У САЧЫЎЛЯНАХ ЗГАРЭЎ ХЛЕЎ, ПАШКОДЖАНЫ ДОМ



Пра тое, што гарыць хлеў у вёсцы Сачыўляны па вуліцы Цэнтральнай, паведаміла суседка. Жанчына першай заўважыла, што з-пад даху суседняга хлява ідзе дым.

Адчыніўшы дзверы ў памяшканне, яна ўбачыла, што гарыць сена ўнутры гаспадарчай пабудовы. Спачатку суседзі спрабавалі самастойна патушыць узгаранне, аднак зразумеўшы, што з агнём справіцца ўжо немагчыма, выклікалі ратаўнікоў. Да іх прыезду аднавяскоўцы вывелі з хаты, якая размешчана побач з хлявом, састарэлую жанчыну. Яна жыла разам з дачкой і зяцем. Гаспадар хаты памёр. Пазней з дому вынеслі і газавы балон.

Калі прыехалі ратаўнікі, хлеў быў поўнасцю ахоплены агнём, ён перакінуўся і на размешчаны побач дом. Пачаў гарэць дах.
Пажар быў патушаны. У выніку яго хлеў і дах хаты былі поўнасцю знішчаны, пашкоджана маёмасць у хаце.

Прычынай узгарання, верагодней за ўсё, стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні сына памерлага гаспадара хаты.
Гэта ўжо восьмы пажар у гэтым годзе на Дзятлаўшчыне. Ахвярамі агню сёлета сталі два чалавекі.

А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/