Такое жыццё




Куды ляцім?

Жыхары вуліцы Гагарына, што ў Дзятлаве, павыскаквалі хто ў чым: на ранішняй зары іх разбудзіў страшэнны грукат і гул аўтамабіля. Аказваецца, у металічны плот, якім абнесена сядзіба Станіслава Шумейкі, на вялікай хуткасці ўрэзаўся легкавы аўтамабіль.

Плот ды дрэва, што расце побач, утрымалі яго, бо інакш аўтамабіль урэзаўся б у сцяну дома. На шчасце, малады хлопец, які сядзеў за рулём, не пацярпеў. Ён страшэнна спалохаўся і быў у роспачы. Хочацца верыць, што гэты выпадак паслужыць урокам, і ён больш ніколі не будзе перавышаць хуткасць.

Не прайшло і тыдня, як усё паўтарылася. На той жа вуліцы ў суседні з Шумейкавым дом, дзе жыве пенсіянерка Галіна Ламака, у дзве гадзіны ночы ўрэзаўся легкавы аўтамабіль, у салоне якога сядзелі маладыя людзі. Там плот быў крыху слабейшы, і машына, струшчыўшы яго, стукнулася ў сцяну. Ды так, што са сцяны пападалі карціны, палопаліся шпалеры.

Трэба нам сваю вуліцу высвенчваць, — у страху кажуць бабулькі. — Няйначай нячыстая сіла завялася.
А другія кажуць, што каб маладыя вадзіцелі выконвалі правілы руху, патрэбна не толькі святая вада.

Дык з чаго ж пачынаецца Радзіма?

Перарваўшы фільм, па тэлевізары пачалася рэклама:
С чего начинается Родина? — пытае мужчынскі голас за кадрам.
Дык жа ўсё даўно вядома з песні, — думаю сабе:
“С картинки в твоём букваре.
С хороших и верных товарищей,
Живущих в соседнем дворе”.
Гэта адзін варыянт. Другі:
“А может она начинается
С той песни, что пела нам мать?
С того, что в любых испытаниях
У нас никому не атнять?”

Аказваецца не, зноў не тое. Аказваецца, Радзіма пачынаецца з чыстай крынічнай вады, з якой робяць Рэчыцкае піва!

А колькі ўзнёслых слоў пра піва “Гёссэр”, “Аліварыю” ды шмат якое яшчэ. Вучыцеся, дзеткі! Якія там малюнкі ў буквары, якія там маміны песні? З піва пачынайце свой жыццёвы шлях, як вучыць тэлевізар з яго абсурднай рэкламай.

А потым яшчэ здзіўляемся: чаму ў нас такая “няправільная” моладзь, п’е піва, хуліганіць? Мы былі не такімі.
Можа, і не такімі, бо не было тады нікчэмнай рэкламы спіртнога, не было моды на ўсякую брыдоту. Ды што там на моладзь наракаць. Самі дарослыя вінаваты. Кажучы па-руску: “Нечего на зеркало пенять, коль кривая рожа».

Не ад дабра

Ля ўваходу на Дзятлаўскі кірмаш кожны дзень сядзяць мясцовыя пенсіянеры. Гандлюць хто чым: вішнямі, маладой бульбай, агуркамі, кветкамі ў вазонах, цыбуляй, часнаком. Купляюць слаба, бо каго ты цяпер у маленькім гарадку здзівіш тым часнаком ці гурком? Амаль ва ўсіх ёсць сваё: хто вырошчвае ля хат, хто на агародах за аўтастанцыяй ці на дачах. Але пенсіянеры сядзяць. Прададуць тавару на пару тысяч і рады. А як жа інакш: цэны растуць, а пенсіі — ні з месца. І пякуцца штодзень на сонцы састарэлыя нямоглыя людзі. Не ад дабра гэта.

Ранішні абход

Яшчэ няма і шасці гадзін раніцы. Я прыйшла на аўтобусную станцыю, каб ехаць у Мінск. Рэдкія ў гэты час пасажыры таўкуцца на маленькім асфальтавым пятачку пасадачнай пляцоўкі. Побач у скрынцы для смецця калупаецца жанчына няпэўнага ўзросту, але з пэўным сацыяльным статусам. Такіх цяпер называюць ёмістым беларускім словам: апойкі.

Яна паварушыла рукой у смецці і, нічога патрэбнага там не знайшоўшы, паскардзілася аблезламу шэраму сабачку, што, віляючы хвастом, круціўся побач:

— Пуста. Дарэмна сюды ішлі. Нічога, зараз адпачнём і пойдзем у парк. Можа, хто там з вечара бутэльку кінуў...
Яна стомлена села на невысокі ганак аўтобуснага прыпынку, запаліла. На нейкае імгненне за шызым дымам схаваўся апухлы ад пастаяннай п’янкі твар, патухлыя, як нежывыя вочы...

Няшчасная забылася, што патрэбна пачынаць дзень не з цыгарэты і віна, а з малітвы. Тады ўбачыш, як узыходзіць сонца, зразумееш, што ёсць іншае жыццё — чыстае і светлае. Хацелася сказаць ёй пра гэта, ды асцераглася: не зразумее. Яшчэ і аблае пад дрэнны настрой. А што настрой быў дрэнны — несумненна. А ў каго ён добры пасля ўчарашняга ды ў такі ранні час, калі і магазіны закрыты, і ніводнай пустой бутэлькі ва ўсёй ваколіцы...

Доўга стаяла ў мяне перад вачамі яе худзенькая постаць і нейкі нежывы погляд некалі прыгожых вачэй.

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/