Аўсяніха



З маладосці ўсе ў іхняй вёсцы Валовічы называлі яе Аўсяніхай, а не Ірэнай, з таго самага часу, як прыняла ў прымы Кастуся Аўсяніка з суседняга раёна. Хлопец не ўдаўся прыгажосцю і ростам, затое працавіты быў, якіх мала, і вельмі лагодны па характары. Спачатку жылі з Ірэнінымі бацькамі, а потым Кастусь сваю хату пабудаваў. Можна сказаць, адзін, толькі дах памагалі ладзіць вяскоўцы, якіх наняў за добрую плату. Маглі б, канешне, са старымі і далей жыць, бо ў іх нікога не было, акрамя Ірэны, але Кастусь не захацеў усё жыццё быць прымаком.

Можа, на той будоўлі і здароўе падарваў, бо не паспелі ўсяліцца ў новую хату, як у яго нешта пачало балець усярэдзіне. Балела і балела. Ніякія свае лекі не дапамагалі, і аднойчы напрадвесні Ірэнін бацька Міхась Зарыцкі павёз яго ў раённую бальніцу. Маладзіца засталася на гаспадарцы. Сваёй і бацькавай, бо маці ўжо да таго часу памерла. Ды і малога Уладзіка, які тады яшчэ не хадзіў у школу, не было на каго пакінуць.

У раённай бальніцы Кастусю зрабілі аперацыю. Спачатку нібыта пайшоў на папраўку. Але гэта было нядоўга: у самым пачатку восені яго пахавалі. І засталася Аўсяніха адна з малым сынам і са старым бацькам на руках. Бацька таксама марнеў на вачах. Прыйшлося ўзяць яго ў сваю хату. Перавяла і карову ў свой хлеў, свіней перагнала. Словам, яе і без таго немалая гаспадарка, лічы, падвоілася. Збы
ваць не хацела, бо сынок жа расце. Трэба будзе, як скончыць школу, вучыць яго далей, у жыцці ўладкоўваць. Каб усё не горш, як у людзей.

Яна штодзень надрывалася на калгаснай рабоце: палола дзялкі буракоў і кукурузы, сярпом жала збажыну. Зімой разам з іншымі вясковымі жанчынамі хадзіла на канюшню рэзаць коням сечку. Трэба было зарабляць на працадні, бо страшылі: таму, хто не вырабіць норму, і сена накасіць не дадуць, і соткі абрэжуць.

Тым летам, як Уладзік скончыў школу, памёр і стары бацька. Стрыечны Ірэнін брат, які прыехаў на пахаванне з Масквы, прапанаваў ёй:
—Калі хочаш, я забяру Уладзіка да сябе. Паступіць вучыцца, будзе мець добрую спецыяльнасць. Табе лягчэй.

Ёй ад такой прапановы аж дух заняло: у Маскву! Такая далечыня, такі вялікі горад... Як жа ён там будзе адзін? Меркавала і так, і гэтак. І вырашыла адпусціць. Перажыванні перажываннямі, а хлопцу і сапраўды трэба ўладкоўваць сваё жыццё. Не ў калгасе ж мучыцца за пустыя працадні. Хопіць таго, што яна свету белага не бачыць за непасільнай работай.

Сын і сапраўды паступіў вучыцца на горнага інжынера, хоць тых гор і ў вочы ніколі не бачыў. Так дзядзька параіў. Што гэта такая за прафесія — горны інжынер, Аўсяніха паняцця не мела. Ну, інжынер дык інжынер. Брат дрэннага не параіць.

Летам назапасіла сена толькі на адну карову, бо другую восенню наважылася збыць. І свінаматку з парасятамі збыла, пакінула толькі пару свіней. Усе грошы, што выручыла, паслала ў Маскву. Сыну. І потым яна кожны год прадавала аднаго кабана, падгадаванае цяля і таксама адсылала грошы Уладзіку.
Пісьмы ад яго прыходзілі рэдка, як рэдка свеціць зімовае сонца. Але маці на асаблівую ўвагу і не разлічвала: каб толькі быў жывы-здаровы ды ўсё ў яго было добра. А добра, відаць, было. Так добра, што забыў дарогу ў родныя мясціны. Толькі раз за ўсе гады і прыехаў. Як скончыў інстытут і атрымаў накіраванне на работу ажно ў Сібір, Аўсяніха ціхенька, каб ніхто не бачыў, паплакала, бо зразумела, што век дажываць ёй прыйдзецца адной.

