Віктар Патыш: "Бязвыхадных сітуацый не бывае"



Галоўны механік Віктар Іванавіч Патыш працуе ва ўнітарным камунальным прадпрыемстве "Дзятлаўскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва" вось ужо 27 гадоў. Скончыўшы ў 1981 годзе Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці "тэхнік-аўтамеханік", спачатку працаваў тут аўтамеханікам.

Працаваць тады было даволі цяжка: не хапала вопыту. Але з цягам часу "ўцягнуўся" ў работу, прызвычаіўся.

— Цяпер займаемся вода-, цепла- і электразабеспячэннем, рамонтам і абслугоўваннем тэхнікі быткамбіната, і гэта не толькі аўтамашыны, але і пральная, швейная тэхніка. Лічу, што маю работу можна назваць не толькі тэхнічнай, але і творчай: іншы раз прыходзіцца прымяняць кемлівасць, каб правільна адрамантаваць тую ці іншую машыну.

Галоўным у рабоце Віктар Іванавіч лічыць высокі прафесійны ўзровень, камунікабельнасць, павагу да сваіх падначаленых. Ён мяркуе, што агрэсіяй, крыкамі праблему не вырашыць, таму ў такіх сітуацыях імкнецца рабіць усё спакойна, але рашуча, цвёрда.

3 жонкай Тамарай Сцяпанаўнай у гэтым годзе адзначаць сярэбранае вяселле — дваццаціпяцігоддзе сумеснага жыцця. Разам яны выгадавалі двух сыноў — Яўгена і Паўла.

Вольнага часу ў галавы сям'і няшмат: хапае работы па доме і гаспадарцы. Але ж калі выдаецца час, любіць выязджаць з сям'ёй і сябрамі на раку Маўчадку.

Н. ВОЛЬНАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/