Таркачоўскія майстрыхі



У Таркачоўскай сельскай бібліятэцы прайшла чарговая сустрэча аматарскага аб'яднання "Спатканне" на тэму "Гаспадарку весці — не рукамі трэсці". Мерапрыемства падрыхтавала работніца бібліятэкі Тамара Яўгенаўна Богдан, якая курыруе гэта аб'яднанне.

На гэты раз вясковыя жанчыны сустрэліся, каб расказачь пра рамёствы, якімі яны займаюцца ў вольны час, паказаць свае вырабы. Атрымалася сапраўдная выстава.

Свае вышыванкі прадэманстравала Таццяна Уладзіміраўна Рожка. 3 дапамогай нітак і іголкі жанчына стварыла шмат прыгожых рэчаў, сярод іх ёсць малюнкі і іконы.

Вырабамі з салёнага цеста здзіўляла прысутных Галіна Мікалаеўна Богдан. Тут былі розныя звяркі, прыгожы кошык з кветкамі, вожык і многае іншае. А яшчэ гэтая гаспадыня захапляецца выцінанкай.

Самым цікавым з яе папяровых твораў быў сімвал сёлетняга года — Дракон.

Акрамя выставы, ладзіўся музычны конкурс: жанчыны змагаліся, хто ўзгадае больш песень пра кветкі. Цікавую прэзентацыю часопісаў, якімі можна скарыстацца ў бібліятэцы, напрыканцы мерапрыемства правяла Тамара Яўгенаўна Богдан.

Р. АЛЬШЭЎСКАЯ, стараста вёскі Таркачы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/