У ЖЫЦЦІ ТЫ НЕ АДЗІНОКІ



Пад такім дэвізам у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшла цёплая сустрэча дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прымеркаваная да Дня інвалідў.

Мерапрыемства праходзіла ў сяброўскай атмасферы, за чаем і пачастункамі. Была арганізавана дэгустацыя прадукцыі ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". Выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі завіталі ў госці да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык". Яны сустрэліся, каб падтрымаць адзін аднаго, усяліць надзею на лепшае, атрымаць зарад аптымізму і бадзёрасці, якога хопіць на доўгія зімовыя дні, аж да навагодніх святаў, калі сябры зноў збяруцца разам.

Песняй-малітвай пачаў мерапрыемства Алег Бяляк, удзельнік і лаўрэат Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў "Віцебск-2011". Сур'ёзны настрой іскрынкай гумару разбавілі Алеся Лукашэня, Аляксандр Калодка, Таццяна Уласевіч з танцавальнай мініяцюрай "Выпадковае знаёмства". Удзельнік фестывалю ў Санкт-Пецярбургу "Крок насустрач" Віталь Крэйдзіч падарыў прысутным лірычную песню "Караблі".

Музычную эстафету перанялі валанцёры з гімназіі №1 г. Дзятлава пад кіраўніцтвам Жанны Калпінскай. Яны не толькі спявалі і танцавалі для прысутных, але правялі з імі некалькі займальных гульняў, падарылі ім канструктары і салодкія пачастункі, набытыя на грошы ад акцыі "Дзень пячэння".

Юныя ўдзельнікі сустрэчы Лера Дубіцкая і Лёша Гаспадарык разам з дырэктарам карэкцыйна-рэабілітацыйнага Цэнтра Марынай Гуговіч выканалі песню "Сняжынка".

Таццяна Нікіпорчык, загадчыца аддзялення "Праменьчык", у гэты асаблівы дзень пажадала прысутным веры ў людзей, Бога і шчаслівую будучыню, а таксама -- любові, якая акрыляе чалавека, дае сілы змагацца са смуткам і адчаем.

Завяршыў сустрэчу аптымістычнай аўтарскай песняй пра Беларусь Алег Бяляк, які пажадаў сваім сябрам цярпення, удачы, упэўненасці ў сваіх сілах.

Падарункі ад валанцёраў -- шматдзетнай сям'і Качагур з Навагрудка -- усім прысутным уручылі спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Ніхто не застаўся з пустымі рукамі -- прыгожыя мяккія цацкі на доўгі час стануць напамінам пра цёплую сустрэчу добрых, таленавітых людзей.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/