ТРЭЦЯГА НЕ ДАДЗЕНА



У празаічным творы вядомага французскага паэта Шарля Бойлера “Штучны рай” адным з самых жахлівых і найбольш страшных сродкаў, якім карыстаецца дух цемры, каб вербаваць і прыгнятаць варты спачування чалавечы род, названы псіхатропныя рэчывы. Гэта не пустыя словы: усе наступствы ўжывання наркотыкаў аўтар выпрабаваў на сабе, што і паскорыла яго гібель.

Наркотык вядзе да абавязковай расплаты. Ён на кароткі час падымае чалавека да вяршыняў асалоды — і кідае яго ў пекла, больш страшнае, чым у "Боскай камедыі” Дантэ. Часам дастаткова першай спробы, каб трапіць у палон залежнасці. Амерыканскі пісьменнік Эдгар По, які памёр ад наркотыкаў у 40 гадоў, укладае шчымлівыя ноткі ў горкую споведзь аднаго са сваіх герояў: "Я стаў рабом опію, ён не выпускав мяне з ціскоў, і ўсе мае справы набылі колер маіх сноў".

Залежнасць ад наркотыкаў тлумачыцца тым, што яны ўцягваюцца ў складаныя хімічныя і біяхімічныя абмены арганізма, становяцца іх неад’емным фактарам. Калі адняць наркотык, узнікае "сіндром абстыненцыі”: частае сэрцабіццё, слінацячэнне, патлівасць, спазмы страўніка, кішэчніка, сутаргі, ірвота. Пачынаецца бяссонніца, развіваецца пачуццё трывогі, страху, здараюцца прыступы псіхаматорнага ўзбуджэння, якія заканчваюцца станам поўнага знемажэння. Пакуты прымушаюць наркамана загадзя забяспечваць сябе неабходнай дозай атруты. Таленавітая французская спявачка Эдыт Піаф, якая шмат гадоў ужывала наркотыкі, у кнізе "Маё жыцце” расказала аб трагічнай залежнасці. Нярэдка нават на сцэне ёй даводзілася калоць сабе морфій, каб не ўпасці перад гледачамі.

Наркотык прываблівае чалавека абяцаннем асалоды, а пасля трымае яго ў ланцугах пакутаў Доза, здольная вывесці са стану абстыненцыі, пастаянна павялічваецца. Прайшоўшы пачатковую стадыю прыемнай эйфарыі, наркаманы ўпадаюць у стан амаль бесперапыннай абстыненцыі. Яны змучаныя, няздольныя да дзеянняў, іх воля поўнасцю паралізаваная. Па сутнасці, у залежных парушаны ўсе функцыі мозгу, пакутуюць іншыя сістэмы арганізма. У маладых людзей выпадаюць валасы, узнікаюць невылечныя змяненні ў пячонцы, нырках, сэрцы. Гэта накладвае адбітак на знешні выгляд.

Зямлісты твар наркамана нагадвае маску, за якою разыгрываецца трагедыя: знясілены да крайняй ступені, ён прысутнічае пры ўласным псіхічным і фізічным знішчэнні. Менавіта ў гэты час "жывыя трупы" становяцца асабліва небяспечныя для грамадства: каб знайсці наркотык. яны ідуць на любыя злачынствы — ад падробкі рэцэпта да гвалту і забойства.

Найбольш схільныя да ўжывання наркотыкаў асобы эмацыянальна няўстойлівыя, слабавольныя, з псіхапатычнымі рысамі характеру і дэфектамі выхавання, пазбаўленыя сур'ёзных маральных прынцыпаў. Большасць спрабуе наркотыкі, не ведеючы пра катастрафічныя наступствы для здароўя. Прыём наркатычных сродкаў можа выклікаць праяўленне схільнасці да псіхічных захворванняў Так, у наркаманаў нярэдкія выпадкі псіхозу з галюцынацыямі і трызненнем. Самае цяжкае псіхічнае захворванне, шызафрэнія, нашмат часцей сустракаецца сярод залежных. Усе без выключэння наркаманы незаўважна для сябе губляюць цікавасць да жыцця і сваёй будучыні. Схуднелыя, хутка стамляемыя, яны выглядаюць старэйшымі за свой узрост, пакутуюць ад пастаяннага галаўнога болю, хутка страчваюць памяць і здольнасць даводзіць думкі да канца.

Вяласць і спакой змяняюцца "выбухамі” гневу, злосці, падазронасці, жорсткасці. Але, галоўнае, абыякавасць, аслабленне памяці, цяжкасці мыслення застаюцца нават пасля спынення прыёму псіхатропаў. Цяжка загадзя прадбачыць, калі "проста спробы" пяройдуць у рабскую залежнасць ад наркотыка. Часцей дастаткова 2-3 прыёмаў прэпарату.

