У ДОБРЫ ШЛЯХ! У ЛЁГКУЮ ПАРУ!



14 верасня была ўрачыста ўведзена ў эксплуатацыю грамадская лазня ў гарпасёлку Наваельня. Каля 3 тысяч пасялкоўцаў доўга чакалі гэтую падзею: праблемнае пытанне пастаянна гучала на “Прамых лініях”, якія праводзяцца ў раёне. А вось на адкрыцці такога значнага аб’екта, як ні дзіўна, аншлагу не было.

Будаўніцтва лазні доўжылася тры гады і, нарэшце, сёлета, пры актыўным удзеле кіраўніцтва нашага раёна, абласнога і раённага прадпрыемстваў ЖКГ, упраўлення лясной гаспадаркі і непасрэдна дзятлаўскіх будаўнікоў шматгадовы праект атрымаў рэалізацыю. Гэта падкрэсліў у прывітальным звароце да прысутных старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Іван Крахмальчык:

– Сёння мы адкрываем доўгабудоўлю, работы над якой распачаліся яшчэ тры гады таму. Шмат было патрачана сіл, энергіі, нерваў, каб гэта ўсё ж адбылося. Сёння мы зацікаўлены ў сацыяльным развіцці не толькі гарпасёлка Наваельня, але і ўсяго нашага раёна. Таму гэта не першы такі значны для жыхароў Дзятлаўшчыны аб’ект і далёка не апошні.

Іван Іосіфавіч адзначыў тых, дзякуючы чыёй неабыякавасці, працавітасці, спагадлівасці ўдалося значна паскорыць будоўлю. Гэта дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня і дырэктар ААТ “Будкомплекс” Андрэй Лашко.

Старшыня райвыканкама сціпла абышоў увагай сваё дачыненне да падзеі. А, між тым, Іван Крахмальчык – аўтар нестандартных рашэнняў і ажыццяўляльнік важных для раёна ініцыятываў. Дзякуючы яму, упершыню сёлета было вырашана праводзіць раённыя Дажынкі не ў райцэнтры, а ў адным з аграгарадкоў – Раклевічы. Праз гэта абнавіўся сам аграгарарадок, яго будынкі, было праведзена добраўпарадкаванне вуліц. Па словах старшыні райвыканкама, такая традыцыя працягнецца і надалей.

Акрамя таго, вялікае значэнне сёння надаецца будаўніцтву і рэканструкцыі сацыяльна значных аб’ектаў. Сёлета адчыніў свае дзверы для вучняў рэканструяваны хуткімі тэмпамі новы будынак пачатковай школы ў пасёлку Казлоўшчына (акрамя таго, да новага навучальнага года былі абноўлены ўсе школы раёна). Да таго ж, завяршаецца будаўніцтва “даўгабудаў”: пасля наваельнянскай лазні сёлета будзе ўведзена ў эксплуатацыю бойня ў Дзятлаве. Як зазначае сам Іван Іосіфавіч, з удзелам сродкаў дзяржаўнага буджэту па раёне вядзецца не толькі капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя. Аднаўляюцца дахі будынкаў, праводзяцца неабходныя работы па рамонце вуліц (сёлета завершаны работы па вуліцы Чырвонаармейскай у Дзятлаве).

– Рэканструяваць такі аб’ект няпроста, – у сваю чаргу, канстатаваў генеральны падрадчык работ, дырэктар ААТ “Будкомплекс” Андрэй Лашко. – У будаўніцтве ўдзельнічала не толькі наша арганізацыя, але і калегі з арганізацый Дзятлаўскага раёна і горада Ліды. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб людзям было ўтульна, каб была лёгкая пара.

Быццам у пацвярджэнне яго cловаў, над лазняй паднімаўся дымок – памяшканне прагравалі ў чаканні першых наведвальнікаў. Утульны хол, прасторныя парыльныя залы, продаж венікаў, мыйных прыналежнасцяў і напояў у асартыменце – усё для таго, каб наваельнянцам і гасцям пасёлка было камфортна і лёгка парыцца ў лазні. Акрамя таго, пад гэтым жа дахам працуе і цырульня ад Дзятлаўскага КБА: можна зрабіць стрыжку да наведвання лазні ці прычоску – пасля яго. Установа будзе чакаць аматараў лёгкай пары па пятніцах і суботах з 12 да 23 гадзінаў. Як бонус за доўгі перапынак у працы – уваходны білет у лазню самы танны па раёне, 5460 рублёў.

Дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня параўнаў, што было з лазняй і што стала:
– Калі ўпершыню я наведаў гэты будаўнічы абект, шчыра кажучы, сустрэў непрыглядную карціну. Работ, якія вяліся тут два гады, не было і знаку. Таму давялося хуткімі тэмпамі наноў брацца за працу, каб, як мага хутчэй, здаць такі важны грамадскі аб’ект. І сёння, нават раней на месяц за азначаны тэрмін, мы рады запрасіць вас у адноўленую ўтульную лазню. На будаўнічыя работы затрачана каля 2,3 мільярда рублёў з дзяржаўнага бюджэту. Але, як бачыце, усе намаганні і выдаткі былі вартыя таго – сёння лазня працуе.
Сяргей Міхайлавіч уручыў адмысловы набор “Гаспадар лазні” начальніку Наваельнянскага ўчастка ЖКГ Аляксандру Спасюку, каб у працы “дзе трэба, і рукавіцай пагладзіў, а як давядзецца, і венікам адхадзіў”.

За працу будаўнікам падзякавала добрымі словамі і кветкамі самая маленькая з прысутных аматарка мыцца – Варвара. Мясцовыя жыхары актыўна абмяркоўвалі адкрыццё лазні: “Во, будзе хоць дзе і папарыцца, і пагутарыць”. Адзін з іх, загадчык аддзялення Наваельнянскай туббальніцы, Віктар Сямашка, падзяліўся ўражаннямі:

– Вока радуе! І гэта не першы такі аб’ект у нашым пасёлку. Чыгуначны вакзал, банк, аўтазаправачная станцыя, пассавет адрамантавалі, лазню пабудавалі, хутка здадуць абноўлены будынак лясніцтва. Ствараюцца ўмовы для камфортнага жыцця людзей.

Па завяршэнні адкрыцця прысутныя наведалі лазню, каб на свае вочы ўпэўніцца ва ўсім сказаным тут.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/