ЦІ ПАТРЭБНЫ ПАШПАРТ ДЗІЦЯЦІ



У рэдакцыю з пытаннем звярнулася жыхарка горада Дзятлава: летам хачу паехаць з 5-гадовым сынам адпачываць ва Украіну. Ці патрэбен яму пашпарт? Калі патрэбен, то якія дакументы падрыхтаваць? Колькі будзе каштаваць працэдура, і як хутка пашпарт будзе гатовы? Ці доўга ён будзе дзейнічаць?

Адказ В. І. Ламакі, старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама: для выезду за межы Рэспублікі Беларусь любому грамадзяніну, незалежна ад узросту, патрэбен пашпарт. Дзіцяці да 14 гадоў ён афармляецца бясплатна. Каб аформіць дакумент, вам неабходна прыйсці ў групу па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама з арыгіналам пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, калі ў яго да гэтага ніколі не было пашпарта. Або з пашпартам сына, калі ён быў зроблены, але тэрмін яго дзеяння выйшаў. Таксама трэба прынесці чатыры фотаздымкі на пашпарт.

Тэрмін вырабу пашпарта пасля афармлення дакументаў -- 30 дзён, таму паклапаціцеся пра яго загадзя, каб не давялося адмовіцца ад запланаванай паездкі. Пры неабходнасці можна скарыстацца працэдурай паскарэння вырабу пашпарта, але ў гэтым выпадку давядзецца заплаціць дзяржпошліну ў памеры 50 тысяч рублёў, затое дакумент будзе гатовы за 15 дзён.

Пашпарт будзе сапраўдны пяць гадоў. Наогул, дзецям да дасягнення 14 гадоў пашпарт неабходна мяняць кожныя пяць гадоў, калі плануеце выязджаць за межы Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала да друку І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/