"СЯРЭБРАНАЯ" ГАРМОНЬ ВАСІЛЯ ШПІГАНОВІЧА



У Паставах прайшоў штогадовы Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонь". Удзел у ім прыняў і дзятлаўчанін Васіль Шпігановіч — віртуоз ігры на гармоні. На фестывалі яго майстэрства адзначана дыпломам другой ступені. Таксама Васіль Мікалаевіч прывёз з пастаўскай зямлі памятны сувенір, а яшчэ шэраг эмоцый і ўражанняў ад мерапрыемства.

— Уражанні ад фестывалю толькі добрыя, — расказвае Васіль Мікалаевіч. — Ён сабраў музыкантаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Расіі. Адным словам, геаграфія гасцей фестывалю вялікая, усе — рускамоўныя людзі, што дало магчымасць пагутарыць, абмяняцца вопытам. Аб'яднала нас і музыка, якая не мае межаў і нацыянальнасці. Яна — вечная.
Фестываль доўжыўся два дні. Прыемна было паслухаць выкананне іншых канкурсантаў, чамусьці павучыцца. А таксама паглядзець на выступленні самадзейных артыстаў. Вельмі ўразіла танцавальнае майстэрства калектываў з Расіі. Увогуле, фестываль у Паставах — гэта мерапрыемства, якое трэба пабачыць, адчуць душой і сэрцам.

— А якія творы вы выконвалі ў час конкурснай праграмы?
— Народный найгрышы, а таксама творы гродзенскага кампазітара Валерыя Кручкова. Я пазнаёміўся з ім на курсах. У маім рэпертуары ёсць шэраг твораў гэтага аўтара.

— Усе мы родам з дзяцінства. Ужо ў гэты перыяд фарміруецца асоба чалавека, праяўляюцца яго здольнасці і таленты. А ваша захапленне музыкой таксама пачалося з дзяцінства?
— Так. У мяне добра на гармоні іграў бацька. Мама добра спявала. Ад іх і перадаўся талент мне. А ўвогуле, лічу, што гэта дар ад Бога. Так можа сказаць любы музыкант, паколькі цяга да музыкі "закладзена" ў крыві. Музыка — гэта як прадукт, без якога не ўяўляеш свайго жыцця.

— Васіль Мікалаевіч, а калі ў першыню вы ўзялі ў рукі гармонь?
— Дакладна і не скажу. Магчыма, мне было ўжо гадоў пяць-шэсць. У нашай сям'і была прыгожая гармонь. Неяк бацька пасадзіў мяне за стол, на якім знаходзіўся музычны інструмент, дазволіў дакрануцца да яго, паколькі на той момант мне яшчэ цяжка было ўтрымаць гармонь у руках. А купіў яе дзядуля, зроблена гармонь была тульскімі майстрамі.

— Цікава, а колькі яна каштавала?
— Бацька казаў, што для таго, каб купіць гэты музычны інструмент, неабходна было прадаць быка ці карову. Даволі дорага. Аднак душа патрабавала музыкі. Ды і ў тыя гады музыкантаў запрашалі на вяселлі, на танцы, таму кошт інструмента пазней кампенсаваўся.

— Васіль Мікалаевіч, адкуль вы родам?
— Я з Гомельшчыны. А Дзятлаўшчына — радзіма маёй жонкі. Стварыўшы сям'ю, мы пераехалі сюды жыць. У наступным годзе споўніцца ўжо сорак гадоў, як мы разам крочым па жыцці.

— Падзяліцеся сакрэтам сямейнага даўгалецця.
— Павінны бьщь цеплыня адносінаў, павага, каханне. Сям'я — гэта арганізацыя, моц якой залежыць ад абодвух людзей.

— А на сямейных святах гучаць найгрышы вашай гормоні?
— Гучаць. Калі збіраемся разам з сябрамі, з дзецьмі, усёй сям'ёй, абавязкова спяваем "Расцвела под окошком белоснежная вишня", "Под крышей дома твоего", іншыя вядомыя песні, якія сталі сапраўды народнымі.

— Гэта хіты мінулых гадоў. А як ставіцеся да сучаснай песенной творчасці?
— Да музыкі я заўсёды адношуся з павагай і душэўна.

— А хто для вас з'яўляецца прыкладам артыста з вялікай літары?
— Леў Лешчанка. Сімпатыю выклікае манера яго выканання, культура паводзін на сцэне. Падабаецца таксама творчасць Мікалая Гнацюка, яго песні ёсць у маім рэпертуары.
А яшчэ вельмі люблю творчасць Ганны Герман. Я заўжды з задавальненнем слухаю яе яесні, у тым ліку і ў выкананні іншых артыстаў. Аднак, на мой погляд, хто б ні выконваў гэтыя песні, лепш за Ганну Герман іх праспяваць не зможа ніхто.

— Васіль Мікалаевіч, вы не толькі самадзейны артыст, вы яшчэ спяваеце і ў царкоўным хоры...
— Ужо гадоў дваццаць. Я і раней заходзіў у храм, аднак прыйсці спяваць у царкоўным хоры мяне неяк запрасілі Марыя Пятроўна Віннік і Валянціна Канстанцінаўна Кушаль. Я паспрабаваў, і мне спадабалася. На душы становіцца лягчэй. Увогуле, знаходжанне ў храме заўжды дае палёгку для душы. Храм, як кажа айцец Мікалай, гэта — дзверы ў нябёсы.

— А ці ёсць у вас, акрамя музыкі, іншае захапленне?
— Ёсць. Яно, праўда, зноў жа звязана з музыкай — настройка і рамонт музычных інструментаў. Навучыўся гэтаму сам. А штуршком стала сустрэча з тульскімі майстрамі-настройшчыкамі.

— Васіль Мікалаевіч, напрыканцы размовы, чаго пажадаеце тым музыкантом, якія яшчэ толькі пачынаюць свой творчы шлях?
— Заўжды трэба іграць і спяваць з душой. I тады музыка абавязкова кране сэрца гледача.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/