УЛАДЗІМІР КАМАРОЎ: “КАЛІ НА ПАДЛЕТКАЎ НЕ ЗВЯРТАЦЬ УВАГІ – МАРАЛЬНАСЦЬ БУДЗЕ НА НУЛІ”



У вёсцы Ніз Слонімскага раёна з 9 чэрвеня пачне працаваць духоўна-асветніцкі цэнтр для дзяцей. Якім чынам будзе наладжаны адпачынак дзяцей, чым адрозніваецца цэнтр ад звычайных летнікаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае настаяцель храма “Спаручніца грэшных” горада Слоніма, дырэктар духоўна-асветніцкага дзіцяча-юнацкага цэнтра, протаіерэй Уладзімір Камароў.

-- Духоўна-асветніцкі цэнтр мае назву “У гасцях у бацюшкі”. Гэта назва хатняга летніка, які на працягу сямі гадоў папярэднічаў стварэнню цэнтра. У нас дома, у міні-праваслаўным летніку, адпачывалі 22 дзіцяці нядзельнай школы. За летні перыяд ладзілі 2-3 змены. І гэта, калі не лічыць часу, што ўсёй групай знаходзіліся на моры. Тады і з’явілася назва.

-- З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца, калі пачалі ў 2012 годзе кіраваць цэнтрам?
--- Праблема была ў тым, што будынкі старыя. І цяпер, пакуль няма дзіцячай змены, мы праводзім капітальны рамонт. У дадзены момант аднаўляем домікі для выкладчыкаў і абслугоўваючага персанала. Да пачатку змены ўсе запланаваныя работы будуць выкананы.

-- А хто фінансуе дзейнасць праваслаўнага цэнтра?
-- Зрабіць рамонт трапезнай і кухні дапамог архіепіскап Гурый, выдзеліўшы частку неабходных на гэта грошай. Часткова затраты ўзялі на сябе мы самі. Сёлета фінансамі будуць дапамагаць благачынні і епархія. Асабліва вялікую дапамогу аказвае Слонімскае благачынне. Таксама свет не без добрых людзей: Юрый Валянцінавіч Бяссонаў, начальнік Слонімскага ўпраўлення магістральных газаправодаў, пастаянна аказвае дапамогу, выдзяляе тэхніку.

-- Хто ў вашым цэнтры можа адпачыць?
-- На пачатку планавалася, што гэта будзе цэнтр для нядзельных школ нашай епархіі. Але неўзабаве сюды сталі прыязджаць дзеці з розных епархій – Мінскай, Гродзенскай, Пінскай, Брэсцкай. Да прыкладу, у цэнтры ўжо не першы год адпачываюць дзеці з Зэльвенскага раёна, якія займаюцца ўсходнімі адзінаборствамі. Летась у нашым цэнтры адпачывалі дзеці з Масквы.

-- Што прапаноўвае цэнтр дзецям?
-- Асноўная задача цэнтра – навучыць дзяцей маліцца, абудзіць цікавасць да малітвы і стасункаў з Богам. Робіцца гэта не прымусова, у хатняй царкве на тэрыторыі цэнтра. Раніцай і вечарам чытаецца малітоўнае правіла. За кожным дзіцём замацоўваецца пэўная малітва, якую ён павінен навучыцца выразна і ўдумліва чытаць. Таксама традыцыяй стаў хрэсны ход з крыжам, іконамі, святынямі. Яго дзеці ажыццяўляюць з песнапеннямі. Лепшым па паводзінах і тым, хто актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, даецца права несці святыні. Дзеці разумеюць, што гэта ганарова, а таму імкнуцца быць ва ўсім лепшымі. Раніца ў цэнтры пачынаецца з фізічнай зарадкі, затым -- малітва, сняданак, паслушэнства.

-- Паслушэнства? А што гэта такое?
-- Гэта -- давераная дзецям пасільная работа, якую дзіця абавязкова павінна выканаць. У цэнтры хтосьці займаецца ўборкай тэрыторыі, іншыя прыбіраюць у доміках, аказваюць дапамогу на кухні. За акуратнасцю ў выкананні даручанага задання назіраюць выкладчыкі. Паслушэнства доўжыцца не больш за гадзіну.

-- Цэнтр яшчэ называецца асветніцкім. Што гэта азначае?
-- Акрамя таго, што дзеці вучацца малітве, яны яшчэ атрымліваюць веды пра царкву, святых, убранства храма, таінствы. У цэнтры педагогі для дзяцей праводзяць гульню "Што? Дзе? Калі?", якая садзейнічае замацаванню ведаў. Кожную нядзелю або ў царкоўнае свята ў храме праводзіцца літургія. За змену, якая доўжыцца 13-14 дзён, праводзяцца мінімум два богаслужэнні. Для дзяцей ладзяцца "Зарніцы", турніры па футболе, піянерболе, валейболе. Ёсць духавыя ружжы, з якіх можна пастраляць па мішэнях. На тэрыторыі цэнтра размешчаны пажарны вадаём, куды жадаючыя могуць схадзіць палавіць рыбу.

-- Чым яшчэ адрозніваецца духоўна-асветніццкі цэнтр "У гасцях у бацюшкі" ад піянерскага летніка?
-- Традыцыйнай стала паломніцкая паездка па святых мясцінах. Кіраўніцтва цэнтра плануе маршрут штораз у новае месца, каб дзецям было цікава там пабыць. Гэтым летам мяркуем наведаць Пскова-Пячорскі манастыр. Праўда, каб туды паехаць, дзецям неабходна сябе зарэкамендаваць са станоўчага боку. Адзін з уладальнікаў аграсядзібы паабяцаў дапамагчы ў набыцці 2-3 коней для цэнтра, каб дзеці маглі ажыццяўляць конныя прагулкі.

-- На які ўзрост дзяцей разлічаны цэнтр?
-- Самаму меншаму з насельнікаў было пяць гадоў. Ён адпачываў разам з бабуляй-медсястрой, а самаму старэйшаму споўнілася 17 гадоў.

-- Ці могуць дарослыя адпачываць у вашым цэнтры?
-- Хіба толькі, калі арганізаваць асобную змену. Калі ж прыняць дарослага чалавека ў дзіцячую змену, то атрымліваецца, што хтосьці з дзяей сюды не трапіць. Мы набіраем абмежаваную колькасць дзяцей: больш за 50 чалавек прыняць не можам. Падрастаючае пакаленне -- будучыня царквы. Калі сёння на падлеткаў не звяртаць увагі, то праз 10-15 гадоў мы прыйдзем да вельмі сумнага выніку: маральнасць будзе на нулі. Калі дзіця прыязджае ў праваслаўны цэнтр,яно далучаецца да духоўнага свету вечных маральных ідэалаў, якія панясе з сабой па жыцці.

-- Раскажыце, як можна трапіць у ваш цэнтр?
-- Першая змена пройдзе з 9 па 22 чэрвеня. Запісацца можна ў метадыста па тэлефоне +375298867202 (Валянціна Андрэеўна). Зрабіць гэта лепш загадзя.

Карыстаючыся магчымасцю, звяртаюся да ўсіх нераўнадушных хрысціян з просьбай аказаць пасільную матэрыяльную дапамогу нашаму епархіяльнаму цэнтру "У гасцях у бацюшкі". Банкаўскія рэквізіты ўказаны на сайце Навагрудскай епархіі.

Гутарыў І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/