ЦЭНТР ТВОРЧАСЦІ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ ВЕДАЮЦЬ У ВОБЛАСЦІ І РЭСПУБЛІЦЫ



Першы квартал 2014 года быў выніковы для педагогаў і навучэнцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Яны прынялі ўдзел у 7 абласных конкурсах, занялі чатыры першыя, два другія і адно трэцяе месцы.

Так, удзельнікі раённага клуба ды-джэяў Анжэліка Мішчанка, Дар'я Кончык, Святаслаў Каско (кіраўнік Ірына Анатольеўна Мішчанка) сталі пераможцамі абласнога конкурсу ды-джэяў "Зорны серпанцін".

У ліку абласных пераможцаў і самі педагогі цэнтра. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак "Мой лепшы занятак" найбольш дастойнымі былі прызнаны работы Таццяны Пятроўны Ваніслаўчык і Алены Аляксандраўны Гурбан. Яшчэ адно першае месца прынесла работа, якая прымала ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу адукацыйных праграм КВЗ установаў адукацыі, аўтар -- Т. П. Ваніслаўчык. Матэрыялы-пераможцы адасланы ў Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсаў.

Прававы клуб "Сучаснік" (кіраўнік І. А. Мішчанка), які працуе на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава атрымаў дыплом ІІ ступені за ўдзел у абласным конкурсе праектаў, накіраваных на развіццё прававога выхавання "Гульня -- учынак -- адказнасць: інавацыйныя падыходы да прававога выхавання". Таксама другое месца ў абласным фестывалі-конкурсе мастацкай цацкі "Святочныя забавы" (намінацыя "Папяровая фантазія") заняла мастацкая лялька Кармэн -- работа ўдзельніц аб'яднання па інтарэсах "Сувенір" (кіраўнік Лілія Уладзіміраўна Коласава) Карыны Дораш і Ксеніі Лахач.

Дыплом ІІІ ступені за ўдзел у абласным завочным конкурсе экалагічных праектаў "Стварэнне экалагічнай сцяжынкі сваёй мясцовасці" атрымала ўдзельніца аб'яднання па інтарэсах "Экалогія і жыццё" Таццяна Кардаш (кіраўнік Людміла Леанідаўна Кардаш).

Не менш выніковы быў удзел гурткоўцаў у рэспубліканскіх конкурсах. Дыпломам за трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе "Ёлка, як арт-аб'ект" (намінацыя "Сувенірная тэхнаёлка") узнагароджаны Карына Дораш і Ксенія Лахач, аб'яднанне па інтарэсах "Сувенір", кіраўнік Л. У. Коласава.
Другое месца ў 17 рэспубліканскай выставе-конкурсе "Калядная зорка" занялі выхаванкі Алены Генрыхаўны Турчэнік (аб'яднанне па інтарэсах "Беларуская выцінанка") Маргарыта Мартулёва і Анастасія Вербаль.

А дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Т. П. Ваніслаўчык стала пераможцай 5-га рэспубліканскага конкурсу праграмаў аб'яднанняў па інтарэсах фальклорнага накірунку і ўзнагароджана дыпломам першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/