"СЫРНАЯ СТРАНА" АСВОЙВАЕ НОВЫЯ СЕГМЕНТЫ РАСІЙСКАГА РЫНКУ



Напрыканцы 2013 года ў расійскім горадзе Варонежы праходзіў V Аграпрамысловы форум -- буйнейшае галіновае мерапрыемства ў Чарназем'і. У межах праекта працавалі і міжрэгіянальныя спецыялізаваныя выставы: 10-ая спецыялізаваная выстава з міжнародным удзелам "Ураджай" і 30-ая міжрэгіянальная спецыялізаваная выстава "Харчовая індустрыя", у якой расійскія сябры запрасілі прыняць удзел прадстаўнікоў ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод".

Вядома, дзятлаўскія сыраробы не адмовіліся ад цікавай прапановы, тым больш, што адной з мэтаў форуму было садзеянне з'яўленню на рынку Варонежскага рэгіёна якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі. Варта зазначыць, што "Сырная страна" ўжо некалькі гадоў актыўна асвойвае рынак суседняй Расіі, мае гандлёвых партнёраў у Чэлябінску, Ніжнім Ноўгарадзе, Бранску, Маскве. А цяпер з'явілася магчымасць займець сур'ёзнага дылера яшчэ і ў Варонежы.

Начальнік аддзела забеспячэння і збыту ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", удзельніца V Варонежскага Аграпрамысловага форуму Людміла Ляонава тлумачыць:
-- Было цікава паглядзець, што сабою ўяўляе рэгіён, як там прадстаўлена наша прадукцыя. Таму ў Варонеж накіравалася дэлегацыя "Сырной страны" на чале з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Дубовікам, усяго пяць чалавек: яшчэ эканаміст па збыце Ірына Панкевіч, тэхнолаг Алена Якімчык, майстар Вольга Болцік.

Да афармлення выставы падышлі творча. Як заўжды, прысутнічала сімволіка завода -- брэндавыя жоўта-сінія колеры і карабельчык з сырнымі ветразямі. Цікавай вынаходкай, якую нам удалося ажыццявіць, былі два механічныя сыраробы -- фігуркі, якія рухаліся. Адзін мяшаў у кадцы сыр, другі клаў галоўку сыру на паліцу. Яны, як і яркія колеры стэндаў, здалёк прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў. Забягаючы наперад, скажу, што адна з нашых узнагародаў па выніках форуму -- дыплом "за яркае афармленне выставы".

У Варонежы мы сустрэліся з пакупнікамі, з якімі наладзілі дзелавое супрацоўніцтва. Цяпер яны працуюць як дылеры і рэалізоўваюць у месяц каля 100 тон дзятлаўскага сыру ў Цэнтральна-Чарназемным рэгіёне. У час візіту мы змаглі больш даведацца аб тым, як яны працуюць.

Але, як вядома, супрацоўніцтва -- гэта двухбаковы працэс. Расійскія калегі таксама былі зацікаўлены партнёрствам з дзятлаўскімі сыраробамі. Асабліва калі падвялі вынікі конкурсу на якасць прадукцыі, які праходзіў у межах форуму. У конкурсе прынялі ўдзел сем гатункаў сычужных сыроў ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". Гэта былі "Сметанковы", "Расійскі новы малады", "Чыз-Лайт", "Галандскі новы малады", "Грэчаскі", "CHEDDER-GOLD" і "Каралеўскі малады" -- навінка 2013 года з водарам топленага малака.

Ужо "народная дэгустацыя", якая ладзілася тут жа, у выставачным цэнтры, паказала, што людзям дзятлаўскі сыр падабаецца. Яго смакавыя якасці ацанілі не толькі прафесіяналы -- члены дэгустацыйнай камісіі, а і простыя наведвальнікі. А пасля лабараторных даследванняў узораў дзятлаўскага сыру, ацэначная камісія ўпэўнілася, што прадукт сапраўды натуральны, без раслінных тлушчоў. Таму кожны з сямі гатункаў сыру "Сырной страны" быў узнагароджаны дыпломам "за якасць" V Варонежскага аграпрамысловага форуму. Яшчэ два дыпломы дзятлаўскія сыраробы атрымалі "за актыўны ўдзел" і "за яркае афармленне выставы". Усяго разам -- дзевяць дыпломаў папоўнілі скарбонку узнагародаў прадпрыемства.

Расказвае тэхнолаг ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" Алена Якімчык:
-- У Расіі вельмі шмат "сырнага прадукту" з дабаўленнем раслінных тлушчоў, таму мы спадзяваліся, што нашы сыры будуць станоўча ацэнены, але столькі дыпломаў, прызнацца, не чакалі. Іх колькасць у чарговы раз пацвердзіла якасць прадукцыі "Сырной страны".

Усе кампаненты, якія мы выкарыстоўваем на вытворчасці, натуральныя -- чыстыя культуры і малочнакіслыя бактэрыі, няма генетычна мадыфікаваных мікраарганізмаў. Асартымент пашыраем не за кошт раслінных дабавак, а з дапамогай новага пакалення заквасак, якія з'яўляюцца натуральнымі кампанентамі сыру. Менавіта закваска і адпаведны тэмпературны рэжым выспельвання дае кожнаму новаму гатунку сыру своеасаблівы водар і малюнак (памер і колькасць дзірачак на зрэзе).

Вялікую ўвагу на заводзе надаюць і якасці сыравіны. У 2013 годзе калі якасць закупляемага прадпрыемствам у гаспадарак раёна малака і мянялася, то толькі ў лепшы бок.

Вынікам плённай работы сыраробаў сталі тоны рэалізаванай прадукцыі, лічбы ўзраслі ў разы. Так, толькі за студзень 2014 года аб'ём экспартнай прадукцыі склаў 280 тон (у 2013 г. -- 140 тон) і прагнозны паказчык быў выкананы на 150%. Усяго ў студзені 2014-га на рынак беларусі і за мяжу завод паставіў 303,6 тоны прадукцыі. Сыры рэалізоўваюцца, як тут тлумачаць, "адразу з колаў", і адзінае, аб чым уздыхаюць дзятлаўскія сыраробы, -- невялікі аб'ём сыравіны ўзімку.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/