УЛАДА І ДУХАВЕНСТВА ІМКНУЦЦА ДА ПРАДУКЦЫЙНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА



У Дзятлаве прайшлі сустрэчы старшыні райвыканкама Івана Крахмальчыка са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Удзел у сустрэчах таксама прынялі намеснік старшыні райвыканкама Пётр Чырко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Мацюкевіч і яго намеснік Аляксандр Камароў.

У час шчырага дыялогу кіраўнік раёна хацеў даведацца аб праблемах, з якімі сутыкаюцца святары Дзятлаўшчыны, а таксама зразумець, які настрой сёння пануе ў грамадстве, якімі праблемамі і радасцямі дзеляцца вернікі з пастырамі, на што скардзяцца.

-- З нашага боку, з боку ўлады, робіцца ўсё, каб Дзятлаўскі раён жыў і дынамічна развіваўся, -- адзначыў Іван Крахмальчык. – Нямала для гэтага было зроблена ў 2013 годзе і не толькі ў райцэнтры, але і ў сельсаветах, сельгасвытворчых кааператывах, аб чым сведчаць высокія паказчыкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця раёна. Толькі не ў паказчыках справа – мы імкнёмся, каб людзі на Дзятлаўшчыне былі працаўладкаваны і атрымлівалі годную зарплату, каб без боязі стваралі сем’і, каб былі забяспечаны жыллём. Аднак багацце чалавека складаецца не толькі з матэрыяльных каштоўнасцяў, але і душэўнага спакою, які стварыць і прымножыць могуць менавіта духоўныя настаўнікі.

Гэта меркаванне старшыні райвыканкама падтрымалі як праваслаўныя, так і каталіцкія святары, і пагадзіліся, што праз іх прызванне несці ў масы божае слова, якое вучыць міласэрнасці і правільнаму ладу жыцця, магчыма дабіцца поспехаў. Напрыклад, у барацьбе са згубнай чалавечай прагай да спіртнога. Праблема п’янства сёння з’яўляецца вострай у Дзятлаўскім раёне. Усцешна, што актыўнымі саюзнікамі ўладам у барацьбе з п’янствам сталі святары, асабліва маладое пакаленне пастыраў. Напрыклад, ксёндз Віктар з Раготна, які, нягледзячы на малады ўзрост і невялікі вопыт (ён толькі сем месяцаў як атрымаў першы прыход), вельмі рашуча настроены на прафілактычную работу з мясцовым насельніцтвам. Асабліва яго клапоцяць сацыяльна ненадзейныя сем’і, дзе ад злачыннай і ганебнай звычкі бацькоў пакутуюць дзеці.

Абмяркоўвалі таксама на сустрэчах, наколькі актыўна цяпер людзі наведваюць рэлігійныя ўстановы. Засмучальным застаецца той факт, што насельніцтва Дзятлаўшчыны штогод змяншаецца. Святароў, асабліва сельскіх, гэта вельмі хвалюе – без вернікаў няма прыходу. Разам з тым, гарадскія і пасялковыя храмы, па запэўненнях ксяндза Алега з Дзятлава, айца Валерыя з Наваельні, стала больш актыўна наведваць моладзь. Таксама, айцец Валерый падзяліўся з прысутнымі добрай навіной – хутка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё нядзельнай школы пры Наваельнянскім храме. Шмат сіл прыклалі святар і вернікі для будаўніцтва школы. Сёння яна гатова да эксплуатацыі, завяршаецца добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі.

З адной тэмы вылілася і другая – Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, айцец Мікалай занепакоены амаль поўным “засяленнем” праваслаўных могілак у райцэнтры. Старшыня райвыканкама патлумачыў, што пытанне стаіць на кантролі, адказныя службы займаюцца праектам выдзялення дадатковай тэрыторыі. Будзе разгледжана і прапанова благачыннага, якая прагучала ў час сустрэчы, аб дазволе пахаванняў на свабоднай пляцоўцы, якая знаходзіцца каля ўвахода на могілкі і лічыцца тэхнічнай, але ніяк не выкарыстоўваецца.

