УСЁ ПАД КАНТРОЛЕМ



Служба КВПіА – хіба што самая загадкавая і самая незаўважная ў камунальнай гаспадарцы. Але ад гэтага не менш патрэбная. Свята камунальнікаў – добрая нагода прыадкрыць заслону таямніцы і распавесці, чым служба займаецца і хто тут працуе.

-- Расходамеры, напорамеры, манометры, кантактныя манометры, частотныя прывады, – пералічвае майстар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Віктар Юч сваю “гаспадарку”, прылады, з якімі іх службе даводзіцца працаваць штодня.

Адна справа падаць у дамы ваду і цяпло, другая – кантраляваць іх правільнае пастаяннае паступленне і расход: каб з крана цякла цёплая вада, каб батарэі былі не халодныя і не надта гарачыя, каб ціск паветра ў катле на кацельні адпавядаў норме.

За ўсімі гэтымі справамі, якія, па меркаванні абывацеля, робяцца самі сабой, стаіць праца менавіта гэтай службы. Праўда, зусім не шматлікай. Акрамя яе кіраўніка, майстра Віктара Юча, у КВПіА працуюць два спецыялісты – адзін вопытны, другі – малады. Навучае “навабранцаў” і кантроль іх працы робіць сам Віктар Іванавіч, ён характарызуе сваіх работнікаў як надзейных і адказных.

На прапанову ўявіць, што было б, каб іх служба не існавала, майстар толькі ўсміхаецца:
-- Можна было б правесці такі эксперымент. Але, шчыра, яго вынікі вам бы не спадабаліся.

Летась служба пачала вырашаць важную задачу, якая выконваецца цяпер і будзе працягвацца ў наступным годзе. Гэта ўстаноўка аўтаматычных рэгулятараў падачы цяпла ў кватэры адпаведна з тэмпературай навакольнага асяроддзя. Такія рэгулятары ўжо ўстаноўлены практычна ва ўсіх дамах мікрараёна вуліцы Навагрудскай. Сёлета будуць распачаты аналагічныя работы па ўстаноўцы такіх рэгулятараў у мікрараёне вуліцы Перамогі. Як вынік – пры чарговым капрызе нашага вельмі зменлівага надвор’я камунальнікам не трэба будзе спяшацца, каб хутчэй выправіць у кватэрах “ташкент” ад рэзкага пацяплення ці “лядоўню” – ад пахаладання. Тэмпература будзе трымацца ў аўтаматычным рэжыме.

Таксама добра зарэкамендавала сябе практыка ўстаноўкі рэгулятараў на нагрэў цёплай вады. Дзякуючы такім рэгулятарам, вы не атрымаеце з крана раптоўна замест цёплай вады кіпень. Такая прылада ўплывае і на энергазберажэнне: эканоміцца паліва на нагрэў вады.

Гэтыя і многія іншыя прыборы, “падведамасныя” службе КВПіА, апраўдваюць сябе як нельга лепш. Таму, па словах Віктара Юча, будуць і ў далейшым устанаўлівацца ў шматкватэрных дамах, у першую чаргу ўведзеных пасля капітальнага рамонту.

-- Неабходныя бліжэйшым часам прыборы аўтаматыкі закуплены і чакаюць устаноўкі, – акрэслівае бліжэйшую будучыню службы Віктар Іванавіч. – Мяркую, яны зробяць работу камунальнай службы больш эфектыўнай і камфортнай для людзей.

А сваім калегам у прафесійнае свята і заўжды Віктар Юч зычыць здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/