ТВОРЧЫ ВЕЧАР ТАМАРЫ СТУПАК



Ён адбыўся ў Дзятлаўскім раённым доме культуры 15 сакавіка. Распачаўся ён з "Прысвячэння", якое Тамара Ступак выканала для сваіх гледачоў, што прыйшлі павіншаваць самадзейную артыстку з адметным юбілеем.

Сярод тых, хто прысутнічаў у глядзельнай зале, былі родныя Тамары Андрэеўны, прадстаўнікі раённай улады, людзі, якія добра ведаюць яе і творчасць спявачкі. Для іх у чарговы раз гучаў непараўнальны голас самадзейнай артысткі Дзятлаўшчыны, прыгожыя песні з добрымі словамі, напоўненыя сэнсам.
Павіншавалі Тамару Андрэеўну калегі па песеннай творчасці -- Сяргей Малышчык, Ала Чарняўская, Таццяна Дудкіна, народны калектыў "Прымакі", удзельніцай якога з'яўляецца Тамара Ступак.

Шлях гэтай жанчыны на сцэну пачаўся з дзяцінства. У сем гадоў яна выступіла перад вялікай аўдыторыяй з песняй "Сонечны круг". Талент жанчыны неаднаразова адзначаўся дыпломамі і граматамі, у тым ліку і ўсесаюзнага ўзроўню. Шэрагам узнагародаў Тамара Андрэеўна адзначана як кіраўнік народнага хору "Ветэраны ў стаі", які яна многія гады ўзначальвала.

Усе гэты вехі творчасці самадзейнай артысткі былі ўзгаданы на творчым вечары. Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы, было напоўнена добрай музыкай і песнямі. Іх выканалі і запрошаныя артысты -- Ірына Гапоненка, Вераніка Макарчык.

У час канцэртнай праграмы на адрас Тамары Андрэеўны было выказана шмат цёплых словаў і пажаданняў. Сярод іх і віншаванні ад раённай улады, якія прагучалі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Мікалая Мацюкевіча. Ён пажадаў Тамары Андрэеўне творчага даўгалецця, як мага даўжэй радаваць дзятлаўчан добрымі песнямі.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/