ТАЛЕНТ АД НАРОДНЫХ ВЫТОКАЎ



Яна родам з сям'і прыроджаных музыкантаў. Бацькі выдатна спявалі, і гэта пры тым, што не мелі ніякай музычнай адукацыі. Тата — вясковы настаўнік — іграў на гармоніку. Гэты музычны інструмент асвоіла і яна. Асвоіла самастойна, як кажуць, на слых. Пасля самастойна навучылася іграць і на акардэоне. А вось прафесійна вывучаць музыку яна пачала толькі ў 17-гадовым узросце, калі паступіла ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча.

Калі яго закончыла, яе педагог па акардэоне напісаў у суправаджальным пісьме: "Вельмі таленавітая. Рэкамендую для паступлення ў кансерваторыю". Аднак у дылеме — далейшае навучанне ці сям'я, яна выбрала апошняе...

Сёння Святлана Уладзіміраўна Мазырка належыць да настаўнікаў-мэтраў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У яе за плячыма 45 гадоў прафесійнага стажу на ніве эстэтычнага выхавання дзяцей. У наступным годзе яна адзначыць і яшчэ адну важкую дату — 45-годдзе сямейнага жыцця.

СЯМ'Я І ТВОРЧЫ ДУЭТ

У адной з песень ёсць словы: "Музыка нас злучыла". Гэта ж можна сказаць і аб гісторыі Святланы Уладзіміраўны і Дзмітрыя Іванавіча Мазыркаў.

Яны пазнаёміліся ў гады вучобы ў Гродзенскім музычным вучылішчы. Каханне ўзнікла на апошнім курсе, і незадоўга да размеркавання Святлана і Дзмітрый распісаліся.

— Гэта адбылося першага мая, — узгадвае Святлана Уладзіміраўна. — Памятаю, што за некалькі дзён да нашай рэгістрацыі надвор'е было вельмі кепскае — дождж, моцны вецер. А вось першага мая надвор'е было ціхім, свяціла сонейка.

Згодна з народнымі прыкметамі, гэта ўказвае на доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё. Так і сталася. I справа, вядома, тут не ў прыкметах, а ў каханні, дзецях, адзінствё поглядаў — усё гэта, як лічыць Святлана Уладзіміраўна, і з'яўляецца сакрэтам сямейнага даўгалецця.

— Цяпер я нават не ўяўляю, як мы маглі б жыць адзін без аднаго, — працягвае мая суразмоўца. — Мы з мужам, нібыта нітка з іголкай, заўжды разам, побач. Пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча пяць гадоў вучыліся ў Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы. Неаднаразова разам выступалі на сцэне. Спачатку як выканаўцы камсамольскіх песень. Затым аснову нашага рэпертуару склалі лірычныя творы. Вельмі любім песні Сяргея Нікіціна.

Ад сябе дадам, што творчы дуэт Святланы Уладзіміраўны і Дзмітрыя Іванавіча — заўжды жаданы госць на раённай сцэне. Гледачы з заміраннем у сэрцы слухаюць песні ў іх выкананні, якія гучаць пад ціхія гітарныя акорды, прымушаюць адпачыць душой ад мітусні, задумацца.

ДАСЯГНЕННІ І ВУЧНІ

Асноўная частка прафесійнага стажу Святланы Уладзіміраўны звязана з Дзятлаўскай дзіцячай школай мастацтваў. Аднак пачынаўся працоўны шлях з Казлоўшчынскай агульнаадукацыйнай школы, дзе Святлана выкладала музыку і спевы. Адпрацаваўшы пяць гадоў, яна перайшла выкладаць - у Казлоўшчы некую музычную школу, дзе на той момант працаваў яе муж.

3 гадамі працы ў Казлоўшчыне звязаны і першыя прафесійныя дасягненні Святланы Уладзіміраўны. Як кіраўнік хору, што быў добра вядомы не толькі ў раёне, але і вобласці, яна была адзначана высокай узнагародай — Граматай Міністэрства адукацыі БССР.

