Цана памылкі - жыцце



Пад такой назвай прайшоў чарговы дзень бяспекі дарожнага руху.

Праблема паводзін на дарозе застаецца актуальнай для нашага раёна. Год нядаўна пачаўся, а на дарогах Дзятлаўшчыны ўжо адбыліся два транспартныя здарэнні, у якіх атрымалі раненні пяць чалавек (чатыры пасажыры аўтобуса, які ва ўмовах снегападу перакуліўся паблізу в. Хадзяўляны, і вадзіцель "Пежо", якому пры павароце не саступіў дарогу трактар МТЗ-82).

Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацніла кантроль за захаваннем вадзіцелямі хуткаснага рэжыму ў населеных пунктах і па-за іх межамі. У асноўным выкарыстоўваецца метад схаванага кантролю за дарожным рухам, які дазваляе больш эфектыўна выяўляць парушальнікаў.

Нагадваем вадзіцелям, што за парушэнне правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне. За перавышэнне хуткасці на 10-20 кіламетраў у гадзіну — штраф у памеры да адной базавай велічыні.

Перавышэнне хуткасці ад 20 да 30 км/гадз. караецца штрафам у памеры ад адной да трох базавых велічыняў, а звыш 30 км/гадз. — штрафам ад трох да дзесяці базавых велічыняў.

Калі вадзіцель паўторна на працягу года затрымліваецца за перавышэнне хуткасці звыш 20 км/гадз., ён можа быць пазбаўлены права кіраваць усімі відамі транспарту на тэрмін да аднаго года. Парушэнне правілаў манеўравання, якое прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, пагражае парушальніку штрафам у памеры ад пяці да дваццаці базавых велічыняў з пазбаўленнем права кіравання да двух гадоў.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/