У МЕДЫЦЫНЕ - БОЛЬШ ЗА СОРАК ГАДОЎ



Таццяна Кайтанаўна Власенка, загадчыца Казлоўшчынскай бальніцы, свае прафесійнае свята сёлета адзначыць сорак другі раз.
Сустрэне яго на працоўным месцы — у суботу традыцыйна паліклініка будзе прымаць жадаючых прайсці вадзіцельскую медкамісію.
Пасля працоўнага дня Таццяну Кайтанаўну са святам павіншуюць родныя, сябры, суседзі.

— А пацыенты віншуюць?
— Не заўсёды. Магчыма, не ведаюць пра гэтае свята, магчыма, па іншых прычынах.

— Гэта засмучае?
— Крышку. Паколькі заўжды прыемна пачуць на свой адрас цёплыя словы.

На пасадзе загадчыцы паліклінікі Таццяна Кайтанаўна з 1998 года, пяць гадоў загадвае і бальніцай. А, увогуле, у медыцыне жанчына з 1973 года.

Калі толькі прыйшла працаваць, узгадвае яна, на абслугоўванні паліклінікі знаходзіліся 8000 жыхароў. Сёлета гэтая лічба складае пяць тысяч.
Насельніцтва старэе, вёскі выміраюць, дзетак нараджаецца мала. Так, за прайшоўшы перыяд бягучага года на участку нарадзілася толькі 16 немаўлят. А яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму за год гэтая лічба складала 40-50 дзяцей.

Радыус абслугоўвання Казлоўшчынскай паліклінікі даволі вялікі — гэта непасрэдна гарадскі пасёлак, 49 вёсак, 7 ФАПаў. У вёсках, як вядома, засталіся жыць пажылыя людзі. Не заўжды яны могуць своечасова трапіць на прыём у паліклініку — няма транспартных зносін.

— Як вырашаеце праблему?
— Ездзім у вёскі самі. Наведваюць жыхароў участковыя тэрапеўты. Асаблівая ўвага надаецца адзінокім пажылым людзям. А штомесяц нашы тэрапеўты выязджаюць у ФАПы, якія замацаваны за паліклінікай, праводзяць прыёмы.

Таксама вядзем мы і асветніцка-прафілактычную работу. Нашы медыкі прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія праводзіць школа, у рэалізацыі Дэкрэта №18, рабоце па вакцынацыі, флюараграфічным абследаванні.

— Таццяна Кайтанаўна, ці ўкамплектавана бальніца поўнасцю кадрамі?
— Усяго ў нас працуюць 62 чалавекі. Не хапае тэрапеўтаў, ёсць і свабодныя вакансіі медыцынскіх сясцёр. Разам з гэтым існуе і яшчэ адна праблема: 46% медыцынскіх сясцёр — пенсійнага ўзросту. Ёсць і дактары пенсійнага ўзросту.
А, увогуле, калектыў паліклінікі — згуртаваны, тут працуюць выдатныя людзі. Пра кожнага з іх можна сказаць толькі добрыя словы. Шмат гадоў працоўнага стажу ў тэрапеўта Анатоля Лявонцьевіча Юркевіча, у старэйшай медсястры Марыны Мікалаеўны Макарчык, медсясцёр Вольгі Вікенцьеўны Лазоўскай, Галіны Валянцінаўны Лычкоўскай, Станіславы Францаўны Грыб. Сем гадоў у нас працуе педыятрам Жанна Аляксандраўна Едчык. Яна зарэкамендавала сябе як выдатны спецыяліст.

— А на ваш погляд, як медыка з вялікім стажам працы, што з'яўляецца галоўным складальнікам вашай прафесіі?
— Маладыя спецыялісты, якія яшчэ толькі прыходзяць працаваць, павінны любіць сваю справу, калі што не атрымліваецца — не саромецца пытацца ў старэйшых калегаў, а вучыцца ў іх, пераймаць вопыт.

— Таццяна Кайтанаўна, што пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
— Здароўя, поспехаў у працы. А таксама, каб пацыенты ставіліся да іх ветліва і паважліва.

А. ГОМАН

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/