В. ІНДУРА: “МОЙ ДЭВІЗ: НЕ ЗАСТАВАЦЦА У БАКУ АД ПАДЗЕЙ”



Вольга Індура - прыемная і сур'ёзная дзяўчына з устойлівымі жыццёвымі прынцыпамі і ўласным поглядам на многія рэчы, і ні што, акрамя лейтэнанцкіх пагонаў, на першы погляд не выдае ў ёй супрацоўніка міліцыі, а тым больш інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

- Цікаўная, актыўная, мэтанакіраваная, — так характарызуюць яе саслужыўцы. За гэтыя якасці на сёлетняй справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” яе кандыдатура была ў ліку прапанаваных для выбару ў моладзевы актыў раёна. I вось ужо некалькі месяцаў Вольга з'яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Дзятлаўскага раённага аддзела міліцыі. За плячамі ў яе дзесяць гадоў членства ў “Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі” і значны вопыт грамадскай дзейнасці:

- Міліцыя заўсёды прымае самы актыўны ўдзел у разнастайных моладзевых акцыях і мерапрыемствах па лініі дзяржаўтаінспекцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх, — расказвае Вольга Індура. - Гэта і работа з моладзевымі атрадамі аховы правапарадку, і конкурсы юных інспектараў дарожнага руху, і асабліва запамінальныя для моладзі раёна спаборніцтвы скутарыстаў “Шустры кубік”, і першынство раёна па плаванні “Калядны заплыў", а таксама дні адчыненых дзвярэй, лекторыі для школьнікаў па захаванні здаровага ладу жыцця, прафілактычныя акцыі па барацьбе з наркотыкамі.

Наша пярвічная арганізацыя не вельмі вялікая — усяго 12 чалавек, але мы стараемся не адставаць ад іншай моладзі раёна, памагчымасці, удзельнічаць у мерапрыемствах. Дарэчы, і цяпер наша каманда з пяці чалавек прыняла ўдзел у адкрытым раённым турніры па пейнтболе. На Дзятлаўшчыне такое мерапрыемства праходзіла ўпершыню, і для моладзі яно было асабліва цікавым. Наогул, я лічу, што ў наша стагоддзе камп’ютарных тэхналогій людзі сталі шмат часу праводзіць ля манітора. Нават размовы з сябрамі і суседзямі часцей адбываюцца “ВКонтакте”, чым у жыцці. Многія выкарыстоўваюць вольны час, каб “пахадзіць” па прасторах Інтэрнэту, а не атрымаць асалоду ад вячэрняй прагулкі, выезду на прыроду, захапляльнай спартыўнай гульні. Лічу, прыспеў час паказаць моладзі, што камп'ютару ёсць цікавая альтэрнатыва. Жывая размова, актыўныя гульні, паездкі і паходы знімаюць агрэсію, прыносяць радасць. Чалавек не стане шукаць задавальнення ў алкаголі або “спайсе”, калі яму ёсць чым заняцца і ён мае сапраўдных сяброў. Таму я толькі “за", калі бачу, што моладзевая арганізацыя шукае новыя формы работы. Але ў дзяцей і маладога пакалення варта яшчэ выхоўваць дысцыпліну, каб акрамя словаў “я хачу" яны ведалі слова “трэба".

У самой Вольгі Індуры вольны час строга абмежаваны ў сувязі са службай. Нават у выхадныя і святы ёй часта даводзіцца выходзіць на дзяжурствы па ахове правапарадку, ездзіць у камандзіроўкі ў суседнія раёны, каб узмацніць патрулі, падтрымаць калегаў-міліцыянераў. Але дзяўчына не скардзіцца на цяжкасці, наадварот, кажа, што асэнсавана выбрала для сябе прафесію.

— Сама я родам з Дзятлава, скончыла сярэднюю школу №3, а пасля — Гродзенскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча хімічнай прамысловасці па спецыяльнасці “сакратар-бухгалтар, аператар ЭВМ”, - расказвае Вольга. — Вярнулася ў родны горад, але работу па спецыяльнасці не знайшла: працавала прадаўцом у магазіне “Квана". У снежні 2004 года з працы звальнялася мая матуля, якая была сакратаром у аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Гэта адпавядала маёй спецыяльнасці, і матуля прапанавала пайсці на яе месца. Так я трапіла ў аддзел. Тут мне спадабалася. Вырашыла прадоўжыць вучобу, каб быць не проста сакратаром, а супрацоўнікам міліцыі. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “юрыспрудэнцыя” ў Мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. У маі 2013 года была залічана курсантам у вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе мне прысвоілі першае званне “прапаршчыка". Праз тры месяцы падрыхтоўкі, у жніўні 2013-га, прыступіла да выканання службовых абавязкаў у Дзятлаўскім райаддзеле міліцыі на сваей цяперашняй пасадзе інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Варта зазначыць, што работа ў Вольгі Індуры спецыфічная. Гэта кантроль за асуджанымі да пакарання, якое не звязана з ізаляцыяй ад грамадства, і суправаджэнне асобаў, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі да пагашэння судзімасці. Людзі могуць быць розныя — і тыя, хто правёў за кратамі больш за палову жыцця, і асуджаныя ўпершыню. Каб сустракацца з такім кантынгентам, трэба мець цярпенне, быць псіхолагам.

- Работа складаная, - прызнаецца Вольга, — але ў мяне ёсць галоўнае: жаданне працаваць. I гэта не амбіцыі. Мой дэвіз у працы і ў жыцці: не заставацца ў баку ад падзей. I на больш спакойнае месца я ўжо не пагадзілася б. Калі да мяне ў кабінет прыходзяць паднаглядныя, то адношуся да іх перш за ўсё з павагай. Пад адзеннем не бачыш наколак, а ў душу да візіцёра не заглянеш. Функцыя нашай службы - накіраваць чалавека на шлях выпраўлення. Вядома, калі хто-небудзь выпраўляцца не збіраецца, то ў адносінах да яго прымаем меры ўздзеяння. Ахоўнікі правапарадку павінны абараняць спакой і жыццё простых грамадзян тымі сродкамі, якімі дазваляе закон. На гэта і скіроўваем намаганні. Паднаглядным дапамагаем працаўладкавацца, адаптавацца да жыцця ў грамадстве, паказваем, якімі павінны быць нармальныя ўзаемаадносіны з людзьмі.

Так, напярэдадні навагодніх святаў у межах акцыі “Крок насустрач” мы набылі падарункі для дзяцей паднаглядных, разам з начальнікам міліцыі ездзілі іх уручаць. Многія здзіўляліся нашаму візіту, але амаль нікога ён не пакінуў раўнадушным.

Як бачыце, мая служба, сакратарства ў пярвічцы, грамадская дзейнасць цесна ўзаемазвязаны і адзінае, чаго мне можа не хапаць, - гэта вольнага часу. Але, калі ўсё ж выдаецца свабодная хвілінка, стараюся патраціць яе на чытанне мастацкай літаратуры. Гэта маё захапленне. Я з'яўляюся членам кніжнага клуба. Вось толькі не люблю чытаць творы ў Інтэрнэце. Я павінна адчуваць кнігу, гартаць яе старонкі, бачыць вокладку. I яшчэ маё “залатое” правіла: абавязкова дачытваць пачатае да канца, нават калі твор не вельмі спадабаўся.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/