В. ДАНІЛЬЧЫК: “САМОЙ ПРЫЕМНА РАБІЦЬ ДОБРАЕ”



Камбінату бытавога абслугоўвання насельніцтва ёсць кім ганарыцца. Работнікамі, якія аддалі сваёй працы не адзін дзясятак гадоў. Сярод такіх, Валянціна Васільеўна Данільчык, загадчыца Дома быту ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Яе працоўны стаж складае ўжо 45 гадоў. І ад кіраўніцтва чуеш пра яе, як пра чалавека і работніка толькі добрае.

-- Працоўныя паказчыкі Валянціны Васільеўны заўсёды перавыконваюцца ў два разы, -- расказвае Мікалай Мікалаевіч Жук, дырэктар Дзятлаўскага КБА. -- Пэўна, гэта ўменне кантактаваць з людзьмі, якое дадзена ёй ад прыроды. У любой сферы, якая звязана з працай з людзьмі, яна мела б поспех.

-- Пасля заканчэння школы я ўзяла накіраванне на вучобу ў Дзятлаўскім райбыткамбінаце, -- пачынае аповед пра свой працоўны шлях Валянціна Васільеўна. -- Было гэта яшчэ ў сярэдзіне 60-ых гадоў мінулага стагоддзя. Паехала ў вучылішча ў Мінск, якое скончыла з адзнакай.
Вучобай у сталіцы яна сябе не абмяжоўвала. Была спартсменкай. Асабліва запомнілася са студэнцкіх гадоў, як ездзілі ў Маскву на IV спартакіяду народаў СССР па масавых практыкаваннях. Перад выступленнем былі тры месяцы актыўных трэніровак.
Пасля вучылішча вярнулася ў Дзятлава, дзе ёй на выбар прапанавалі працоўнае месца ў Казлоўшчыне ці Наваельні.

-- Абрала першае, бо Казлоўшчына славілася сваім ансамблем “Рэчанька”, -- з усмешкай успамінае Валянціна Васільеўна. – Першыя восем гадоў працавала майстрам па пашыве лёгкай верхняй вопраткі.

На тыя часы сярод работнікаў усе былі самавучкамі і спецыяльнай адукацыі не мелі. Швейны цэх толькі развіваўся, таму даводзілася дзяліцца сваімі прафесійнымі ведамі з работніцамі. Праз нейкі час Валянціна Васільеўна стала ўжо загадчыцай Дома быту ў Казлоўшчыне. Прыняла пад свой дагляд яшчэ і млынарню, лазню, часалку, будбрыгаду. А паслугамі лазні тады толькі з Казлоўшчынскага вучылішча карысталіся пад 700 студэнтаў. Трэба было наглядаць і за парадкам, і за своечасовым падвозам вугалю і вады. З часам швейны цэх пашырыўся да больш чым 20 работнікаў. З’явіліся цырульнікі, абутнікі, майстар па гадзінніках.

Цяжэй працаваць стала ў 90-я гады, калі з-за мяжы пайшлі тавары ў Беларусь. Заказаў стала менш, швейны цэх стаў скарачацца. Быў час, калі самой даводзілася прыпамінаць маладыя гады і рыхтаваць выкрайкі для швачак. Усё ж ішло пад індывідуальны пашыў з некалькімі прымеркамі.

-- А зараз, гляньце – усім адна вопратка падыходзіць, -- смяецца Валянціна Васільеўна, -- усе ходзяць у аднолькавым. Часам думалі, што наогул закрыемся, але неяк нашаму кіраўніцтву ўдалося захаваць быткамбінат. Пэўна, людзям гэта патрэбна.
За такі вялікі час працы яна вельмі добра вывучыла як жыхароў Казлоўшчыны, так і сваіх кліентаў у навакольных вёсках. Прымае ад іх заказы не толькі на бытавыя паслугі.

-- Калі трэба, то прывожу і лякарствы. Абзваньваю сваіх кліентаў, запісваю, каму што патрэбна. Больш за ўсё падабаецца абслугоўваць людзей. Калі зробіш каму добрую справу, то і самой прыемна. За ўсе свае працоўныя гады не прыпомню хамства ці дрэннага стаўлення.
Акрамя работы, нагружалі Валянціну Васільеўну і грамадскай працай: 20 гадоў была засядацелем у судзе, у пасялковым савеце доўгі час працавала намеснікам старшыні камісіі. Цяпер з’яўляецца назіральнікам на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У Валянціны Васільеўны два сыны. Адзін цяпер працуе дырэктарам у Казлоўшчынскай школе. Другі пасля арміі пайшоў у пажарную службу і цяпер з’яўляецца начальнікам пажарнай часці ў Лідзе. Ёсць і ўнук з унучкай. Пакуль на прафесійную сцежку не сталі, але старэйшы ўжо з’яўляецца студэнтам, а малодшай застаецца год да заканчэння сярэдняй школы.

-- Сваім калегам зычу аптымізму і цярпення. Калі не будзеш любіць сваю працу, то і працаваць будзе не ў радасць. А яшчэ б параіла больш увагі ўдзяляць пажылым людзям, якія абмежаваны ў сваіх магчымасцях.

Тэкст і фота В. АЛЯХНОВІЧА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/