ТВОРЧЫ ВЕЧАР ГЕОРГІЯ ШУНДРЫКА



Творчы вечар дзятлаўскага паэта Георгія Шундрыка адбыўся ў раённай бібліятэцы. Мерапрыемства прайшло пад назвай "Зямля, што нараджае паэтаў".

На сустрэчу з Георгіем Міхайлавічам прыйшлі сябры, знаёмыя, прыхільнікі творчасці паэта, галоўнае месца ў якой займае тэма Радзімы. Ей Георгій Шундрык прысвяціў шмат вершаў. Адзін з іх — "Маці-Радзіма" — пакладзены на музыку, стаў песняй. Яна прагучала ў час мерапрыемства.
Музычную нотку ў творчы вечар унесла і выступленне ўнучкі Георгія Міхайлавіча — скрыпачкі Анастасіі Карызна.

Творчая сустрэча была напоўнена паэзіяй, успамінамі, імі падзяліліся капегі Георгія Міхайлавіча па былым літаратурным аб'яднанні "Пралескі" — Лідзія Нічыпар, Вера Хрышчановіч, Леанарда Юргілевіч.

Вершы пра мову, Беларусь, невялікія гумарыстычныя паэтычныя замалёўкі — усё гэта складае аснову творчасці Георгія Шундрыка. Ёсць у ёй месца і перакладам вершаў — як з рускай, так і з украінскай, польскай моваў. У час творчай сустрэчы прагучалі пераклады вершаў Івана Франко, верша Аляксандра Пушкіна "Помнік". Яго прачыталі вучні СШ № 1 горада Дзятлава. Вучні гімназіі прадэкламавалі верш, які Георгій Міхайлавіч напісаў як духоўны наказ для моладзі.

"Мае вершы выхаваўчыя, яны ставяць на мэце данесці ўсё лепшае да нашчадкаў", — так характарызуе сваю творчасць Георгій Шундрык — ураджэнец Слонімшчыны, былы настаўнік, які шмат гадоў адпрацаваў на Дзятлаўшчыне. На творчы вечар яго прыйшлі павіншаваць і былыя калегі па педагагічным цэху — старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Раіса Ганчарэвіч і яе намеснік Яўгенія Савань.

Завяршылася мерапрыемства пажаданнямі новых поспехаў, новых твораў, душэўнай бадзёрасці яшчэ на многія гады. Гэтыя словы на адрас Георгія Міхайлавіча прагучалі ад вядучых мерапрыемства і яго ўдзельнікаў.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/