Трывушчая



Яна, прыгорбленая, у чорнай, ражком завязанай жалобнай хустцы, са звялым, але яшчэ ружовашчокім здароўчым тварам, усунулася ў людны тралейбус паперадзе цыбатых кароткаспаднічных дзяўчатак у скураных куртках. Ці мо праўдзівей, яны ўвапхнулі яе ў вузкі, сціснуты поручнямі і бляшанай сценкаю пярэдні выхад, каб услед за ёю ўжо ўскочыць самім.

Я прыпадняўся, саступаючы ёй на высокім сядзенні не вельмі ўседнае першае месца. Другое, ад замурзанага акна, было занята надзьмутай удабрэлай маладзіцай у зялёным плашчыку, што разыходзіўся на яе вагкіх грудзях.

— Не старайцеся, мужчынка, я яшчэ і пастаяць магу, — старая для блізіру пааднеквалася, але, паклаўшы спачатку парэпаную і аблушчаную сумку, абедзвюма рукамі ўзялася за нікеляваны, але ўжо абшморганы да чарнаты поручань, каб падняцца на высакаватую прыступку.

Цяпер ужо, сціснуты абапал рослымі плячыстымі і не вельмі ўступлівымі мужчынамі, я стаяў над ёю.

На задняй пляцоўцы, дзе збілася купка легкадумнай, паспраўнелай за лета моладзі — быў пачатак верасня, і ўвесь гарадскі транспарт быў гаманкі, вясёлы і перапоўнены ёю, — пачыналася нервова-злосная, неадступная сварба:
— Ну, праходзьце.

— Як жа я прайду, калі ты плячыма свет загарадзіў! — крычаў нехта старэйшы, басавіты, што на кожнага маладзейшага за сябе глядзеў, пэўна, з помслівай злосцю. Бо ўсё маладое староніцца і не прымае ці адкідае ўсё старое.

— Цяперака ні старому, ні маладому не ўшыцца у транспарт. Праз людзі — у людзі. Але ж некалі яны былі мілейшыя, — востры ражок жалобнай хусткі падымаецца да мяне, і я бачу рознакаляровыя вочы — адно карычневае, другое светлашэрае.

Я ажно здрыгануўся: мне прыгадаўся сусед, ужо нябожчык, у якога гэтаксама былі вочы рознага колеру. Я чамусьці нават пачаў лічыць, колькі гадоў прайшло, як яго пахавалі.

Але мяне назад у перапоўнены тралейбус варочае трымцівы і слабенькі, нібы дзіцячы, голас старой у жалобнай хустцы:
— Я ледзьве свайго дачакалася. Хоць і спяшацца няма куды. Хіба пад сосны на вечнае спачыванне. Але ж жывым у зямлю не ляжаш.

Нахіліўшыся на бок, з цяжкім ржавым скрыгатам тралейбус пад'язджае да чарговага прыпынку і сутаргава тыцкаецца у броўку. Планкі дзвярэй складваюцца, як мяхі ў гармоніка. Лёгка саскокваюць на шурпаты тратуар цыбатыя галаногія дзяўчаты, а двое маладых лілова-вуграватых хлопцаў узбягаюць на іхняе месца каля дзверцаў кабіны. I наўкруга мяне паслабаднела — рослыя мужчыны, ад якіх патыхала атрутным тытунём, падаліся ўглыб салона. Тралейбус, як наеты вол, ледзь зрушвае з месца.

— Сёння ж нам, пенсіянерам, помач на заводзе давалі, — тым самым ціхаватым і трохі нібы ахрыплым голасам гаваркая старая пачынае перарваную споведзь. — Каму дзвесце тысяч, каму трыста, а мне ажно пяцьсот адшкадавалі. О, каб вы бачылі, сколяка там нас, старых, назбіралася. Азірнешся наўкруга сябе — адно чарап'ё. Я ж ужо дваццаць гадоў на пенсіі. У шэсцьдзесят пайшла.

Востры ражок чорнай хусткі, пад якою іскрыць сівая пасма, зноў падымаецца ўгору. Мне карціць спытаць, па кім старая носіць жалобу, але яна, нібы наўздагад, без майго роспыту, гаворыць сама:
— Бачыце, — яе худая у ліловых венах рука, адарваўшыся ад папярочнага поручня, падымаецца да чорнай хусткі, — жалабую. Чацвёрты тыдзень пайшоў, як пахавала свайго дзеда. Я — з сямнаццатага, а ён на два годзікі быў старэйшы за мяне. Зазнаў усяго, праз усе войны прайшоў. У сорак восьмым толькі вярнуўся. Дзякуй Богу, жывы і не калечаны. 3 кантузіі на адно толькі вуха недачуваў. А я трое, лічы, без яго выгадавала. Адно пад адно, як гарох, маленькія былі, як яго забралі, нябось, не пашкадавалі — прыехалі і забралі. За год ці два, як на Западнюю ішлі. Расказваў, што колькі тыдняў у лесе пад Заслаўем ляталі. Адсюль ужо на Гродна, а з-пад Гродна, дзе ў ровішчах розных паноў стралялі, — на фінскую. Фіны, як чэрці, на лыжах... Казаў, лягло там нашых, як снапоў на току...

Але тут нецярпліва пачала паводзіць шырокімі плячыма бабульчына суседка, што, крыўдліва ўзняўшы пухлую напамаджаную губку з чорным пушком, маўкліва і адрошана пазірала ў шарае ад закарэлых пырскаў акно. Тралейбус зноў скрыпуча-ўедліва і неяк бокам прыціраўся да прыпынку з жоўтаю і пухлаю, нібы надзьмутаю, як гумовая лодка, адзінаю лаўкаю. Высока ўздымаючы і памахваючы перад сабою лакіраванаю сумкаю з танна-залацістымі ланцужкамі і прышчэпкамі, раздабрэлая жанчына моўчкі пасунулася клубам наперад, гэтаксама моўчкі зганяючы старую з сядзення.

— Адна варона з кала, другая — на кол, — засмяялася старая, паказваючы ружовыя, як у дзіцяці, бяззубыя дзёсны, і падсунулася на чорным дэрмацінавым сядзенні з зацыраваным косым прарэзам і прыляпнула яшчэ худою зжоўклаю рукою. — Садзецяся і вы, во якраз нам дваім месца аслабадзілася.
Старая яшчэ шчытней падсунулася да замурзанай, упраўленай у чорную гумовую раму вялікай шыбы, і я сеў поруч з ёй.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/