У "Радон" з радасцю?



Гэты беларускі санаторый можна без перабольшвання паставіць у адзін шэраг са знакамітымі здраўніцамі іншых краін.

Да таго ж у яго ёсць нямала перавагаў. Аб санаторыі "Радон", які знаходзіцца ў маляўнічыс сасновым лесе ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, чулі нават тыя, хто ў ім ні разу не быў. Сюды даўно "пратапталі сцежку" не толькі жыхары Беларусі, але і іншых краін. Тут паспяхова лечаць хваробы апорна-рухальнага апарату, сардэчна-сасудзістай сістэмы, шчытападобнай залозы.

АСАБІСТЫ ДОСВЕД

Асабіста я праходзіў курс лячэння ў "Радоне" ўжо восем разоў і праз год абавязкова зноў прыеду ў гэты санаторый. Ва ўсялякім выпадку дактары настойліва рэкамендуюць мне падлечваць там раз у год зраненыя геалагічнымі паходамі ногі на працягу 10-12 курсаў. Аднак пачну не з хвалебных одаў экалагічна чыстай тэрыторыі, цудоўнай прыродзе і людзям, а з крытыкі таго, што перашкаджала паўнавартасна адпачываць і лячыцца.

Не буду станавіцца на пазіцыю майго суседа па абедзенным стале, жыхара Падмаскоўя, які толькі і казаў, што раней кармілі лепш і садавіны давалі больш, што спартыўныя пляцоўкі не на ўзроўні, што чарга да доктара велізарная, а трэнажорную залу можна наведваць толькі за дадатковую плату. Пры жаданні знайсці што-небудзь можна заўсёды. Але асабіста для мяне ўсё гэта — неістотныя дробязі, на якія можна наогул не звяртаць увагі. Кармілі нас добра, абслугоўвалі ўважліва і старанна.

Садавіну, якой не хапала каму-небудзь па рацыёне, можна было купіць у міні-маркеце ці ў вясковых жыхароў, прывозілі іх штодня. Выдатна абсталяваная трэнажорная зала, дзе працуе высокапрафесійны інструктар, сапраўды платная. Але ж мы плацім і за падводны душ-масаж, і за саўну — такая спецыфіка ўсіх санаторыяў, усюды ёсць дадатковыя платныя працэдуры і паслугі. А ліквідаваць пастаянную чаргу да доктара, на мой погляд, проста: трэба распрацаваць і ўкараніць пэўную камп'ютарную праграму.

НЕГОРШ, ЧЫМ У БАДЭН-БАДЭНЕ

Цяпер — аб самім лячэнні. Асноўнымі лячэбнымі фактарамі санаторыя з'яўляюцца мінеральныя радонавыя воды прыродных натуральных крыніцаў з глыбінь 270 - 310 метраў. Воды слабарадонавыя (185-1480 Бк/л), прэсныя (0,4 г/л), халодныя (9-10 °С), іона-солевы склад гідра-карбанатны магніева-кальцыевы.

Радонавыя мінеральныя воды не саступаюць па гаючых уласцівасцях аналагічным водам курортаў Расіі (Белакурыха на Алтаі), Грузіі (Цхалтуба), Украіны (Хмельнікаў, Дзеняшы), Кыргызстана (Чартак, Джалал-Абад) і Германіі (Бадэн-Бадэн). I тое, што гэта сапраўды так, сведчыць прысутнасць у "Радоне" палякаў, літоўцаў, армян, украінцаў і расіян.

Больш за тое, наш санаторый універсальны, паколькі тут разам з мінеральнай вадой выкарыстоўваюцца і мясцовыя сапрапелевыя гразі з возера Дзікага, у якіх прысутнічае вялікая колькасць мікраэлементаў. Гэта ставіць "Радон" у адзін шэраг з аналагічнымі санаторыямі Расіі, сярод якіх курорт Самацвет (возера Малтаева ў Свярдлоўскай вобласці), курорт Кісегач (возера Боляш у Чэлябінскай вобласці).

Аб іншых лячэбна-санаторных і культурных асаблівасцях пісаць не буду. Той, хто хоць раз адпачываў або лячыўся ў санаторыях, ведае іх дасканала: фізіятэрапія, масаж, прагулкі ў лесапаркавай зоне, экскурсіі, канцэрты і г.д.

І ўсё ж беларускі санаторый "Радон" стаіць адасоблена. Тут можна і трэба лячыцца... найчысцейшым паветрам. У радыусе больш за 35 кіламетраў няма прамысловых прадпрыемстваў. Радыяцыйны ўзровень у санаторнай зоне і далека за яе межамі не перавышае ўстаноўленых санітарных нормаў. Рака, возера, пляжы — усё побач. Тут выдатны абслугоўваючы персанал: ад нянечак, медсясцёр і работнікаў культуры да дактароў і адміністрацыі.

НЯМА МЯЖЫ ЎДАСКАНАЛЕННЯ

Пры самых мінімальных выдатках на добраўпарадкаванне інфраструктуры санаторнай базы можна ператварыць "Радон" у курорт у самым шырокім разуменні гэтага слова. Для гэтага ёсць усё неабходнае: прыродныя і тэхнагенныя фактары экалагічнай складаючай, спрыяльныя геолага-гідралагічныя ўмовы атрымання і выкарыстання мінеральных радонавых водаў і мясцовых лячэбных сапрапелевых гразяў, вельмі высокая ступень спрыяльнасці ландшафтных, кліматычных і геаграфічных умоваў.

А. БАГДАСАРАЎ, прафесар, член Беларускага геаграфічнага таварыства.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/