Цень Чарнобыля



Плыло, яктрэба, сонца па арбіце,
I дзеці валаклі баравікі,
Ды конікі штось не трашчалі ў жыце,
А свет быў нейкі тлумны, трапяткі.

Гукнуў - нібы аглохлі далі,
Раптоўна ціш зрабілася нямой.
Зязюлі ля дарогі дзве ляжалі,
Памерлыя, адна супроць другой.

У вусцішы смяротны вее вецер.
Хто хоча жыць - трымайся як далей.
Свіней найперш хапіліся. А дзеці?
За іх пасля. Спачатку - за свіней.

Няўхільна налятае чорны вецер,
Без перашкод прыходзіць напрасткі,
Шуміць пад ім бярозаў чуйных вецце,
I нешта хочуць нам сказаць лісткі.

Але прыроду слухаць мы не ўмеем,
Хоць розум свой кавалі ад вякоў.
У чым, скажыце, сёння ёсць надзея,
Бо ўжо абрыдла безнадзейнасць слоў?

Глядзяць на нас даверлівыя дзеці.
А мы ім: трэба так, бо лёс такі...
Упершыню напэўна на планеце:
Абараніць не могуць іх бацькі.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/