У ГОСЦІ ДА ПАРАВОЗАЎ



Гэты музей пад адкрытым небам, мабыць, многія з нас бачылі, праязджаючы праз станцыю "Баранавічы Палескія". Старадаўнія паравозы і вагоны, семафоры і дрызіны стаяць там у сасновым гайку ў пяці хвілінах хады ад чыгуначнага вакзала. І калі вы, паважаныя чытачы, дагэтуль не былі там, самы час стаць гасцямі горада Баранавічы і пашырыць свой кругагляд. Што нядаўна і зрабілі карэспандэнты газеты “Перамога”.

Аддзел "Чыгуначная тэхніка" быў утвораны ў 15-гадовы юбілей Музея гісторыі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. А сёлета сам аддзел адзначае сваё пятнадцацігоддзе. 30 ліпеня 1999 года адчыніла свае вароты першая, і на той момант адзіная ў Беларусі, экспазіцыя чыгуначнай тэхнікі пад адкрытым небам, якая запрацавала з ініцыятывы былога начальніка Баранавіцкага аддзялення, а затым начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рыгоравіча Рахманько. Вялікую ролю ва ўвасабленні гэтай ідэі ў жыццё адыграў Ілля Ніканавіч Малюгін, які ўзначальваў савет ветэранаў аддзялення чыгункі. Ён стаў першым навуковым супрацоўнікам музея і кіраўніком усіх работ па яго стварэнні.

На пастаменце насупраць уваходу ў музей мы бачым макет паравоза серыі "В" у палову нату¬ральнага памеру. Гэты паравоз правёў першы тавара-пасажырскі цягнік па ўчастку Мінск-Баранавічы-Брэст 16 лістапада 1871 года. З гэтага моманту, як многія лічаць, і пачынае сваё летазлічэнне горад Баранавічы. Адкрыты шлагбаум дае нам зялёнае святло на займальную вандроўку па музеі.

Поруч з макетам паравоза ёсць схема музея. Усе экспанаты маюць таблічкі з кароткай інфармацыяй. Яны сабраны дзякуючы карпатлівай працы людзей, якія стваралі макеты і рыхтавалі арыгіналы да экспазіцыі. Некаторыя экспанаты адшукваліся не толькі па ўсёй рэспубліцы, але і далёка за межамі краіны.

Вялікая колькасць паравозаў, пасажырскіх і грузавых вагонаў, вяртае нас у мінулае. Хай у не такое далёкае, але мінулае. Сярод экспанатаў ёсць нават трафейны нямецкі паравоз ТЭ-5248, сканструяваны ў 1943 годзе ў Германіі.

Адзін з паравозаў адкрыты для наведвання, дзе можна пасядзець на месцы машыніста і яго памочніка, дакрануцца, у літаральным сэнсе гэтага слова, да гісторыі.

Побач бачым памяшканне дзяжурнага па станцыі са званом і дзеючым семафорам. Мноства спецыяльнай тэхнікі для рамонту пуцей на тэрыторыі музея схавалася ў соснах мудрагелістай формы.

У музеі пад адкрытым небам усе пачуваюць сябе камфортна, як на прагулцы: адны наведвальнікі глядзяць экспанаты, другія – адпачываюць на размешчаных тут лаўках, а дзеці (асабліва хлопчыкі) імкнуцца ўсё памацаць, пакруціць і нават пакаштаваць на зуб. Некаторыя прыходзяць сем’ямі, нават з дзіцячымі каляскамі. Тут можна пасядзець за сапраўднай зенітнай кулямётнай устаноўкай і нават пакатацца на дрызіне.

Сыходзячы пасля працяглага падарожжа па тэрыторыі музея чыгуначнай тэхнікі, мы звярнулі ўвагу, што на адным паравозе з'явіліся вясельныя замочкі. Што ж, магчыма мы станем сведкамі яшчэ адной новай добрай беларускай традыцыі.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/