За многія гады працы Святлана Уладзіміраўна неаднаразова ўзнагароджвалася. Аднак самае галоўнае для самой жанчыны — гэта высокія дасягненні яе вучняў. Сярод іх шмат, адораных дзяцей. У гэтым пераліку і Караліна Орсік, якая ў 2001 годзе перамагла ў рэспубліканскай алімпіядзе па музычна-тэарэтычных дысцыплінах, стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Караліна — гэта асаблівая дзяўчынка, — узгадвае Святлана Уладзіміраўна. — Ёй шмат дадзена Богам, аднак пры гэтым яна мае вялікае працалюбства і ўседлівасць. Яе перамозе на рэспубліканскай алімпіядзе папярэднічала карпатлівая работа. Мы займаліся з Каралінай, якая на той момант вучылася ў пятым класе, па восем гадзін у дзень. Падрыхтавацца неабходна было вельмі сур'ёзна, паколькі алімпіяда ўключае шэраг дысцыплін. Гэта і спевы з ліста, музычны дыктант, тэсціраванне, веданне музычнай літаратуры. Давялося падняць вялікі пласт інфармацыі. Вядома, падрыхтоўка вымагала і вялікага нервовага напружання. I калі ўжо пасля заканчэння алімпіяды мы пачулі, што дыпломам першай ступені ўзнагароджваецца навучэнка Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Караліна Орсік, не маглі стрымаць слёз.

МУЗЫКА, СЛОВА І КВЕТКІ

— 3 музыкай звязана ўсё маё жыццё, — зазначае Святлана Уладзіміраўна. — На мой погляд, чалавек так нідзе душэўна не раскрываецца, як у гэтай сферы. А яшчэ я люблю філалогію. У майго таты была выдатная бібліятэка. Тургенеў, Пушкін, Талстой, Гогаль. З дзяцінства я чытала іх творы, магчыма, на той момант яшчэ не разумеючы ўсю глыбіню зместу. I нават часам мяркую, што калі б не стала музыкантам, то, магчыма, абрала б прафесію філолага. Аднак музыкант ува мне ўсё-такі "пераважыў".
Тым не менш, захапляюся літаратурай я і цяпер. Падабаюцца замежныя творы. 3 рускіх класікаў вельмі люблю творчасць Аляксея Талстога. Яго раман "Пётр Першы" перачытвала неаднаразова, вельмі ўражвае стыль напісання гэтага твора. Акрамя класікаў, цікаўлюся і сучаснымі аўтарамі. Яшчэ адно маё захапленне — гэта кветкаводства. Таксама жыццёвую сілу даюць заняткі з дзецьмі.


ТРЫ ХРАМЫ ЖЫЦЦЯ

— Лічу, што мае жыццё ўдалося, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна, — паколькі я рэалізавала сябе і ў прафесіі, і як проста чалавек.
У мяне ёсць тры храмы, якія даюць мне сілу жыць і ствараць. Гэта сям'я, школа мастацтваў, царква.
У мяне ёсць дзве дачкі, трое ўнукаў, якіх я вельмі люблю, і кожнай сустрэча з якімі дорыць вялікае задавальненне.
Люблю я і сваіх вучняў. На мой погляд як настаўніка, у кожнага дзіцяці ёсць патэнцыял для таго, каб ён стаў сапраўдным музыкантам. Колькі ведаю выпадкаў, калі вучні з сярэднімі дадзенымі, дзякуючы сваім настойлівасці і працаздольнасці, станавіліся сапраўднымі музыкантамі. I аднаго таленту тут недастаткова. Павінна весціся пастаянная работа над сабой. Калі чалавек лічыць, што ён ужо чагосьці дасягнуў, то ён перастае расці ў духоўным і творчым плане.

Для самой Святланы Уладзіміраўны новым жыццёвым і творчым вопытам стаў удзел у царкоўным хоры пры храме Прэабражэння Гасподня ў Дзятлаве. У хоры яна спявае ўжо дванаццаць гадоў. Аб гэтым расказвае з ціхай радасцю і душэўнай узнёсласцю. Шкадуе толькі, што не прыйшла раней.

На пытанне аб жыццёвым крэда, Святлана Уладзіміраўна адказала коратка: "Не нашкодзь".

— Я ніколі не імкнуся даваць парады, калі мяне аб гэтым не просяць. Мяне гэтаму навучыла мая мама, як і таму, што не трэба скардзіцца на жыццё і на людзей, а ўспрымаць такімі, якія яны ёсць.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/