У ІМЯ ЦУДОЎНАЙ ДАМЫ



Часы рыцарства, здаецца, даўно мінулі. Ды як мінімум раз на год, у Дзень жанчын, усе мужчыны, юнакі і хлопчыкі становяцца сапраўднымі рыцарамі без страху і заганаў, самымі мужнымі і самымі галантнымі. На якія подзвігі дзеля дамы сэрца яны гатовы, ці ўяўляюць, якія кветкі варта дарыць сваёй любай жанчыне, – даведаемся з сакавіцкага апытання.

УЛАД ВЫСОЦКІ, выхаванец дзіцячага садка №2 горада Дзятлава:
“Я люблю матулю і дапамагу ёй зрабіць усю работу дома. Пасля заспяваю ёй песеньку і падару паштоўку, якую зрабіў сам. Больш за ўсё мая мама любіць ружы, але таксама ёй падабаюцца ўсе кветкі. Я намалюю іх для мамы”.

ДАНІІЛ ГУШЧА, выпускнік сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:
“Калі вельмі пастарацца, можна кожны дзень каханай дзяўчыны ператварыць у свята. Я гатовы здзіўляць яе пастаянна, здзяйсняючы дзеля яе самыя дзівацкія ўчынкі. Магу напісаць крэйдай на асфальце “Я цябе кахаю”, падарыць незвычайную мяккую цацку, прысвяціць песню… Але самае галоўнае – стараюся пастаянна ўдзельнічаць у яе жыцці, каб любімы чалавек заўжды адчуваў маю падтрымку. Любімыя кветкі маёй абранніцы – рамонкі. Зразумела, што ў жаночае свята я іх наўрад ці дастану, таму буду дарыць ружы”.

ВІТАЛЬ АЛЯХНОВІЧ, малады спецыяліст газеты “Перамога”:
“Я гатовы на што-небудзь не занадта гераічнае. Сучасныя жанчыны не распешчаны мужчынскай увагай, таму ў першую чаргу падмуркам подзвігу будзе пастаянная апека і клопат пра сваю дзяўчыну. Подзвігам раз на год дзяўчыну ў сябе не закахаеш. Лепш рабіць шмат маленькіх штодзённых подзвігаў: дапамагчы з сумкамі, падзяліцца смакатой, праявіць сябе рамантыкам. Праз такія ўчынкі дзяўчына зразумее, чаго ты насамрэч варты. І будзе ўпэўнена, што ўжо калі гаворка зойдзе пра вялікі подзвіг, за які можа "свяціць" цэлы медаль, то ў абранніку можна нават не сумнявацца. Мая любая аддае перавагу палявым кветкам, бо сама можа прыняць удзел у іх пошуку і складанні букета. Ніхто не ведае лепш самой дзяўчыны, чаго яна хоча, так што гэтым варта актыўна карыстацца і прыслухоўвацца да сваёй “палавінкі”.

СЯРГЕЙ ЧЫГІР, супрацоўнік Дзятлаўскага РАНС, шматдзетны тата:
“Для любай жанчыны, маёй жонкі, я гатовы калі не на подзвіг, то, сапраўды, на многае. Радаваць яе сваім клопатам і добрымі адносінамі, дапамагаць гадаваць і выхоўваць нашых дзяцей, каб сям’я была трывалай і шчаслівай. Я практык па натуры, таму стараюся выканаць любую яе просьбу, але толькі тады, калі гэта насамрэч у маіх сілах. Напрыклад, часта ездзім з жонкай і дзецьмі на пікнік у аблюбаванае нашай сям’ёй месца. У святочны дзень радую яе сюрпрызамі і абавязкова – кветкамі. Мая каханая любіць пэўныя сарты руж, чырвоных і белых, якія абавязкова дару ёй пры нагодзе”.

ЭДУАРД КУЛЕШ, былы загадчык дзятлаўскага аддзялення “Белаграпрамбанка”, пенсіянер:
“Калі казаць пра подзвіг у яго агульным разуменні, то ў маім сямейным жыцці няма подзвігу. Проста ўвесь гэты час я быў з жанчынай свайго жыцця – любімай жонкай, жыў для яе. Жыццё наша было зусім не простым. Сёлета спаўняецца 57 гадоў, як мы разам, і 52 з іх – змаганне за яе здароўе, якому я прысвяціў усяго сябе, на працягу гэтых гадоў робячы ўсё, што ад мяне залежала. З усімі цяжкасцямі мы спраўляліся, падтрымліваючы адзін аднаго. І сёння, праз многія гады і вялікія выпрабаванні, мы ўсё адно разам. Гэта не подзвіг, гэта сям’я. Сваёй любай жонцы я дарыў кветкі не надта часта, атрымліваючы пры гэтым ушчуванні за дарэмную трату грошай. І былі гэта, як цяпер помню, чырвоныя гваздзікі”.

Падрыхтавала да друку Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/