У ЖЫРОВІЧАХ ПРОЙДЗЕ СЕМІНАР “АНАСТАСІС”



З благаславення правячага архірэя Навагрудскай епархіі архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя з 28 лютага па 2 сакавіка ў Жыровічах пройдзе семінар “Анастасіс”.

Ён праводзіцца з 1994 года ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і збірае з розных краін святароў, дактароў-псіхатэрапетаўтаў, псіхолагаў. Запрашаюцца алкаголе- і нарказалежныя грамадзяне, іх родныя. Удзельнікі дзеляцца вопытам, напрацоўкамі, сіламі і надзеямі, з дапамогай якіх можна было б аказаць падтрымку тым, хто прыехаў са спадзяваннямі пазбавіцца ад згубнай залежнасці. Тэма гэтага семінара “Бог, як мы Яго разумеем (Духоўныя падмены)”.

-- Чалавек, які пакутуе ад алкагалізму, забываецца пра тое, што любая залежнасць – гэта, найперш, здрада Таму, Хто даў нам права называцца сынамі Божымі. І прыкладам таму могуць быць словы святога апостала Паўла: “Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною… Цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела”, -- тлумачыць сэнс гэтага семінара кіраўнік аддзела Навагрудскай епархіі па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі іерэй Аляксандр Папоў. – Мэта семінара – данесці да людзей, што галоўная задача кожнага чалавека яшчэ тут, у гэтым жыцці, -- паяднацца з Хрыстом, а не быць пераможаным страсцю”.

Мяркуецца, што ў семінары прымуць удзел кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дыянісій Пясецкі, расійскі спецыяліст па сацыяльнай рэабілітацыі Алег Румін, выконваючы абавязкі дырэктара Праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра “Анастасіс” Віталь Пашкевіч, кіраўнік аддзела Навагрудскай епархіі па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі іерэй Аляксандр Папоў.

Падрабязную інфармацыю пра семінар, а таксама зарэгістравацца можна па тэлефоне +375291717938 (іераманах Агапій Голуб). Арганізатары мерапрыемства папярэджваюць, што зарэгістравацца можна да 26 лютага.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/