ЦІ УСТАНОВЯЦЬ ЛЯ КАСЦЁЛА СВЯТЛАФОР?



У час правядзення Адзінага дня інфармавання, які праходзіу у жніўні 2014 года ў Дзятлаўскім раёне, паступілі наступныя пытанні.

Пытанне: калі будзе забяспечана доктарам стаматолагам і доктарам педыятрам Гезгалаўская амбулаторыя (паколькі ў населенным пункце жыве значная колькасць дзяцей і падлеткаў)?

Адказ галоўнага доктара ўстановы аховы здароўя "Дзятлаўская ЦРБ" В. Кароткага: у Гезгалаўскай амбулаторыі стаўка доктара педыятра не прадугледжана штатным раскладам, бо ў зоне абслугоўвання амбулаторыі жывуць 229 дзяцей да 18 гадоў, а нарматыў колькасці дзіцячага насельніцтва для педыятрычнага участка - 800 дзяцей. Медыцынскае абслугоўванне дзяцей і падлеткаў забяспечвае доктар агульнай практыкі з вышэйшай катэгорыяй Галіна Іванаўна Чэхоўская. У штатным раскладзе Гезгалаўскай амбулаторыі ёсць стаўка зубнога фельчара, які абслугоўвае дзяцей і падлеткаў.

Пытанне: ці плануецца ўстаноўка банкамата ААБ "Беларусбанк" у пасёлку Гезгалы?
Адказ намесніка дырэктара, начальніка аддзела рознічнага бізнэсу С. Кончык: устаноўка банкамата ААБ “Беларусбанк" у пасёлку Гезгалы плануецца ў чацвёртым квартале 2015 года. Таксама плануецца ўстанавіць інфакіёск з функцыяй cash-in (інфакіёск будзе прымаць наяўныя грошы, а таксама можна будзе плаціць за ўсе паслугі) у другім квартале 2015 года.

Пытанне: у Дзятлаве па вуліцы Суворава пашкоджаны водаправод. Ён рамантуецца часткамі на працягу апошніх трох гадоў. Якія будуць прыняты меры і ў якія тэрміны?
Адказ дырэктара РУП ЖКГ С. Луні: водаправодная сетка па вуліцы Суворава ў горадзе Дзятлаве на балансе РУП ЖКГ не стаіць. У свой час гэтая сетка была пракладзена прыватным спосабам на сродкі грамадзян. Срок эксплуатацыі часткі стальнога водаправода даўно сышоў. Аварыйнай брыгадай участка водаканала рамонт ажыццяўляецца па заяве і за кошт жыхароў вуліцы Суворава. Замена сетак магчымая, яна ажыццяўляецца за ўласныя сродкі грамадзян або за кошт мясцовага ці іншага бюджэту.

Пытанне: які парадак індэксацыі імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”?
Адказ начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзятлаўскага райвыканкама С. Малышчыка: у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку індэксацыі імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”, зацверджаным пастановай Савета Міністраў РБ ад 15 лістапада 2006 года №1529 “Аб мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта РБ ад 28 жніўня 2006 года №13” права на індэксацыю імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё" маюць грамадзяне і члены іх сем'яў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, для уплаты паявога ўзноса ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве, набыцця жылля шляхам куплі, а таксама для пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў (уключаючы выплату працэнтаў за карыстанне імі) і пазыках юрыдычных асобаў, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты.

Індэксацыя чэкаў “Жыллё", налічаных грамадзянам ва ўстаноўленым парадку (уключаючы жыллёвыя квоты мужа (жонкі), бацькоў, дзяцей, усынаўляльнікаў, усыноўленых, родных братоў і сёстраў, дзеда, бабулі, унукаў, аб'яднаныя на імя гэтых грамадзян) і (або) атрыманых у выніку дарэння ад блізкіх сваякоў, налічаных дарыльшчыку ва ўстаноўленым парадку (уключаючы жыллёвыя квоты гэтых асобаў, аб'яднаныя на імя дарыльшчыка) або атрыманыя дарыльшчыкам па дагаворах дарэння, па спадчыне або па рашэнні суда пры ўмове, што грамадзяне, якім першапачаткова гэтыя чэкі былі налічаны ва ўстаноўленым парадку (уключаючы жыллёвыя квоты, аб'яднаныя на імя дадзеных грамадзян), у адносінах да адорваемага ўваходзяць у лік блізкіх сваякоў, а таксама атрыманых па спадчыне або па рашэнні суда, праводзіцца з улікам індэксу росту кошту будаўніцтва жылля:

  • дзеючага на дату звароту гэтых грамадзян з заявай аб індэксацыі чэкаў “Жыллё" - пры будаўніцтве, рэканструкцыі жылых памяшканняў;
  • дзеючага на дату заключэння дагавора куплі-продажу - пры пакупцы жылых памяшканняў;
  • які дзейнічаў на дату ўводу дома ў эксплуатацыю - пры пагашэнні запазычанасці па крэдытах (пазыках).

Пытанне: ці плануецца ўстаноўка святлафора ля касцёла на скрыжаванні вуліц Міцкевіча — Леніна?

Адказ начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Жалнерчыка: з мэтай забеспячэння бяспекі дарожнага руху транспарту і пешаходаў на скрыжаванні вуліц Леніна — Міцкевіча горада Дзятлава ў раёне касцёла зменена арганізацыя дарожнага руху, а менавіта: на перасячэнні вуліцы Леніна з вуліцай Кірава і вуліцай Міцкевіча дарожны знак 2.4 “саступі дарогу" заменены на дарожны знак 2.5 "pyx без спынення забаронены” і нанесена гарызантальная дарожная разметка 1.12 месца спынення транспартных сродкаў “стоп лінія” на мяжы перасячэння праезных частак вуліцы Леніна з вуліцай Кірава. Паколькі пры выездзе з вуліцы Леніна на скрыжаванне з вуліцай Кірава агароджа касцёла абмяжоўвае бачнасць руху транспартных сродкаў з боку вуліцы Кірава, то неабходна поўнае спыненне транспартных сродкаў. У бліжэйшы час устанаўліваць святлафор на скрыжаванні вуліц Міцкевіча — Леніна — Савецкая — Кірава ў горадзе Дзятлаве не плануецца.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры І па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/