СЯРГЕЙ ЛУНЯ: “ПРАФЕСІЙНАСЦЬ, ПАТРЫЯТЫЗМ І ПРЫСТОЙНАСЦЬ – ЯКАСЦІ ДОБРАГА РАБОТНІКА"



Пра дасягненні і планы на будучыню, надзённыя клопаты і надыходзячае прафесійнае свята камунальнікаў карэспандэнтка гутарыць з дырэктарам Дзятлаўскага РКП ЖКГ Сяргеем Лунём.

-- Сяргей Міхайлавіч, якім быў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі 2012 год? Што паспелі зрабіць? Чым можна сапраўды ганарыцца?
-- У цэлым, мы паспелі зрабіць усё, што было запланавана. Першачаргова гэта завяршэнне работ па аб’ектах трох- і пяцігадовай даўнасці: рэканструкцыя лазні і капітальны рамонт жылых дамоў у пасёлку Наваельня, дома ў Гезгалах. Завершаны рамонт будынка інтэрната па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве – у хуткім часе райцэнтр атрымае 51 жылую кватэру. За гэта дзятлаўчане і мы ўдзячныя ў першую чаргу кіраўніцтву раёна і асабіста Івану Іосіфавічу Крахмальчыку.

-- Якія праекты атрымаюць свой працяг, а якія будуць распачаты сёлета? Раскажыце пра бліжэйшыя планы гаспадаркі.
-- Летась была здадзена ў эксплуатацыю вуліца Чырвонаармейская ў Дзятлаве і распачата рэканструкцыя вуліцы Кастрычніцкай. Сёлета плануем завяршыць рэканструкцыю Кастрычніцкай працягласцю да вёскі Савічы і выканаць яе рэканструкцыю ад перасячэння з вуліцай Кірава. Акрамя таго, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт гэтай вуліцы на ўчастку ад Кірава да перасячэння з Навагрудскай. Рыхтуемся ў будучым выканаць рамонт у лазнева-аздараўленчым цэнтры ў Дзятлаве (перадусім гэта тычыцца басейна), капітальны рамонт гасцініцы “Ліпічанка”, які пачнём у наступным годзе.

-- З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца камунальнай службе ў паўсядзённай працы? Як атрымліваецца іх вырашаць?
-- Будзем вырашаць бягучыя камунальныя праблемы, адной з якіх з’яўляецца недастатковы напор або адсутнасць вады ў гадзіны “пік”, што звязана з вялікай шчыльнасцю дамоў і недастатковасцю водных рэсурсаў на гэтым участку. Для вырашэння праблемы будзе дадаткова прабурана свідравіна. Будзе вырашацца і праблема з ачыснымі збудаваннямі: рыхтуецца дакументацыя для пачатку работ у наступным годзе.
Актуальнай на сёння з’яўляецца праблема гарачага водазабеспячэння ў перыяд міжсезоння. Вырашаць яе мы пачалі ўжо ў мінулым годзе і працягнем сёлета: усталёўваем рэгулюючую сістэму, якая дазволіць у час знаходжання дамоў у рэжыме прапальвання падтрымліваць належную тэмпературу гарачай вады.

-- Дзятлаўчане, атрымаўшы “жыроўку” за люты, адчулі, што яна значна "пацяжэла". Якія віды камунальных паслугаў падаражэлі?
-- Далёка не ўсе камунальныя паслугі падаражэлі. З 1 студзеня на 5% паднялося ў кошце ацяпленне. Стаў даражэйшы вываз смецця, які сёння каштуе 3400 за кубаметр замест 2770. У вызначэнні цэн на камунальныя паслугі мы – выканальнікі пастановаў. Самі ж рашэнні прымае непасрэдна Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Нават з улікам падаражэння, людзі аплачваюць толькі 15% ад сабекошту камунальных паслугаў.

-- З дня на дзень чакаецца надыход не толькі каляндарнай, але і кліматычнай вясны, калі трэба будзе задзейнічаць немалыя чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы, каб хутка прывесці райцэнтр і раён пасля зімы ў парадак. Да вясны гатовы?
-- Самая вострая праблема вясной – гэта дарогі, разбітыя пасля такой нестабільнай па надвор’і зімы. Трэба будзе “падлатаць” утвораныя на дарогах яміны, каб зрабіць рух транспарту па іх больш камфортным. Для гэтага мы не будзем чакаць усталявання тэмпературнага рэжыму: ужо прывезены халодныя асфальтныя сумесі, якімі ў хуткім часе будзе выкананы ямачны рамонт. А з надыходам сапраўднага цяпла, калі пачне працаваць асфальтабетонны завод, выканаем больш грунтоўны рамонт дарог.