Было ў кіраўніка раёна і сваё пытанне да Благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі. Сёлета спаўняецца дваццаць гадоў з пачатку будаўніцтва праваслаўнага храма ў Дзятлаве. Іван Крахмальчык пацікавіўся ў айца Мікалая, калі запланавана завяршыць узвядзенне храма. На жаль, святар не змог агучыць канкрэтныя тэрміны будаўнічых работ і спаслаўся на недахоп фінансаў, адзначыўшы толькі, што ў бліжэйшых планах – вонкавая тынкоўка сцен новага храма. Што датычыцца каталіцкага касцёла ў райцэнтры, у гэтым годзе сродкі будуць накіраваны на хутчэйшае заканчэнне рэстаўрацыі яго фасада. Старшыня райвыканкама нагадаў святарам, што храмы з’яўляюцца не толькі збудаваннямі для здзяйснення набажэнстваў і рэлігійных абрадаў, але духоўнай і гістарычнай спадчынай, таму вельмі прывабныя ў якасці турыстычных аб’ектаў. Гэта прымушае падтрымліваць іх “знешні выгляд” у добрым стане. Паколькі фінансавая сітуацыя аднолькава складаная для абодвух дзятлаўскіх храмаў, не выключана, што з ініцыятывы прыходскіх саветаў храма Прэабражэння Гасподня і касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і падтрымкі раённага выканаўчага камітэта будзе праведзены раённы суботнік для збору сродкаў на будаўніцтва царквы і рамонт касцёла.

Трэба адзначыць, што рамонт і рэстаўрацыя храмаў – гэта адзіная праблема, якая цяпер хвалюе не толькі “гарадскіх” служыцеляў культу, але і святароў пасялковых, сельскіх прыходаў. Зразумела, сітуацыі розныя: калі, да прыкладу, айцец Аляксей з Накрышак заняты, як сам гаворыць, захаваннем той багатай спадчыны, што засталася яму ад яго папярэднікаў, то ксёндз Віктар з Раготна шукае спосабы для рамонту касцёла, які знаходзіцца ў заняпадзе.
Але духам прадстаўнікі абедзвюх канфесій не падаюць:

-- Калі мы працуем, помнім Госпада Бога, і ўсё атрымліваецца, і сыходзяць страхі.
Вырашалі сумесна ўлады і духавенства на сустрэчах яшчэ адну тэхнічную праблему – абавязковае патрабаванне аб закупе і ўсталяванні вельмі дарагой супрацьпажарнай сістэмы на будынкі храмаў. Трэба адзначыць, што старшыня райвыканкама з разуменнем падышоў да гэтага пытання, і было знойдзена адзінае кампраміснае выйсце, з якім пагадзіліся ўсе святары.

Вялікую падзяку дзятлаўскай міліцыі, райвыканкаму і іншым службам, якія мелі дачыненне да аператыўнага раскрыцця крадзяжу царкоўнай маёмасці з касцёла Божага Цела ў Дварцы, на сустрэчы ў райвыканкаме выказаў ксёндз Веслаў. Здарэнне адбылося незадоўга да каталіцкіх Калядаў 2012 года. Тады злачынца, узламаўшы дзверы, пад покрывам цемры вынес з касцёла пяць пазалочаных чар, падсвечнікі, талеркі і іншыя абрадавыя прадметы. Рэзананснае злачынства было раскрыта ў самы кароткі тэрмін.

Што датычыцца мірскіх праблем, выказалі святары незадаволенасць людзей станам дарог у некаторых населеных пунктах, дрэнным аўтобусным забеспячэннем, а таксама работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі па вывазе смецця. Гэтыя надзённыя пытанні ўзяты на кантроль старшынёй райвыканкама і, па магчымасці, будуць вырашаны.

Падвёўшы вынікі абедзвюх сустрэч, кіраўнік раёна рэзюмаваў:
-- Улады падтрымлівалі і будуць падтрымліваць канфесіі раёна, паколькі царква можа даць адказы на важныя пытанні сучаснасці. Я ўпэўнены, калі будзем працаваць разам, сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, і дзятлаўчане будуць ганарыцца сваім краем.

І. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/