У ДАПАМОГУ ПЕРШАКЛАСНІКАМ I IX БАЦЬКАМ



Дзень, калі маленькія капрызулькі становяцца першакласнікамі, іспыт не толькі для саміх дзяцей, але і для іх бацькоў.

Настаўнікам пачатковых класаў добра вядомыя сітуацыі, калі ў першыя дні вучэбнага года яны са званком на ўрок сілай выправаджваюць бацькоў з класа, якія ўсё ніяк не развітаюцца з сынам або дачкой, уяўляючы, што без іх дапамогі дзіця не справіцца ні з вучобай, ні з тым, як правільна сядзець за партай, ні з тым, як сябраваць з аднакласнікамі.

Такімі паводзінамі бацькі яшчэ больш палохаюць і без таго ўсхваляванае дзіця. Прычым падобныя выпадкі не адзінкавыя - хутчэй, гэта “дыягназ” амаль усіх бацькоў першакласнікаў.

Сёлета першакласнікам сярэдняй школы №1 горада Дзятлава і іх бацькам супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна вырашылі аказаць пасільную дапамогу. На першы ўрок новага навучальнага года ў першыя класы школы завіталі загадчыца аддзялення першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра Галіна
Касцюк і псіхолаг Цэнтра Наталля Ціхан.

Спецыялісты пазнаёміліся і пагутарылі з вучнямі, павіншавалі іх з Днём ведаў, а пасля ўручылі дзеткам мяккія цацкі, а іх бацькам - брашуры пад назвай “Зрабіць шчаслівымі сваіх дзяцей. Парады бацькам”, якія перадало Цэнтру прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтыя брашуры - і даведка, і памочнік, і кансультант. Яны падкажуць бацькам, як правільна арганізаваць адаптацыю дзетак у школьным жыцці, перамагчы дзіцячыя разгуб-ленасць, страх, злосць, бездапаможнасць. А таксама навучаць бацькоў, якіх захлістваюць эмоцыі, як пазбегнуць празмернага кантролю і гіперапекі маленькага чалавека.

Што датычыцца мяккіх цацак, гэта не толькі прыемны сюрпрыз, але таксама псіхалагічная дапамога, толькі дзеткам. Дзіцяці, якое стала школьнікам, здаецца, што яно цяпер дарослае - якія ж тут гульні, казкі ды цацкі? Аднак псіхолаг Наталля Ціхан адзначае, што першакласніка пасля дзіцячага садка трэба паступова прывучаць да школы і тлумачыць яму, што няма нічога няправільнага ў яго гульні з плюшавымі “сябрамі”.

I. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/