УЧАСТКОВЫ - МІЛІЦЫЯНЕР ШЫРОКАГА ПРОФІЛЮ



У лістападзе свае прафесійнае свята адзначылі участковыя інспектары беларускай міліцыі. Менавіта ў апошні месяц восені ў 1923 годзе Цэнтралыным адміністрацыйным управлением Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР была зацверджана Інструкцыя ўчастковаму назіральніку горада, якая заклала нарматыўную базу для стварэння і развіцця ўчастковай службы. 3 таго часу мінулі 92 гады, але і сёння служба участковых інспектараў міліцыі з'яўляецца самай блізкай да людзей, самай універсальнай.

Участковы — гэта міліцыянер шырокага профілю. Людзей гэтай прафесіі вылучаюць мужнасць, чалавечнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Усе пералічаныя якасці характэрны для прадстаўніка міліцэйскай дынастыі, участковага інспектара міліцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама з дзесяцігадовым стажам — Віктара Анатольевіча Лазуты.

Нарадзіўся Віктар Анатольевіч на Дзятлаўшчыне, у гарпасёлку Казлоўшчына, у сям'і супрацоўніка міліцыі Анатоля Уладзіміравіча Лазуты. 3 дзяцінства цікавіўся прафесіяй бацькі, ды і хто з хлопчыкаў хоць аднойчы не марыў апрануць міліцэйскую форму, паўдзельнічаць у сапраўдным расследаванні. Аднак у міліцэйскую прафесію Віктар прыйшоў не адразу. Пасля школы скончыў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, год адпрацаваў эканамістам і зразумеў, што лічбы, паперы, кабінетная работа — гэта сумна. Тады і прыспеў час рэалізаваць дзіцячую мару.

У Дзятлаўскі раённы аддзел міліцыі Віктар Лазута прыйшоў у 1998 годзе, завочна скончыў Магілёўскую сярэднюю школу міліцыі. Працаваць пачынаў на пасадзе малодшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы. У гэты час з ім заўсёды быў побач, падбадзёрваў, настаўляў, дапамагаў старэйшы калега Віктар Віктаравіч Чучва. 3 кожным месяцам службы назапашваўся прафесійны вопыт. Праз некаторы час Віктар Анатольевіч быў пераведзены на пасаду памочніка дзяжурнага, а ў 2005 годзе стаў участковым інспектарам міліцыі. Сёлета споўнілася 10 гадоў, як ён паспяхова працуе на гэтай пасадзе.

Спачатку сачыў за правапарадкам на тэрыторыі Жукоўшчынскага, пасля — Раготнаўскага сельсаветаў, цяпер яго адміністрацыйны ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі роднага Казлоўшчынскага сельскага савета. Тут ён працуе ў тандэме з Віталем Іванавічам Грышуком, які адказвае за правапарадак у самім гарпасёлку, падведамасная тэрыторыя Віктара Анатольевіча — 33 мясцовыя вёскі. Участак раскінуўся на дзясяткі кіламетраў, і паспець усюды своечасова — задача не з лёгкіх, але выручае службовая машына. Віктар Анатольевіч, як карэнны жыхар Казлоўшчыны, выдатна ведае, чым "хварэе" давераны яму ўчастак. Пад яго наглядам увесь ненадзейны кантынгент, ён адсочвае любыя змены ўжыцці мясцовых жыхароў, адным з першых даведваецца пра новых людзей, якія прыехалі пагасцяваць або вырашылі застацца тут жыць.

Па словах участковага інспектара, многія правапарушэнні на падведамаснай тэрыторыі звязаны з ужываннем алкагольных напояў, крадзяжамі маёмасці. Здараецца, што парушальнікамі з'яўляюцца маладыя людзі, бо ў Казлоўшчыне знаходзіцца філіял Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Таксама сярод задач Віктара Анатольевіча — вырашэнне надзённых праблемаў жыхароў: супакойваць хатніх скандалістаў, разглядаць спрэчкі паміж суседзямі, праводзіць прафілактычныя гутаркі з раней судзімымі, змагацца з незаконным вырабам і абаротам алкаголю — адным словам, з усім тым, што можа парушаць спакой і законныя інтарэсы людзей.

— Жыхары майго участка, — расказвае Віктар Лазута, — людзі пераважна пажылога ўзросту, з багатым жыццёвым вопытам. Мне падабаецца з гмі размаўляць, слухаць іх успаміны. Аднак даводзіцца актыўна весці прафілактычную работу, бо найчасцей менавіта старыя людзі церпяць ад махляроў або становяцца ахвярамі злодзеяў. Каб гэтага не здарылася, расказваю ім пра выпадкі махлярства, тлумачу, як захаваць маёмасць ад пасягальніцтваў зламыснікаў, раздаю наглядную агітацыю.

Я і Віталь Іванавіч Грышук пастаянна і цесна супрацоўнічаем са старшынёй Казлоўшчьінскага сельсавета, які ў мінулым таксама супрацоўнік міліцыі, яшчэ адзін з нашых былых калегаў — дырэктар дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Наладжаны ў нас цесны кантакт і з іншымі мясцовымі кіраўнікамі. Пры сельвыканкаме працуе савет прафілактыкі грамадскага пункта аховы парадку. У час пасяджэнняў разглядаем паводзіны грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця або на якіх складзены адміністрацыйныя пратаколы. Работа ў згуртаванай камандзе дапамагае дасягаць станоўчых вынікаў.

Нягледзячы на ўсе складанасці прафесіі Віктар Лазута ні разу за 17 гадоў работы ў міліцыі не пашкадаваў аб сваім выбары.
— Мне тут цікава, кожны дзень прыносіць штосьці новае, я не сяджу на месцы, вырашаю службовыя задачы, — зазначае ён.
Вольнага ад работы часу ва ўчастковага інспектара міліцыі не так ужо і шмат, але яго Віктар Анатольевіч любіць бавіць з роднымі — жонкай Алесяй Міхайлаўнай і дзесяцігадовым сынам Ягорам. Сям'я — гэта надзейны тыл, месца, дзе Віктара чакаюць, разумеюць, падтрымліваюць. Разам яны любяць падарожнічаць, ладзіць сямейныя экскурсіі, удзельнічаць у школьных мерапрыемствах сына. Дарэчы, і Ягор жыва цікавіцца работай таты. Магчыма, ён стане прадаўжальнікам міліцэйскай дынастыі ўжо ў трэцім пакаленні, ва ўсялякім выпадку бацька падтрымае любое рашэнне сына.

Сваім калегам-участковым Віктар Анатольевіч Лазута жадае моцнага здароўя, цярпення, службовых поспехаў і паменш папяровай работы.

I. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/