УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ БЫЛОГА КАЛЕГІ ПА ПРАЦЫ



Чатыры гады таму, на 57-ым годзе абарвалася жыццё былога супрацоўніка Дзятлаўскага раённага аддзела міліцыі, палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Анатоля Леанідавіча Панкевіча.

На службу ва ўнутраныя органы ён прыйшоў у 1973 годзе. За час працы прайшоў усе прыступкі міліцэйскай прафесіі: ад міліцыянера і старшага інспектара дазвольнай сістэмы да намесніка начальніка аддзела па аператыўнай рабоце, а пазней і начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 13 гадоў, на працягу якіх паспяхова кіраваў асабістым саставам райаддзела.

Нарадзіўся Анатоль Леанідавіч Панкевіч 23 жніўня 1956 года, а памёр 23 жніўня 2009 года. Сёлета ў дзень памяці былога калегі на Дзятлаўшчыне сабраліся ветэраны раённага аддзела міліцыі, сябры, саслужыўцы амаль з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Яны ўсклалі кветкі на магілу Анатоля Леанідавіча.

Ушанаванню яго памяці была прысвечана і сустрэча ў райаддзеле, якая адбылася ў гэты дзень. Тут імя былога начальніка дзятлаўскай міліцыі ўзгадвалі ветэраны службы. Яны расказвалі пра Анатоля Леанідавіча Панкевіча, як пра чалавека шчырай душы, граматнага, шырока эрудыраванага супрацоўніка.

Анатоль Вацлававіч Жалнерчык, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама, звярнуўся на сустрэчы са словамі ўдзячнасці да калегаў і ветэранаў за тое, што яны памятаюць былых супрацоўнікаў, падтрымліваюць традыцыі райаддзела, прыходзяць на ўрачыстыя мерапрыемствы і актыўна цікавяцца буднямі дзятлаўскай міліцыі.

А. ЛАМАКА, старшыня савета ветэранскай арганізацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/