СВЯТАР КЛАПОЦІЦЦА ПРА АСУДЖАНЫХ



Святар Алексій Сцепановіч, настаяцель храма святых набожных князёў Барыса і Глеба вёскі Накрышкі, стараецца разнастаіць, зрабіць больш напоўненым штодзённае жыццё жыхароў папраўчай калоніі-пасялення №26, што непадалёку ад пасёлка Гезгалы.

Так, у красавіку ў месца адбывання пакарання тых, хто дапусціў парушэнне законаў, ён прывёз іконы прападобнага Алексія, чалавека Божага, і прападобнай Марыі Егіпецкай з частачкай святых мошчаў, якім маглі пакланіцца ўсе жадаючыя. Затым у Вялікдзень ён павіншаваў жыхароў калоніі са светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, надзяліў кожнага велікодным яйкам.

На пачатку мая іерэй Алексій запрасіў у калонію-пасяленне ансамбль “Цімпан”, які выступіў перад асуджанымі з дабрачынным канцэртам. Выканаўцы гэтага ансамбля вядомыя і любімыя не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах блізкага замежжа. Пяшчотныя дзіцячыя галасы, меладычная музыка, пранікнёныя тэксты песень стварылі ўтульнасць у памяшканні і непаўторную атмасферу. Ансамбль праводзілі бурнымі апладысментамі. Варта зазначыць, што калектывам кіруе кампазітар Уладзімір Казбанаў, а ансамбль – часты госць на тэлебачанні і радыё.

Напрыканцы мая для тых, хто знаходзіцца ў калоніі-пасяленні, айцец Алексій арганізаваў паломніцкую паездку ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. У гэты ж дзень паломнікі таксама пабылі ў манастыры ў гонар прападобных Засімы і Савація Салавецкіх у вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна. Паломнікі азнаёміліся з храмамі, памаліліся ля цудатворнага абраза Божай Маці “Жыровіцкая”, акунуліся ў святой крыніцы. У Вялікай Крактоцы ігумен Міхей, настаяцель манастыра, шчыра пагутарыў з паломнікамі, адказаў на іх пытанні.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/