СВЯТАР АЖЫЦЦЯЎЛЯЕ МАЛЕБНЫ ЗА ЦЯЖАРНЫХ



У храме пакутніка Іаана Воіна 28 лістапада прайшоў першы малебен аб цяжарных жанчынах. Яго здзейсніў святар храма іерэй Пётр Ткачэнка, кіраўнік Праваслаўнага Цэнтра ў абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў Навагрудскай епархіі ў гонар Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Кожны месяц такія малебны праходзяць у гінекалагічным аддзяленні Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Але паколькі доступ на іх абмежаваны, з благаславення архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя, кіраўніка Навагрудскай епархіі, прынята рашэнне праводзіць такія богаслужэнні і ў прыходскім храме. Разам з цяжарнымі жанчынамі на малебен запрашаюцца і будучыя таты.

-- Малітвы, якія здзяйсняюцца сумесна жонкай і мужам, валодаюць асаблівай сілай. Хваляванне, уласцівае цяжарным, утаймоўваецца, калі мужчына неабыякавы да таго, што перажывае ў гэты перыяд жанчына. Але шчасліва нарадзіць можа дапамагчы толькі Бог, якому і ўзносяцца малітвы, -- гаворыць святар храма.

Храм пакутніка Іаана Воіна -- адзіны ў горадзе, дзе здзяйсняюцца такія малебны. Звязана гэта, найперш, з тым, што айцец Пётр штодня праводзіць гутаркі з жанчынамі, якія прыходзяць рабіць аборты.

На першы малебен прыйшла толькі адна маладая пара. Імі сталі маладыя людзі з Мінскай духоўнай семінарыі. Але святар спадзяецца, што хутка сітуацыя зменіцца, і тыя, хто чакае дзіця, будуць прысутнічаць на такіх малебнах.

Цікава таксама, што толькі ў гэтым храме кожную другую сераду месяца здзяйсняюцца пакаянныя малебны аб тых, хто ўчыніў грэх аборту.
Плануецца, што малебны аб цяжарных жанчынах будуць здзяйсняцца ў другі чацвер месяца.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/