ЦАНА ЎЧЫНКА -- ЗЛАМАНАЕ ЖЫЦЦЁ



ПА СТАРОЙ ЗВЫЧЦЫ

Падлетак зімой вярнуўся з Магілёўскай школы закрытага тыпу, дзе знаходзіўся за крадзяжы і нежаданне вучыцца. Ужо вясной хлопец па старой звычцы ўвечары залез у хату да сваіх знаёмых, пакуль іх не было дома. Зламыснік ведаў, што тут ёсць камп'ютар і ўдосталь нагуляўся ў камп'ютарныя гульні. Калі прагаладаўся, адкрыў некалькі слоікаў дамашніх кансерваў і перакусіў. Вядома, што праваахоўнікі хутка высветлілі, што за нечаканы госць пабыў у хаце.

Маці хлопца перажывае, што пасля папраўчай установы ў сына зусім сапсаваўся характар, з ім жанчына ўжо не спраўляецца. Паколькі падлетак учыніў дробны крадзеж, ды і адбылося гэта пасля 23 гадзін (з'яўленне непаўналетніх у грамадскім месцы пасля 22 гадзін без суправаджэння дарослага), то на яго маці складзены два адпаведныя пратаколы. І калі за "познюю прагулку" сына жанчыну папярэдзілі, то за яго "познюю вячэру" маці давядзецца заплаціць штраф у памеры 10 базавых велічыняў, а гэта амаль уся яе зарплата.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама папярэдзілі хлопца, што пры наступным парушэнні ён зноў накіруецца ў навучальную ўстанову закрытага тыпу.

ГАРЭЛКА ДА ДАБРА НЕ ДАВОДЗІЦЬ

Гэта жанчына выхоўвае двух непаўналетніх сыноў, жыве з сужыцелем. Менавіта ён і паведаміў у міліцыю, што гора-маці добра адзначыла атрыманне зарплаты і начавала ў хляве. Але гэта не адзінае "дасягненне" жанчыны. Яна была прыцягнута да крымінальнай адказнасці за прычыненне шкоды здароўю па неасцярожнасці: у стане алкагольнага ап'янення піхнула на лесвіцы бабульку і тая атрымала цялесныя пашкоджанні. Таксама "супер-лэдзі" схапілася за нож, калі супакойваць яе п'яную прыйшоў міліцыянер. Праваахоўніку нават давялося узяць у рукі табельную зброю, каб суняць зламысніцу.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх з жанчыны было і слова не выцягнуць, паколькі яна была цвярозая. Горш за ўсё, што гора-маці цяжарная, і ў яе хутка з'явіцца трэцяе дзіця. За "п'яныя прыгоды" суд прызначыў правапарушальніцы абмежаванне волі. Цяпер яна знаходзіцца пад пільным наглядам выканаўчай інспекцыі. Любыя тры парушэнні пагражаюць ёй рэальным пазбаўленнем волі і накіраваннем у калонію. А вось дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне ўжо пры першым парушэнні, аб чым жанчыну і папярэдзілі члены камісіі.

РАССТАЛАСЯ З ДЗЕЦЬМІ НА ПАЎГОДА

Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прызнала трох дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер двое старэйшых на паўгода будуць накіраваны ў сацыяльны прытулак, малодшая -- у Гродзенскі дом дзіцяці.

Іх маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём да трох гадоў. Нягледзячы на тое, што дзяўчынка яшчэ ўвесну пачала наведваць дзіцячы садок, жанчына пакуль не ўладкавалася на працу, хаця даход сям'і крытычна нізкі. З бацькам старэйшых дзяцей гора-маці развялася, яе цяперашні муж адбывае пакаранне ў калоніі, але праз лічаныя дні павінен вярнуцца. Бацька двух старэйшых дзяцей за апошні год толькі два разы ўносіў грошы, а таму па аліментах маецца запазычанасць. У сям'і ёсць запазычанасць за кватэру і паслугі. Аднак на гарэлку грошай, відаць, хапае. Гора-маці нядаўна затрымалі п'янай у грамадскім месцы і склалі адміністрацыйны пратакол. Літаральна праз некалькі дзён участковы наведаў сям'ю па месцы жыхарства і застаў у гасцях п'яных мужчын.

Старшыня пасялковага савета адмоўна характарызуе жанчыну. Сказаў, што пры рабоце з ёю школа і адказныя службы вычарпалі усе метады, а зрухаў у лепшы бок няма. Улічваючы ўсё гэта, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прыняла рашэнне аб адабранні дзяцей. Цяпер гора-маці і два бацькі непаўналетніх павінны будуць працаваць і салідарна пагашаць расходы на ўтрыманне дзяцей. Калі за паўгода сітуацыя ў сям'і наладзіцца, маці возьмецца за розум і закадзіруецца, дзяцей ёй вернуць.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/