Так яно і выйшла. Яна вырашыла, як сама казала, эканоміць здароўе і прадала другую карову, бо ўжо стала не пад сілу сенаваць, вазіць на падворак сена.

Пісем ад Уладзіка доўга не было, і яе душа змарнела, чакаючы. Бяссоннымі начамі ад думак гудзела галава: як ён там, у той далёкай Сібіры? Аднойчы, калі ўжо зусім не магла трываць, пайшла на пошту і пазваніла ў Маскву стрыечнаму брату, думала, можа, ён што ведае пра Уладзю. А той і сапраўды ведаў. Сказаў, што Уладзя ажаніўся з дачкой нейкага вялікага новасібірскага начальніка. Жыве ў тым горадзе. Працуе ў адной важнай установе, куды яго ўладкаваў цесць.

Аўсяніха была рада. Хоць сын пра яе і забыўся, і пра жаніцьбу ні слова не напісаў, не крыўдавала. Абы яму добра было.

Недзе праз год Уладзік прыслаў пісьмо і фотаздымак: ён з жонкай і маленькай дачкой сядзелі ля нейкага дрэва. Пісаў, што жыве добра, што ўсё ў яго складваецца проста цудоўна. Усё гэта, вядома, не магло не радаваць старую Аўясніху. Шкадавала толькі, што старасць і слабасць падкраліся непрыкметна, што не стае сіл не толькі даглядаць сякую-такую гаспадарку, але і вядро вады са студні ды палена з павеці не можа прынесці. Напісала пра гэта сыну. Ці то пісьмо не дайшло, ці яшчэ якая прычына, але Уладзік на яе скаргі не адказаў ніяк. І наогул не падаваў пра сябе вестак, усё роўна як перабраўся жыць на іншую планету.

Час ад часу звонячы ў Маскву брату, Аўсяніха ведала, што ў сына ўсё ў парадку. Ён жа ёй не цікавіўся зусім.

Міналі гады. Іхняя вёска Валовічы, як, прынамсі, і ўсе вёскі наўкола, імкліва вымірала. Да старых і нямоглых людзей — а іншых тут і не было — некалькі разоў на тыдзень прыходзіла маладая жанчына — сацыяльны работнік. Прыходзіла яна і да Аўсяніхі. Прыбірала ў хаце, гатавала ежу, прывозіла з раённага гарадка лекі.

І з аднаго, і з другога боку ад Аўсяніхі было па некалькі пустых хат. Выйдзе, і словам няма з кім перакінуцца. Асабліва жудасна зімой, калі ўсё занясе снегам. Іншы раз здаецца, што на ўсім белым свеце няма нікога і нічога, акрамя гэтых паваленых платоў, хат з прагніўшымі і аб’ехаўшымі долу стрэхамі і снегу. Былі толькі напалову здзічэлыя каты і сабакі, гаспадары якіх памерлі. Іх падкормлівалі ўсе, хто яшчэ застаўся ў вёсцы дажываць свой век. Падкормлівала і Аўсяніха. Яна спецыяльна прасіла ў сацыяльнага работніка купіць лішнюю буханку хлеба, каб не даць прапасці з голаду бяздомным катам і сабакам.

Аднойчы надвячоркам убачыла, што ля ганка круцяцца яе нахлебнікі: два сабакі і тры каты. У гэтай выміраючай, занесенай снегам вёсцы яны былі неразлучныя, не мелі варожасці. Аўсяніха ўзяла хлеба, міску з пазаўчарашнім супам, які зварыла сацыяльны работнік і якога яна не з’ела, і, цяплей апрануўшыся, выйшла на ганак. Дзьмуў моцны вецер, круціла мяцеліца. Яна хацела спусціцца з прыступак, але раптам паслізнулася і стрымгалоў паляцела долу. Нясцерпны боль працяў бядро, пранізаў галаву, якой яна, падаючы, моцна стукнулася аб сцяну. Упалі ў снег і хлеб, і міска са стравай. На ежу хутка накінуліся каты і сабакі. А добрая кабета, якая заўсёды карміла іх, ляжала без прытомнасці, і мяцеліца накрывала яе сваёй белай коўдрай...

Назаўтра апоўдні яе знайшла сацыяльны работнік. Проста пералазіла праз гурбу ля ганка і наступіла нагой на нешта цвёрдае. Гэта была Аўсяніха.

Калі яе пахавалі, да ганка яшчэ нейкі час прыходзілі галодныя каты і сабакі. Але, не знаходзячы пажывы, потым забылі сюды дарогу....

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/