыла ім мама.

-- Помню сваё дзяцінства, – кажа Валянціна Мікалаеўна. – У нас сям’я была не вельмі багатая, але лепшыя цацкі, каляровыя стужкі былі ў нас адных з першых. Такога ж прынцыпу ў выхаванні дзяцей трымалася і я: даць дзецям усё, што магу, і нават крышачку больш. Як бы ні склалася далей іх жыццё, трэба, каб дзяцінства для маіх дзяцей было вясёлкавым і яскравым. Шчыра вам прызнаюся: я самая шчаслівая маці, бо сапраўднае шчасце – мае дзеці.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/