Чым маладзейшы наркаман, тым больш згубна ўздзейнічаюць на яго псіхатропныя рэчывы. Хранічнае атручэнне наркотыкам запавольвае рост, псіхафізічнае развіццё падлетка, разбурае органы і сістэмы арганізма. Уплывае наркаманія і на патомства. Нават непрацяглы прыём наркотыкаў юнаком або дзяўчынай у 100% выпадкаў адбіваецца на здароўі іх будучых дзяцей: яны нараджаюцца з рознымі формамі прыдуркаватасці або пакутуюць на эпілепсію, шызафрэнію, іншыя хваробы, нярэдка сустракаюцца формы фізічнай выродлівасці. Дзеці яшчэ ва ўлонні маці становяцца наркаманамі.

Нарказалежныя не могуць выконваць складаную работу, якая патрабуе канцэнтрацыі ўвагі, высокай кваліфікацыі, таму часта страчваюць магчымасць займацца любімай справай. Яны вядуць асацыяльны лад жыцця. Уся іх энергія пераключаецца на здабычу і прыём наркотыка. Гэта — галоўная мэта жыцця. Залежныя людзі страчваюць здольнасць самастойна пазбавіцца ад хваробы. Толькі ўмяшальніцтва медыка ў незапушчаных выпадках можа даць станоўчыя вынікі. Папярэдзіць хваробу лягчэй, чым вылечыць.

Працягласць жыцця залежных, якія пачалі прыём псіхатропаў у юнацтве, — 30-35 гадоў. Гэта звязана не толькі са знясіленнем арганізма, але і з частымі спробамі самагубстваў, асабліва ў стане абстыненцыі. Прычынай гібелі можа стаць і перадазіроўка, бо хвораму на наркаманію патрабуецца пастаянна павялічваць дозы. У стане вострага наркатычнага ап’янення ў залежнага ўзнікаюць трызненне і галюцынацыі. Яму здаецца, што за ім гоняцца, ён з жахам бяжыць. Гэта часта заканчваецца трагічна: хворы выскоквае праз акно або трапляе пад машыну. У іншых смерць надыходзіць на фоне прыдуркаватасці, знясілення, параліча дыхальнага цэнтра, сардэчна-сасудзістай недастатковасці, септычных ускладненняў.

У наркаманаў часта незваротна зніжаецца палавая функцыя. Так, амерыканскі карэспандэнт, які наведаў прытон марфіністаў у Нью-Ёрку расказваў, што начаваць у падвале закінутага дома сабраліся каля 20 пераважна маладых мужчын і дзяўчына. Калі госць пацікавіўся, ці не баіцца яна згвалтавання, дзяўчына са смехам адказала, што на гэта наркаманы ўжо няздольныя.

Агульная дэградацыя асобы ад наркотыкаў адбываецца ў 15-20 разоў хутчэй, чым ад алкаголю. Наркаман — цяжка хворы чалавек, хвароба якога ўзнікла толькі з-за яго жадання. Не менш страшныя наступствы ў таксікаманіі, асабліва сярод падлеткаў.

Крымінальным заканадаўствам Беларусі прадугледжана строгае пакаранне за выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку, пересылку або збыт наркатычных сродкаў псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў Асаблівыя меры прадугледжаны для арганізатараў і ўтрымальнікаў прытонаў для наркаманаў, для асобаў, якія ўцягваюць новых людзей у гэтае сацыяльнае бедства, за вырошчванне наркаўтрымліваючых раслін.

У нашым раёне на ўліку за ўжыванне псіхаактыўных сродкаў знаходзіцца не вельмі шмат асобаў. Аднак праблема наркаманіі існуе і на Дзятлаўшчыне. За такімі людзьмі наладжаны асаблівы кантроль праваахоўных органаў Сёлета аднаму жыхару Дзятлава ўжо давялося сесці на лаву падсудных. Грамадзянін К. незаконна, не маючы на мэце збыту, набыў захоўваў, перавозіў псіхатропныя рэчывы і іх аналагі. Ён асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі.

Максімальныя тэрміны пакарання за ўчыненне злачынстваў у сферы наркотыкаў прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Лава падсудных або смерць, трэцяга не дадзена — такі сумны вынік прыхільнасці да наркотыкаў. Строгае захаванне заканадаўства, якое прадугледжвае адказнасць за незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі, аператыўнае выяўленне прычынаў і ўмоваў учынення такіх дзеянняў, актыўная прапаганда здаровага ладу жыцця абавязкова будуць садзейнічаць папярэджанню і ліквідацыі наркаманіі. Каб спыніць распаўсюджванне гэтай страшнай хваробы, не варта яе замоўчваць, бо маўчанне і імкненне прыменшыць небяспечнасць праблемы не дазваляюць грамадскаму арганізму выпрацаваць супраць яе сацыяльны імунітэт Барацьба з наркаманіяй павінна насіць планамерны дзяржаўны характер. Поспех залежыць ад сукупнасці, прадуманасці, дакладнасці рэальных дзеянняў з боку дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і людзей.

В. ЗАЯЦ, пракурор Дзятлаўскага раёна, малодшы саветнік юстыцыі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/