СЯМЕЙНЫ ПАДРАД



Не бывае працы лёгкай ці непатрэбнай. I хоць мы часам глядзім паблажліва на людзей гэтай прафесіі або папросту праходзім міма, не зауважаючы іх, аднак сёння без дворнікаў жыццё ў горадзе ўявіць вельмі складана. I сёлетняе свята камунальных работнікаў дворнікі са стажам Людміла і Васіль Лявошкі сустракаюць у шэрагах лепшых работнікаўарганізацыі.

Сярод іншага, нагодай для сустрэчы і размовы стала калектыўная падзяка ад жыхароў дома №6 па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве. Па словах кіраўніцтва арганізацыі, яна не першая.

Дружныя, простыя, добразычлівыя, кранальныя, як два галубкі, Людміла Мікалаеўна і Васіль Іванавіч за гады працы запомніліся і палюбіліся жыхарам двароў па вуліцах Савецкай, Кастрычніцкай, Камсамольскай, Чапаева, Міцкевіча, Кірава, Азёрнай. Дзятлаўчане ўдзячныя ім за добрае выкананне сваёй працы, за адказнае стаўленне да справы, ужо даўно яны ўспрымаюць дворнікаў, як сваіх. Часам, калі хтосьці з іх сям'і мае выхадны дзень, а другі выходзіць на працу, людзі заўважаюць гэта, цікавяцца:
- А дзе ж твая палавінка?

Людміла і Васіль ужо трынаццаць гадоў разам. У жыллёва-камунальную гаспадарку раёна Людміла прыйшла працаваць восем гадоў таму, а праз год і мужа да сябе “перацягнула". Людзі з няпростым лёсам (кожны з іх мае групу інваліднасці) прывыклі спадзявацца толькі на свае сілы і падтрымку самага блізкага чалавека. I працаваць вельмі хацелі разам. У Дзятлаўскім РУП ЖКГ пайшлі насустрач сямейнай пары, аб'яднаўшы іх у адну працоўную брыгаду.

3 шасці гадзін раніцы, калі горад яшчэ толькі пачынае абуджацца ад сну, дворнікі ўжо шчыруюць на сваім участку: найперш ім трэба прыбраць смецце, пакінутае людзьмі з учарашняга дня, каб дзятлаўчане выходзілі на працу ў прыемную чыстую раніцу. Пасля 10-ай пачынаецца больш грунтоўная прыборка, якая часам зацягваецца далека за межы працоўнагадня.

— Не магу я незакончаную працу пакідаць на наступны дзень, - кажа Васіль Іванавіч.

Вопытныя дворнікі Людміла і Васіль Лявошкі прызнаюцца, што шчыра любяць сваю справу. Самае вялікае задавальненне ў ёй - чысціня ў дварах, прыемная і самім дворнікам, і жыхарам шматпавярховых дамоў.

- Вясной хочацца не толькі чысціні, - зазначае Людміла Мікалаеўна. - Хочацца прыгажосці, натхнення.

Свае ідэі жанчына ўвасабляе ў працы: разам з мужам стварае імправізаваныя клумбы, плануе нават зрабіць сваю “альпійскую горку". Развядзенне раслін і маленькіх хатніх гадаванцаў - галоўнае хобі Людмілы Мікалаеўны.

Каб штодзень з году ў год падтрымліваць парадак у горадзе, трэба яго шчыра любіць. Васіль Іванавіч згадвае, што была магчымасць перамяніць месца жыхарства, ды яны з жонкай не захацелі, вырашылі застацца ў родным Дзятлаве.

Дзень работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лявошкі сустрэнуць з заўсёдным добрым настроем, адсвяткуюць чаем і тортам.
- Алкаголю зусім не ўжываем, - усміхаецца Людміла Мікалаеўна. - Але весяліцца ўмеем.

Усім калегам па працы яны жадаюць пабольш верных сяброў, моцнага здароўя, працаваць з аддачай і атрымліваць задавальненне ад працы.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/