Ціхая пяшчота брыльянтавага вяселля



Бягучы год для сям’і Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча Татарчыкаў з вёскі Юравічы багаты на юбілейныя даты: у чэрвені Міхаілу Пятровічу споўнілася 85 гадоў, а ў ліпені сямейная пара адзначыла брыльянтавае вяселле.

— Здаецца, такі працяглы прамежак часу, а праляцеў, як імгненне, — разважае Міхаіл Пятровіч. — Не верыцца і ў тое, што нашай сям’і ўжо шэсцьдзесят гадоў. Напэўна, так Бог вырашыў, каб мы сустрэліся, — працягвае ён. — А як жа інакш патлумачыць тое, што мы выбралі адзін аднаго сярод шэрагу іншых і не памыліліся: сталі сапраўды палавінкамі аднаго цэлага. І галоўнае тут не толькі каханне, але яшчэ і павага. Яна абавязкова павінна быць у сям’і.

Цяпер гэты вопыт сямейнага жыцця Міхаіл Пятровіч і Валянціна Іванаўна перадаюць ужо наступным прадаўжальнікам роду. Гэта — трое дзяцей, сямёра унукаў, шасцёра праўнукаў. Да іх прыезду Валянціна Іванаўна кожны раз гатуе сваю фірменную выпечку, а Міхаіл Пятровіч частуе сваіх родных духмяным мёдам з уласнай пасекі. Дарэчы, ёй таксама ўжо шэсцьдзесят гадоў: першы пчаліны домік падарыў маладой сям’і дзядзя Міхаіла на вяселле.

Праз некаторы час пчалярства для Міхаіла Пятровіча стала не проста заняткам, а сапраўдным захапленнем на ўсё жыццё.

А пачаўся яго жыццёвы шлях на хутары Жорнаўка, што побач з Юравічамі, якія з’яўляюцца малой радзімай Валянціны Іванаўны. Яна была адной дачкой у сям’і, а вось Міхаіл Пятровіч — самы малодшы з трох братоў. Іх бацька — Пётр Іосіфавіч служыў яшчэ ў царскай арміі, за службу быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У першую Сусветную вайну Пётр Іосіфавіч быў у нямецкім палоне. Змог выжыць толькі дзякуючы шчасліваму выпадку.

Вярнуўшыся дахаты, служыў солтысам. Разам з іншымі вяскоўцамі дапамагаў рамантаваць дах у Вензавецкай царкве. Памёр Пётр Іосіфавіч, не дажыўшы толькі года да свайго стогадовага юбілею. І ў дамавіну былому воіну паклалі яго Георгіеўскі крыж.

Гэта аповед — як сямейная гісторыя сям’і Татарчыкаў, як гісторыя роду, якая перадаецца ад пакалення да пакалення — каб памяталі дзеці, унукі і праўнукі.

Аб гісторыі сям’і нагадваюць і чорна-белыя фотаздымкі, якія ўпрыгожваюць сцены хаты. Побач з імі — карціны, вышытыя Валянцінай Іванаўнай, а таксама яе дачкой Ларысай. Яна, дарэчы, вышывае не толькі карціны, але і іконы.

Увогуле, у Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча — тры дачкі. Ларыса — жонка вайскоўца, жыве ў Расіі. Ганна жыве ў Карэлічах. А старэйшая Тамара — у Дзятлаве. Яна — настаўніца.

Усе яны стварылі свае сем’і, ужо дарослыя людзі. Аднак для Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча застануцца назаўжды дзецьмі. Тымі дзяўчынкамі, якіх калісьці Міхаіл Пятровіч кожную раніцу вёў ў школу — за некалькі кіламетраў ад дома.

Усё гэта Валянціна Іванаўна і Міхаіл Пятровіч узгадваюць з цеплынёй. І кажуць, што яны шчаслівыя людзі, паколькі багатыя на дзяцей, унукаў, праўнукаў. Сёлета ўсе яны збяруцца разам, каб павіншаваць сваіх любых бацькоў з іх брыльянтавым вяселлем, пажадаць здароўя і дабрабыту яшчэ на многія гады.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/