-- Як вядома, 2013 год абвешчаны ў рэспубліцы Годам беражлівасці. Якім чынам атрымліваецца берагчы і эканоміць у камунальнай сферы?
-- Самая галоўная ўмова беражлівасці ў камунальнай гаспадарцы – максімальна зберагчы цяпло. З мэтай скарачэння цепластратаў летась былі заменены 7 кіламетраў цеплатрасы. Сёлета плануем замяніць 9 кіламетраў цеплатрасы. Пры гэтым страты цяпла пры транспартыроўцы скараціліся з 30% напалову. Акрамя таго, у многіх шматкватэрных дамах былі ўсталяваныя рэгулятары, якія аўтаматычна карэктуюць падачу цяпла адпаведна з тэмпературай навакольнага асяроддзя, што значна скарачае затраты цеплавой энергіі. Па праграме энергазберажэння мы мяняем помпы на энергазберагальныя. На некаторых участках вуліц старыя ртутныя лямпы вулічнага асвятлення будуць заменены на светладыёдныя, што таксама паўплывае на эканомію рэсурсаў. Катлы на кацельнях у Наваельні, Гезгалах і Казлоўшчыне працуюць на мясцовых відах паліва – дранцы і драўніне, якія па нашай заяўцы пастаўляе Дзятлаўскі лясгас. На сёння такім чынам забяспечваецца да 60% ацяплення. Дзякуючы гэтаму, за 2012 год спажыванне прыроднага газу ў раёне скарацілася на 3,5 мільёна кубаметраў. Сёлета, калі дазволяць паліўныя рэсурсы, гэту лічбу плануем павялічыць. У гэтым годзе, як маглі заўважыць жыхары шматпавярховых дамоў, на лесвічных пляцоўках з’явілася новая сістэма асвятлення з датчыкамі гуку. Цяпер святло гарыць толькі тады, калі яно патрэбна.

-- Калектыў Дзятлаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі шматлікі і разнастайны. Работнікі якіх спецыяльнасцяў працуюць сёння ў арганізацыі? Назавіце лепшых работнікаў ці ўчасткі ў гаспадарцы.
-- Пераважная большасць работнікаў камунальнай сферы – адказныя, надзейныя і працавітыя. Майстар або просты рабочы – кожны добра выконвае свае абавязкі. Я лічу, галоўнае для добрага работніка – гэта адзінства трох “П”: прафесіяналізму, патрыятызму і прыстойнасці. І гэтыя якасці маюць многія ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Выдатна працуюць на ўчастках у пасёлках Наваельня і Казлоўшчына. Пастаянна ў гатоўнасці аварыйная служба, у якой, я лічу, вельмі няпростая задача – штодня яны працуюць па заяўках насельніцтва. Адміністрацыя і бухгалтэрыя жылёва-камунальнай гаспадаркі высокапрафесійна выконваюць сваю работу. Нешматлікая брыгада азеляняльніц ужо сёння рыхтуецца ўпрыгожыць раён кветкамі; прыбіральшчыкі тэрыторыі – падтрымліваюць населеныя пункты ў чысціні і парадку. Шкада толькі, што людзі не заўсёды цэняць гэту працу, не стараюцца захаваць парадак вакол сябе, тым самым ускладняючы задачу камунальнай службы. Са свайго боку, у гаспадарцы ствараюцца ўмовы для камфортнай работы камунальнікаў: абсталявалі распранальні, пакой для прыёму ежы, набылі неабходную тэхніку і інструмент, ацяплілі памяшканні.

-- Сяргей Міхайлавіч, што пажадаеце калегам па жыллёва-камунальнай гаспадарцы і работнікам бытавога абслугоўвання ў ваша агульнае прафесійнае свята?
-- Самае галоўнае – здароўя, якое мы часам не беражом. Здароўя ўсім працаўнікам, іх родным. Каб яны радавалі сваіх блізкіх і каб блізкія – дзеці, унукі – радавалі іх. А маладым, у каго яшчэ наперадзе стварэнне сям’і – шчырага ўзаемнага кахання. Жадаю, каб кожны новы дзень прыносіў радасць і ўдача ніколі не пакідала.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/